-19.5 C
Борисов
Пятница, 30 января 2026

Як прайшлі «Беларускія вячоркі» ў Барысаўскім дзяржаўным будаўнічым каледжы
Я

АдзiнстваОбществоЯк прайшлі «Беларускія вячоркі» ў Барысаўскім дзяржаўным будаўнічым каледжы

ПОПУЛЯРНОЕ

З даўніх часоў беларускі народ славіўся сваёй працавітасцю, жыццярадаснасцю і прыязнасцю. Асенне-зімовымі вечарамі нашы продкі збіраліся ў сялянскай хаце на вячоркі, дзе не толькі займаліся справамі, але і весяліліся ад усёй душы. Маладыя дзяўчаты ў кампаніі юнакоў пралі, вышывалі, падчас працы жартавалі, распавядалі цікавыя гісторыі, казкі, паданні, загадвалі загадкі, спявалі песні і танцавалі. Сёння ў Барысаўскім дзяржаўным будаўнічым каледжы быў інсцэніраваны даўні беларускі звычай. Дата выбрана не выпадкова: сёння, 19 студзеня, адзначаецца Вадохрышча – завяршальны дзень святочнага перыяду ад Каляд да Хрышчэння. Гэта час, калі нашы продкі верылі ў цуды і збіраліся разам, каб пашанаваць зіму і адзначыць пачатак новага года.

Галоўная мэта мерапрыемства – не проста пазнаёміць навучэнцаў з гісторыяй у тэорыі, а даць магчымасць літаральна дакрануцца да традыцыі. Удзельнікам паказалі, чым жыла і як адпачывала беларуская моладзь мінулых стагоддзяў: ад народных гульняў і загадак, да сумеснай працы і танцаў, а таленавітыя вядучыя мерапрыемства Антон Кібук і Ульяна Харытоненка акунулі гасцей ў глыбіні нашай беларускай гісторыі. Такім чынам у каледжы ствараецца жывая сувязь пакаленняў, дзе традыцыя перастае быць старонкай падручніка і становіцца асабістым досведам.

Важнай часткай праграмы стаў удзел фальклорнага ансамбля «Мядуніца». Дзякуючы жывому выкананню госці пачулі аўтэнтычныя беларускія песні, пазнаёміліся з народным танцам «Лявоніха», адчулі рытм і настрой традыцыйнай культуры. Асобная ўвага была нададзена творчаму пачатку: навучэнцам распавялі пра значэнне вырабаў ручной працы, у тым ліку лялек-абярэгаў, якія для нашых продкаў сімвалізавалі дабрабыт і служылі абаронай дому. На падрабязным майстар-класе яны самастойна вырабілі і ўпрыгожылі лялек.

Асаблівае значэнне такія мерапрыемствы маюць менавіта для будаўнічага каледжа. Тут дзейнічае ўнікальная пляцоўка – «Беларуская хатка» – інтэрактыўная прастора, дзе ажывае беларускае слова і традыцыя.

– Этнаграфічны музейны пакой «Спадчына» пачаў дзейнічаць у 2019  годзе. Зараз у ім налічваецца больш за 100 экспанатаў. Экспазіцыі, прадстаўленыя ў нашым музеі, адлюстроўваюць характар народнага побыту і народнай культуры 19-га — пачатку 20-га стагоддзя. Сёння мы працягваем працу над стварэннем паўнавартаснага музея, і для нас прынцыпова важна, што яго напаўненне стала сапраўды агульнай справай. Над экспазіцыяй працавалі ўсе – і выкладчыкі, і навучэнцы. Асабліва хочацца адзначыць унёсак педагогаў, ветэранаў працы Ларысы Мікалаеўны Сушко і Тамары Віктараўны Гарбачовай, менавіта яна прынялі самы актыўны ўдзел у стварэнні экспазіцыі і зборы экспанатаў. Значную дапамогу аказаў і майстар вытворчага навучання Сяргей Міхайлавіч Недбайла – ён удзельнічаў у выкананні многіх тэхнічных работ, без якіх экспазіцыя проста не змагла б працавать. У стварэнні экспазіцыі таксама ўдзельнічалі навучэнцы і некаторыя педагогі, якія працавалі тут раней. Гэта яшчэ раз пацвярджае: музей – вынік калектыўнай памяці і сумеснай працы некалькіх пакаленняў. Сярод экспанатаў ёсць рэчы, якія сёння сустракаюцца ўсё радзей, у прыватнасці старажытныя вышыванкі. Для будучых будаўнікоў і майстроў важна разумець свае карані, бо традыцыя – гэта тая аснова, на якой будуецца будучыня, – расказала выкладчык беларускай мовы і літаратуры, ініцыятар стварэння этнаграфічнай экспазіцыі «Спадчына» Тамара Кланюк.

Фармат «Беларускіх вячорак» быў цалкам інтэрактыўным. Тут не было гледачоў – толькі ўдзельнікі. Студэнты, выкладчыкі і госці разам гулялі ў народныя гульні, разгадвалі калядныя загадкі, танцавалі «Лявоніху» і спявалі. Завяршылася мерапрыемства сумесным чаяваннем, бо паводле народнага звычаю менавіта за агульным сталом умацоўваецца дружба і ствараецца адчуванне адзінства.

«Традыцыя – наша аснова, што вядзе нас да светлых вышынь» – гэтая думка стала галоўным сэнсавым вынікам «Беларускіх вячорак», якія нагадалі: павага да мінулага дапамагае ўпэўнена глядзець у будучыню.

Дар’я ДОРАШАВА, фота аўтара

- Advertisement -spot_img