Напэўна, кожны з нас хоць раз у жыцці сустракаў ляльку-матанку, а нехта нават спрабаваў зрабіць яе сваімі рукамі. Але далёка не ўсе здагадваюцца, наколькі глыбокі сэнс і багатую гісторыю захоўваюць гэтыя, на першы погляд, простыя вырабы. Яшчэ тысячы гадоў таму нашы продкі стваралі лялек для гульняў, абрадаў і ў якасці абярэгаў. Сёння вядома некалькі дзясяткаў іх разнавіднасцяў, і працэс стварэння кожнай з іх далёка не такі просты, як можа здацца. У новым выпуску праекта «Рамёствы: зроблена з любоўю» знаёмімся з майстрам народных рамёстваў Цэнтра традыцыйнай культуры ДУК «Раённы цэнтр народнай творчасці» Таісіяй Дзямідчык і даведаемся, навошта ствараюць лялек-матанак, як яны дапамагаюць чалавеку ў няпростых жыццёвых сітуацыях і чаму ў сучасным свеце людзі зноў звяртаюцца да гэтага старажытнага рамяства.
У творчасць Таісія Дзямідчык прыйшла яшчэ ў дзяцінстве. У першым класе на канікулах яна навучылася вязаць кручком, і тады рукадзелле настолькі захапіла дзяўчынку, што з таго часу трывала ўвайшло ў яе жыццё. Пасля заканчэння школы Таісія паступіла ў вучылішча і атрымала спецыяльнасць швачкі. Шыць ёй падабалася, але асабліва захапляла іншае: магчымасць зрабіць звычайную рэч незвычайнай, упрыгожыць яе, дадаць нешта сваё.
– Пасля заканчэння вучылішча працавала ў атэлье. А калі пайшла ў дэкрэтны адпачынак, вырашыла не адкладаць творчасць і працягнула вучыцца. Асвоіла машынную вышыўку, фрывалітэ, паступова папаўняла сваю творчую скарбонку новымі тэхнікамі. І вось у 2017 годзе пазнаёмілася з Цэнтрам традыцыйнай культуры. Спачатку супрацоўнічала з установай, удзельнічала ў мерапрыемствах, а з часам сама стала часткай калектыву. Ужо чатыры гады працую тут майстрам народных рамёстваў. За гэты час я асвоіла новыя напрамкі, працягнула развіваць уласныя навыкі і цяпер ужо сама перадаю назапашаны вопыт іншым, – дзеліцца Таісія Раманаўна.
Так захапленне, якое калісьці пачалося з простага вязальнага кручка ў руках першакласніцы, паступова стала справай жыцця і прафесіяй.
Жаночая гісторыя
Нашы продкі стваралі лялек з рознымі мэтамі. Існавалі гульнёвыя, абрадавыя і абярэгавыя лялькі. Спачатку для іх вырабу выкарыстоўвалі дрэва, гліну, травы, а пазней, са з’яўленнем тэкстылю, і тканіну. У традыцыйнай культуры лялька-матанка была не проста цацкай, а часткай паўсядзённага жыцця і сямейных звычаяў.
– У маім сённяшнім успрыманні лялькі-матанкі былі своеасаблівымі хатнімі псіхолагамі для жанчын. Большасць лялек уяўлялі сабой жаночы вобраз, ды і сама лялька «працавала» перш за ўсё ў межах жылля, а дом, гаспадарка, дзеці і сям’я традыцыйна былі жаночай сферай. Мужчынскіх лялек было значна менш: «Спірыдон-сонцаварот», «Конь-агонь», «Крыжэц», «Зосіма Пчэльнік», «Кузьма і Дзям’ян». Але на гэтым, па сутнасці, спіс мужчынскіх лялек заканчваецца, – распавядае майстар.
З матанкай дзяўчынкі знаёміліся яшчэ ў раннім дзяцінстве, прыкладна з чатырох гадоў. Праз гульню яны паступова пазнавалі сямейны ўклад, вучыліся клапаціцца пра іншых, прымяралі на сябе будучую ролю маці і гаспадыні. Першых лялек звычайна дапамагалі рабіць мамы, бабулі і старэйшыя сёстры, а ўжо ў чатыры-пяць гадоў дзяўчынка магла самастойна змайстраваць простую мотанку.
– Лялек дзяўчынкі пачыналі матаць зусім маленькімі. Па тым, як дзяўчына матала лялек, вызначалі, якая з яе будзе гаспадыня, якая маці. Калі ў дзяўчыны былі дрэнныя лялькі, яе маглі не браць на дарослыя вячоркі, і яе рэйтынг як нявесты падаў. Здавалася б, што там? Проста пучок шматкоў, змотаных ніткамі. А насамрэч па гэтай працы судзілі пра чалавека, – адзначае Таісія Раманаўна.
Матанкі выраблялі пераважна са старой тканіны. Яе не рэзалі, а рвалі, таму лялек называлі таксама «рванкамі». Само слова «матанка» гаворыць пра спосаб вырабу: нічога не сшывалася, тканіну толькі намотвалі і звязвалі паміж сабой. Яшчэ адна асаблівасць лялек – у іх на твары не было ні вачэй, ні рота, ні носа. Гэта рабілася для таго, каб у ляльку не ўсяліліся цёмныя сілы.
Запаведзі матанкі
Да матанкі ставіліся не як да звычайнай цацкі, а як да асаблівага прадмета, таму нават пасля вырабу ў лялькі было сваё месца ў доме. Яе не кідалі дзе заўгодна, не пакідалі на вуліцы, а некаторыя матанкі захоўвалі ў куфрах і не паказвалі староннім. Такое сур’ёзнае стаўленне тлумачыць і вялікую колькасць правілаў, якіх прытрымліваліся пры стварэнні лялькі.
Большасць матанак рабілі жанчыны. Падчас працы не выкарыстоўвалі іголку і нажніцы: тканіну рвалі, а затым намотвалі і звязвалі ніткамі. Важным лічылася і самаадчуванне майстрыхі: да вырабу лялькі не прыступалі ў дрэнным настроі або пры недамаганні. Улічвалі таксама фазу месяца. Для працы выкарыстоўвалі белыя або чырвоныя ніткі, намотвалі іх па гадзіннікавай стрэлцы, а колькасць віткоў і вузельчыкаў залежала ад прызначэння канкрэтнай лялькі.
Не менш дакладна вызначалася і прызначэнне матанкі. Адны лялькі былі звязаныя з сезоннымі работамі, другія суправаджалі чалавека ў важныя моманты жыцця: нараджэнне дзіцяці, замужжа, стварэнне сям’і. Таму мотанку рабілі не толькі ў адпаведнасці з традыцыяй, але і пад канкрэтную жыццёвую сітуацыю. Былі матанкі на ўдалае замужжа, на сувязь маці і дзіцяці, практычна для кожнай важнай падзеі або патрэбы існавала свая лялька.
На асабістым прыкладзе
Таісія Раманаўна не лічыць сябе знахаркай і не прыпісвае матанкам здольнасць літаральна мяняць лёс чалавека. Аднак адзін выпадак з малодшым сынам прымусіў яе задумацца пра тое, як традыцыйны сімвал можа паўплываць на ўспрыманне жыццёвых абставінаў.
У той перыяд у маладога чалавека не складвалася ні з працай, ні з асабістым жыццём. Таісія вырашыла зрабіць для яго «Спірыдона-сонцаварота». Лічыцца, што яна дапамагае мужчыне выйсці са звыклага стану, таму перамены могуць пачацца менавіта з разбурэння звыклых абставінаў.
Сын паставіўся да падарунка скептычна, але, калі маці прапанавала вынесці ляльку на кірмаш і прадаць, забраў яе сабе. Неўзабаве яго жыццё сапраўды рэзка змянілася: праца была адкладзена з-за службы ў арміі, а адносіны з дзяўчынай завяршыліся. Пры гэтым ні адна з гэтых перамен не стала для яго трагедыяй.
Для маці гэтая гісторыя не стала доказам магічнай сілы матанкі. Хутчэй, яна паказвае, чаму падобныя лялькі стагоддзямі ўспрымаліся як памочнікі ў важных жыццёвых сітуацыях: чалавеку прапаноўвалі сімвал перамен, а далей жыццё само расстаўляла ўсё па сваіх месцах.
Не магія, а праца з сабой
Стварэнне лялькі-матанкі – не магія і не чараўніцтва. Як ужо гаварылася, ляльку стваралі не проста так, а з пэўнай мэтай: на ўдалае замужжа, сямейны дабрабыт, абарону дзіцяці або пошук уласнага шляху.
Сам працэс пачынаўся задоўга да таго, як лялька была гатова. Жанчына фармулявала свой запыт, уяўляла жаданы вынік і паступова засяроджвалася на тым, што хацела змяніць. Пакуль рукі былі занятыя звыклымі паслядоўнымі дзеяннямі, думкі станавіліся больш упарадкаванымі, а праблема, якая раней магла здавацца вялікай і невырашальнай, атрымлівала канкрэтны напрамак. А гатовая лялька становіцца матэрыяльным напамінам пра тое, чаго чалавек хоча дасягнуць.
– Калі глядзець на гэта сучаснымі вачыма, то многія такія практыкі можна ўспрымаць як працу з псіхалагічнымі праблемамі. Жанчына ўсведамляе, што ў яе ёсць нейкая праблема, а ўсвядоміць яе – гэта напалову вырашыць. Пакуль яна робіць ляльку, унутры нешта змяняецца, думкі перабудоўваюцца. І потым яна сама кажа: «Ой, як жа гэта працуе», – з усмешкай адзначае майстар.
Дакрануцца да гісторыі
Сёння ў Цэнтры традыцыйнай культуры асобны стэлаж займаюць дзясяткі лялек, большасць з якіх створана яе рукамі. Разглядаючы іх, можна надоўга затрымацца каля кожнай: яны адрозніваюцца знешнім выглядам, прызначэннем і гісторыяй, якую нясуць.
Менавіта ў гэтым, бадай, і заключаецца каштоўнасць матанкі. Нашы продкі звярталіся да яе ў надзеі на абарону, дапамогу і выкананне жаданняў, але сама лялька не валодала чароўнай сілай. Значэнне ёй надаваў чалавек – сваімі думкамі, верай, надзеямі і дзеяннямі. Матанкі былі вернымі спадарожнікамі нашых продкаў, а іх «сіла» не губляе актуальнасці і сёння.
Калі раней вы ўспрымалі мотанку толькі як абярэг, магчыма, цяпер вам захочацца стварыць сваю, асаблівую ляльку. У Цэнтры традыцыйнай культуры дапамогуць не толькі асвоіць тэхніку яе вырабу, але і раскажуць, якое значэнне мела кожная з іх.
– Калі пагружаешся ў свет лялек, гэта сапраўды становіцца асобнай магіяй, казкай. Напэўна, немагчыма зусім не верыць, калі разумееш, што жанчыны займаліся гэтым тысячагоддзямі. А нашы майстар-класы карыстаюцца вялікай папулярнасцю, і самае прыемнае, што людзі вяртаюцца, – адзначае суразмоўца. – Ты паказваеш чалавеку не проста спосаб скруціць некалькі кавалачкаў тканіны і нітку, а перадаеш цэлы пласт культуры, дзе ў кожнай лялькі было сваё прызначэнне, сваё месца ў доме і свой сэнс. І калі чалавек пачынае гэта разумець, звычайны пучок тканіны перастае быць проста пучком тканіны. За ім з’яўляюцца гісторыя, памяць і стаўленне людзей, якія жылі да нас.
Дар’я ДОРАШАВА, фота аўтара












