Нам даволі часта даводзіцца чуць, што пажар — гэта няшчасны выпадак, ад якога ніхто не застрахаваны. Але гэта не так. У большасці выпадкаў пажар з’яўляецца вынікам неасцярожнасці і невыканання грамадзянамі правілаў пажарнай бяспекі. Асноўнымі прычынамі загарання ў паўсядзённым жыцці з’яўляюцца, перш за ўсё, неасцярожнае абыходжанне з агнём (у тым ліку курэнне), няспраўнасць электрычнага абсталявання, парушэнне правілаў пажарнай бяспекі падчас распальвання печаў і выкарыстання бытавых электрычных абагравальнікаў.

Для таго, каб прадухіліць пажары і смерць людзей на іх, у Барысаўскім раёне праходзіць спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства “Дом без пажару”.
Работнікі Барысаўскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях разам з зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыкі арганізавалі прафілактычную работу ў жылым сектары на тэрыторыі Прыгараднага сельсавета і тэрыторыі ЖЭУ-1. У мерапрыемстве прынялі ўдзел і журналісты раённай газеты.

Ратавальнікі і прадстаўнікі зацікаўленых служб падчас прафілактычнага мерапрыемства звяртаюць асаблівую ўвагу на адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей, інвалідаў, шматдзетныя сем’і, а таксама сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечнай сітуацыі.
Удзельнікі рэйда зноў і зноў звяртаюць увагу жыхароў на важнасць наяўнасці і выкарыстанняў жылых памяшканнях аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, стан печаў. Яны не толькі нагадваюць вяскоўцам правілы пажарнай бяспекі, але таксама і раздаюць наглядныя прафілактычныя матэрыялы, памяткі з тлумачэннем асноўных прычын небяспечных пажарных сітуацый у жылых памяшканнях і рэкамендацыямі па правілах паводзін пры пажары.

— Выконвайце правілы пажарнай бяспекі ў паўсядзённым жыцці і на працоўным месцы, не дазваляйце блізкім і знаёмым, супрацоўнікам курыць у неўстаноўленых месцах, у тым ліку ў ложку. Памятайце, што электрычнае абсталяванне таксама патрабуе ўважлівага стаўлення: адключайце электрычныя прыборы на ноч і перад выхадам з дому, не перагружайце электрасетку. Усталюйце ў жылых памяшканнях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія папярэдзяць вас гукавым сігналам на ранняй стадыі пажару. Беражыце сябе і сваіх блізкіх! — адзначаюць ратавальнікі, наведваючы грамадзян.

У рамках прафілактычнага мерапрыемства работнікі МНС актыўна праводзяць сельскія сходы, накіраваныя на інфармаванне грамадзян пра патэнцыйную небяспеку і асновы бяспечнага жыцця. На іх яны даюць карысныя парады і рэкамендацыі, якія могуць дапамагчы людзям пазбегнуць небяспечных сітуацый.
На гэты раз сустрэча з насельніцтвам адбылася ў аграгарадку Стара-Барысаў. Прадстаўнікі службы 112 распавядалі пра рызыкі, звязаныя з пажарамі і надзвычайнымі сітуацыямі, якія могуць адбыцца ў халодную пару года.

У ходзе гутарак грамадзянам нагадваюць аб асноўных прычынах узнікнення пажараў, даводзяць лічбы статыстыкі па аператыўнай абстаноўцы ў раёне і горадзе, расказваюць аб апошніх пажарах на Барысаўшчыне, тлумачаць, на што трэба звярнуць увагу для прывядзення свайго жылля ў бяспечны стан і якія меры засцярогі неабходна выконваць, каб не патрапіць у лічбы сумнай статыстыкі. Жыхарам нагадваюць правілы паводзін пры пажары, як правільна выклікаць ратавальнікаў у выпадку ўзнікнення пажару і нумары тэлефонаў экстранных службаў горада.

Адной з галоўных тэм на сходзе вяскоўцаў стала пытанне аб тым, што недапушчальна пакідаць дома непаўналетніх без нагляду дарослых.

— Дзеці па прыродзе дапытлівыя і схільныя да эксперыментаў, — патлумачылі работнікі Барысаўскага ГРАНС. — Іх жаданне даследаваць навакольны свет можа прывесці да небяспечных сітуацый. Напрыклад, гэта гульні з агнём, з запалкамі, што можа прывесці да пажару. Трэба памятаць, што дзеці не разумеюць усіх рызыкаў, звязаных з такімі дзеяннямі. Вы павінны тлумачыць ім загадзя, як паводзіць сябе ў выпадку небяспечнай сітуацыі.
Усім удзельнікам прафілактычнага мерапрыемства было рэкамендавана ўсталяваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў доме і быць асцярожнымі і ўважлівымі ў паўсядзённым жыцці.
У канцы мерапрыемства ратавальнікі раздалі ўдзельнікам сходу памяткі з правіламі пажарнай бяспекі.

У гэты ж дзень ратавальнікі сустрэліся і з вучнямі Старарабарысаўскай школы: разам з імі правялі гульню на веданне правіл бяспекі, абмеркавалі розныя небяспечныя сітуацыі, а таксама знайшлі алгарытмы дзеяння ў выпадку іх з’яўлення, паўтарылі нумары тэлефонаў службаў рэагавання на надзвычайныя сітуацыі і інш.
Дзяўчаты і хлопцы актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіях, задавалі пытанні і выконвалі практычныя заданні, якія зрабілі заняткі асабліва цікавымі і інфарматыўнымі.
У канцы ўрока бяспекі дзеці паабяцалі, што будуць дзяліцца сваімі ведамі з сябрамі і карысныя падарункі ратавальнікаў стануць надзейнымі парадамі ў выпадку непрадбачаных сітуацый.
Служба інфармацыі “А”, фото Барысаўскага ГРАНС і Вольгі ЦЫБУЛЬКІ
.