Кожны дзень перад святой Імшой у касцёле “Спасланне Духа Святога” ў Барысаве гучаць словы “…мёду пласт Самсона…”. Гэтая малітва праслаўляе таямніцу Беззаганнага Зачацця Багародзіцы.
Найсвяцейшая Панна Марыя – узор сціпласці і святасці, дапамогі і адданасці, Яна “найпрыгажэйшая з жанчын”, як адзначыў у сваім віншаванні беларусак з нагоды «свята вясны і прыгажосці» Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі. І пажадаў, каб кожнае слова сучаснай жанчыны было кропляй мёду для ўсіх, хто побач.
Прыгожыя словы сёння сталіся рэальнасцю, ажыццявіліся: пробашч парафіі “Спасланне Духа Святога” ў Барысаве ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк кожнай жанчыне, дзяўчынцы, якія прыйшлі на святую Імшу 8 сакавіка, падарыў … слоічак мёду! Духмянага, сакавітага, смачнага!
Пробашч адзначыў, што ўсё дзяўчаты, якіх ён сёння бачыць, вельмі прыгожыя. Бо, на ўзор Святой Марыі, імкнуцца мець сэрцы, падобныя Святой Маці. Сэрцы, якія лёгка параніць, але якія зноў і зноў прабачаюць, бо любяць усіх, хто побач з імі.
Ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк пажадаў, каб Багародзіца напоўніла радасцю кожны дзень жанчыны, якая служыць Богу і людзям. А атрыманы мядок, каб ўмацаваў у шматлікіх штодзённых справах!
Служба інфармацыі «А»







