Як і хто ўпрыгожвае прышкольную тэрыторыю адной з устаноў адукацыі Барысава
Я

8
АдзiнстваБлагоустройствоЯк і хто ўпрыгожвае прышкольную тэрыторыю адной з устаноў адукацыі Барысава
20,307ЧитателиЧитать
55,100ЧитателиЧитать
946ПодписчикиПодписаться
Популярное

Першага кастрычніка завяршыўся традыцыйны рэдакцыйны конкурс аматараў ландшафтнага дызайну «Мой утульны свет». Аднак, перш чым падвесці яго вынікі, знаёмім з апошняй канкурсанткай, якая ў канцы верасня даслала фотаздымкі з апісаннем зробленага. Таццяна Грыгарчук рэалізуе свае ідэі на тэрыторыі беларускамоўнай гімназіі №2.

Звычайна ў нашым конкурсе прымаюць удзел гаспадары прысядзібных участкаў ці дач альбо жыхары шматкватэрных дамоў, якія ля ўваходаў у пад’езды разбіваюць кветнікі. Таццяна Грыгарчук для сваіх задумак абрала двор гімназіі №2, дзе працуе ўжо пяты год прыбіральшчыцай памяшканняў.

— Раней за кветкамі тут даглядала настаўніца біялогіі. Я ж па адукацыі аграном, таму дырэктар прапанаваў мне заняцца імі, — расказала жанчына. — У мінулым годзе пачала фарміраваць свае клумбы. Па маёй задумцы з’явілася фотазона «Я люблю гімназію»: муж дапамог зрабіць цыркуль, астатняе — справа маіх рук. Побач высадзіла ружовую гартэнзію гатунку «ваніла фрайз».  

На тэрыторыі гімназіі ёсць малая архітэктурная форма ў выглядзе ветранога млына. Яе перастаўлялі з аднаго месца на другое. Таццяна ж вырашыла зрабіць кампазіцыю з сухім ручаём.

— Сёлета гімназія №2 адзначае свой 35-гадовы юбілей. Дата знамянальная, таму хацелася да яе ўпрыгожыць тэрыторыю нашай установы адукацыі. За невялікі перыяд (з вясны да восені) быў створаны сухі ручай з ноткамі роднага краю — млынам і бусламі, высаджаны шматгадовыя кветкі, — удакладніла Таццяна Грыгарчук. — На месцы будучага ручая зняла верхні слой глебы, заслала рэчышча тканінай і засыпала камянямі, з аднаго боку паклала бочку, з другога — паставіла ветраны млын, уздоўж высадзіла расліны. Дзецям там вельмі падабаецца гуляць.

Асабліва ж ганарыцца канкурсантка сваімі кветкамі: хостамі, петуніямі, хрызантэмамі і гартэнзіямі. Апошнія куплялі ў гадавальніку. Яго спецыяліст, якая таксама займаецца ландшафтным дызайнам, абследавала тэрыторыю гімназіі і дала рэкамендацыі, дзе і якія лепш высадзіць шматгадовыя расліны.

— Разам з кіраўніцтвам гімназіі мы вырашылі перавагу аддаць менавіта шматгадовым кветкам і хвойнікам, — патлумачыла канкурсантка. — Былі высаджаны шматгадовыя хрызантэмы, якія цяпер актыўна развіваюць свае бутоны і якраз да свята будуць радаваць наведвальнікаў гімназіі. Але самае галоўнае ўпрыгажэнне нашай тэрыторыі — гартэнзіі. У гэтым годзе я вырашыла зрабіць акцэнт менавіта на іх. Яны вельмі добра ўпісаліся ў цэнтральную клумбу. У планах на наступны год – распаўсюдзіць гэтыя прыгожыя расліны па ўсёй тэрыторыі гімназіі.

А яшчэ радуюць вока яркія сланечнікі гатунку «плюшавы мішка». Іх Таццяна высажвае ля гімназіі не першы год.

— Мне яны вельмі падабаюцца. Расліны не такія высокія, як звычайны сланечнік, — заўважыла барысаўчанка. — Яны, як маленькія сонейкі, агортваюць цеплынёй і настройваюць на вясёлы лад.

Акрамя кветак, на тэрыторыі гімназіі шмат хвойнікаў розных відаў і форм. За імі Таццяна Грыгарчук таксама даглядае: не толькі палівае і падкармлівае, але і самастойна асвоіла мастацтва фігурнай стрыжкі дрэў і кустоў.

— У свой час я працавала аграномам у філіяле «Вялікія Навасёлкі», потым у зелянгасе УП «Жыллё», — паведаміла жанчына. — Атрыманы там вопыт дапамагае мне цяпер ва ўпрыгожванні тэрыторыі нашай установы адукацыі. А планаў, як зрабіць яе яшчэ больш прывабнай, у мяне нямала.

Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота гераіні публікацыі 

АдзiнстваБлагоустройствоЯк і хто ўпрыгожвае прышкольную тэрыторыю адной з устаноў адукацыі Барысава
Подписаться на наши социальные сети

 

Реклама в газете, на сайте и соцсетях