Як у Барысаве адраджаюць традыцыйныя беларускія тэхнікі маляванкі і набіванкі
Я

9
АдзiнстваОбществоЯк у Барысаве адраджаюць традыцыйныя беларускія тэхнікі маляванкі і набіванкі
20,307ЧитателиЧитать
55,100ЧитателиЧитать
946ПодписчикиПодписаться
Популярное

Беларуская культура і народныя традыцыі хаваюць у сабе мноства цікавага: за звыклымі музейнымі прадметамі таіцца гісторыя жыцця нашых продкаў. Мы часта бачым разнастайныя рэчы на ​​экспазіцыях, але не заўсёды задумваемся, якім чынам яны ствараліся і якую ролю адыгрывалі ў штодзёным жыцці. У новым праекце рэдакцыі «Рамёствы: зроблена з любоўю» мы расказваем пра народныя рамёствы і людзей, якія захоўваюць іх сёння, прасоўваючы жывую культуру праз свае вырабы і працу. Першы матэрыял праекта прысвечаны майстру народных мастацкіх рамёстваў Надзеі Шэляпень і традыцыйным тэхнікам маляванкі і набіванкі, якія працягваюць існаваць у сучасным свеце.

Дызайнер народных рамёстваў

Шлях майстра народных мастацкіх рамёстваў Цэнтра традыцыйнай культуры Надзеі Шэляпень у прафесію незвычайны. Па адукацыі дзяўчына з’яўляецца графічным дызайнерам, аднак лёс прывёў яе ў зусім іншы, але не менш творчы свет народнага мастацтва. Пасля заканчэння вучобы Надзея ў Барысаве шукала месца для наступнага размеркавання. Дапушчальны варыянт дапамагла знайсці маці, якая прапанавала звярнуць увагу на Цэнтр традыцыйнай культуры.

– Мне прапанавалі некалькі кірункаў, з якімі можна было пазнаёміцца ​​бліжэй. У выніку спынілася на набіванцы і маляванцы. Мне заўсёды быў бліжэй менавіта мастацкі ўхіл. Таму гэтыя тэхнікі аказаліся найбольш зразумелымі і блізкімі. Недзе спатрэбіліся навыкі, набытыя падчас навучання на дызайнера, а дзесьці вельмі дапамаглі веды, якія атрымала яшчэ ў школе на ўроках працоўнага навучання, – расказвае майстар.

Нягледзячы на ​​тое што першапачаткова дзяўчына звязвала сваю будучыню з графічным дызайнам, аб абраным шляху не шкадуе. Больш за тое, праца ў Цэнтры традыцыйнай культуры адкрыла для яе зусім новы погляд на народную творчасць.

Недаацэненае мастацтва

Маляванка – гэта мастацтва роспісу тканіны, якое было шырока распаўсюджана ў беларускіх вёсках. Яшчэ да з’яўлення звыклых насценных дываноў людзі ўпрыгожвалі свае хаты размаляванымі палотнамі.

– Тканіну распісвалі ўручную алейнымі фарбамі. На ёй адлюстроўвалі фантастычныя сюжэты, кветкі, казачных птушак, стваралі розныя дэкаратыўныя кампазіцыі. Такія вырабы ўпрыгожвалі хаты, а таксама служылі каштоўным падарункам на вяселле ці наваселле, – адзначае майстар. – Майстры часта выкарыстоўвалі прыродныя пігменты: алейныя фарбы ўласнага прыгатавання, а таксама натуральныя фарбавальнікі – сок вішні, пылок дзьмухаўца і іншыя раслінныя кампаненты. Асновай служылі даматканыя палотны ці мешкавіна чорнага або цёмна-карычневага колеру.

Роспісам часта займаліся спецыяльныя майстры, якія ездзілі па вёсках і выконвалі заказы мясцовых жыхароў. На стварэнне палатна патрабавалася шмат часу, таму і каштавалі такія вырабы дорага. Але з цягам часу многія людзі асвоілі гэтае рамяство самастойна, і маляванка стала больш даступнай.

Ад аўтара. Раней каштоўнасць маляванкі была па-сапраўднаму высокай і цалкам апраўданай: далёка не кожны чалавек мог па-майстэрску распісаць тканіну і стварыць складаную, прадуманую кампазіцыю ўручную. Сёння, са з’яўленнем масавай вытворчасці і вялізнага выбару гатовых тавараў, арыентавацца ў гэтай разнастайнасці становіцца ўсё больш складана. Аднак, абапіраючыся на асабістыя назіранні, адзначу: цікавасць да вырабаў ручной працы, унікальных прадметаў, створаных у адзіным экзэмпляры, паступова расце. Гэта асаблівае адчуванне – мець дома рэч, у якую ўкладзена душа майстра і якая створана не серыйна, а менавіта для цябе. Такія вырабы становяцца не проста сродкам аздаблення інтэр’еру, а сапраўднай каштоўнасцю. І, мажліва, менавіта гэта сёння дае добры імпульс для вяртання запатрабаванасці народных рамёстваў як сярод жыхароў краіны, так і сярод турыстаў.

Адбіткі культуры

Яшчэ адна старадаўняя тэхніка ўпрыгожвання тканіны – набіванка. У адрозненне ад маляванкі, дзе малюнак ствараўся пэндзлем, тут выкарыстоўваліся спецыяльныя драўляныя пячаткі з выразанымі арнаментамі. Фарба наносілася на пячатку, а потым узор пераносіўся на тканіну. Умела падабраныя ўзоры спляталіся ў адзіную кампазіцыю, якая ўпрыгожвала адзенне, дамашні тэкстыль.

Па словах Надзеі, праца майстра-набойшчыка патрабавала выключнай дакладнасці і цярпення. Калі ў роспісе памылку яшчэ можна было выправіць, то ў набіванцы такой магчымасці практычна не існавала.

– Узор павінен быў ідэальна супадаць ад адбітка да адбітка. Найменшае зрушэнне магло сапсаваць усю працу. А калі ўлічваць, што тканіна ў той час таксама выраблялася ўручную, цана памылкі была вельмі высокай, – тлумачыць суразмоўніца.

Для беларускай традыцыі былі характэрны перш за ўсё раслінныя матывы: кветкі, лісце, галіны і арнаментальныя кампазіцыі. Выявы жывёл сустракаліся значна радзей.

Сінтэз традыцый і сучаснасці

Народныя мастацкія рамёствы ў выкананні Надзеі Шэляпень – гэта спалучэнне беражлівых адносін да спадчыны і аўтарскага погляду. У сваёй працы майстар нярэдка дапускае і элементы аўтарскага прачытання. Аднак асновай заўсёды застаюцца традыцыйныя каноны, бо задача Цэнтра традыцыйнай культуры – перш за ўсё захаванне і папулярызацыя спадчыны.

– Часта мы прытрымліваемся традыцый, але часам я магу дазволіць сабе нешта дадаць ад сябе. Вось, напрыклад, у мяне ёсць працы па матывах маляванкі, дзе прысутнічаюць аб’ёмныя элементы, – тлумачыць яна. – Гэта сакрэт майстра, – з усмешкай адзначае Надзея, паказваючы адну з работ. – Вось гэты конь, напрыклад. У яго ёсць асаблівасць: калі пакруціць выраб, ствараецца адчуванне, што ён «глядзіць» за табой. Людзі на выставах часта гэта заўважаюць і дзівяцца.

Попыт ёсць!

На гарадскіх святах і кірмашах майстры Цэнтра традыцыйнай культуры нярэдка прадстаўляюць свае вырабы і наведвальнікі могуць іх набыць. Па словах Надзеі, часцей за ўсё такія пляцоўкі выклікаюць цікавасць у замежных гасцей, якія імкнуцца ўзяць з сабой часцінку беларускай культуры.

– Яны з вялікай цікавасцю разглядаюць вырабы, пытаюцца, хочуць набыць нешта з сабой на памяць аб нашай краіне, – адзначае яна. – Пры гэтым попыт на вырабы шмат у чым залежыць не толькі ад іх выгляду, але і ад таго, як майстар здзяйсняе сваю задумку. У нас вельмі добра разыходзяцца лялькі-матанкі. Жанчына, якая іх робіць, літаральна жыве гэтым рамяством – ведае мноства легенд, гісторый, расказвае, як і калі правільна іх ствараць.

Асобна майстар адзначае, што ў апошнія гады цікавасць да вырабаў ручной працы прыкметна вырасла. Людзі ўсё часцей спыняюцца каля палатак майстроў, разглядаюць работы, натхняюцца і нават самі пачынаюць спрабаваць сябе ў творчасці.

Праз асабісты досвед

Гаворачы аб захаванні традыцыйных рамёстваў, Надзея Шэляпень падкрэслівае важнасць іх папулярызацыі праз удзел у культурных мерапрыемствах і актыўную работу з аўдыторыяй. Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць майстар-класы, якія праводзяцца Цэнтрам традыцыйнай культуры. Кожны можа наведаць майстроў і паспрабаваць сваімі рукамі стварыць сувенір ці абярэг у тэхніцы нашых продкаў. Майстар-класы, паводле слоў Надзеі, часта становяцца пачаткам больш глыбокай цікавасці да традыцыйнай культуры. Многія ўдзельнікі часта здзіўляюцца, калі даведваюцца пра глыбіню і разнастайнасць беларускіх рамёстваў, і вяртаюцца да майстроў зноў.

Сёння маляванка і набіванка працягваюць жыць дзякуючы майстрам народнай творчасці. Яны захоўваюць старажытныя тэхнікі, перадаюць веды новым пакаленням і нагадваюць пра багацце беларускай культурнай традыцыі, якая складалася на працягу некалькіх стагоддзяў.

@borisovnews

Мастер-класс по росписи в технике «набіванка» провела мастер народных художественных ремесел Центра традиционной культуры Надежда Шелепень. #новостиборисова #ремесла #беларусь🇧🇾 #зробленазлюбоўю #традиции

♬ оригинальный звук — BORISOVnews

Дар’я ДОРАШАВА, фота аўтара

АдзiнстваОбществоЯк у Барысаве адраджаюць традыцыйныя беларускія тэхнікі маляванкі і набіванкі
Подписаться на наши социальные сети

 

Реклама в газете, на сайте и соцсетях