Год белорусской женщины
-0.6 C
Борисов
Вторник, 3 марта

«Добрая слава далёка чуваць»: паэзія ў жыцці Віялеты Зiзюлькінай
«

АдзiнстваОбщество«Добрая слава далёка чуваць»: паэзія ў жыцці Віялеты Зiзюлькінай

Популярное

У ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Барысава” ужо другі год праводзяцца заняткі факультатыва па функцыянальнай граматнасці «Шчаслівы беларусам звацца». Праводзіць іх настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алена Паўлаўна Карнюшка. Галоўнымі задачамі гэтых заняткаў з’яўляюцца: выхаванне пачуцця гонару за сваю краіну, свой народ; актуалізацыя ўяўленняў вучняў пра магчымасць і неабходнасць выкарыстання каштоўнасцей духоўнай і матэрыяльнай культуры Беларусі ў жыццядзейнасці сучаснага чалавека; захаванне гістарычнай памяці рэгіёна і краіны.

У рамках рэалізацыі аднаго з модуляў-праектаў гэтага факультатыва, «Добрая слава далёка чуваць», мэтай якога было знаёмства вучняў з мясцовай знакамітасцю, на сустрэчу з удзельнікамі факультатыва была запрошана паэтка Зізюлькіна Віялета Уладзіміраўна. Нам вельмі пашанцавала, бо Віялета Уладзіміраўна працуе дэфектолагам у нашай школе. Вучням была прадстаўлена ўнікальная магчымасць задаць пытанні, якія датычыліся творчасці, жыццёвага шляху мясцовай знакамітасці, паслухаць з яе вуснаў уласныя вершы. Гэтая сустрэча даказала вучням, што месца для творчасці можна знайсці і ў паўсядзённым жыцці. Галоўнае – не губляць талент, развіваць яго, нястомна працуючы, каб дасягнуць выніку.

Вось фрагмент інтэрв’ю з Віялетай Уладзіміраўнай:

— Калі Вы адчулі, што ў Вас паэтычны талент? — Узгадайце, калі можна, Ваш першы верш.

— Ясна адчула і зразумела гэта ў школьныя гады, прыкладна ў пятым класе. Мае самыя першыя вершы былі прысвечаны маім аднакласнікам-сябрам: Валянціне Шыдлоўскай, Юліі Айнбунд, Ганне Трыгубовіч, Таццяне Мураўскай. Аднойчы ў шостым класе я парадавала сваіх сяброў: напісала гумарыстычнае апавяданне «Старонкі са школьнага жыцця». У сёмым класе напісала паэму, якую прысвяціла нашай школьнай настаўніцы і класнаму кіраўніку Ірыне Міхайлаўне Чалышковай.

— Што Вам дае натхненне?

— Мяне больш за ўсё натхняе наша прырода. Любімы мой від адпачынку – вандроўкі па нашай краіне, знаёмства з цікавымі людзьмі. Ну і, напэўна, дзеці, з якімі я працую. А сама паэзія дае мне магчымасць прыўзняцца над штодзённымі бытавымі справамі, убачыць прыгажосць і глыбіню навакольнага свету.

— На якую тэму Вы часцей пішаце вершы? Чаму?

— Жыццё – гэта чарада думак, падзей, дзіўных адкрыццяў ці расчараванняў. Таму пішу вершы на розную тэматыку.

— Як Вы звязалі сваё жыццё з валанцёрскай дзейнасцю?

— Аднойчы ў маім жыцці з’явіліся асаблівыя людзі – зааваланцёры. Я лічу іх людзьмі з вялікім сэрцам. У маёй сям’і ў розныя гады пражывалі валанцёрскія жывёлы: кацяня Шырк, сляпая котачка Марыся, сабака Олівер. Гэта былі жывёлы, пакалечаныя чалавекам. Ужо восьмы год паўнапраўным членам нашай сям’і з’яўляецца былы бяздомны сабака Ліс.

— Як у Вас атрымліваецца спалучаць работу ў школе і паэтычную дзейнасць?

— Каб гэта атрымлівалася, я стараюся планаваць свой адпачынак: экскурсіі, сумесныя сямейныя прагулкі і паездкі па Беларусі, наведванне музеяў, сустрэчы з сябрамі. Гэта стварае ўмовы для далейшай творчасці. Так, напрыклад, мая сустрэча з сяброўкай і былой калегай Марынай Андрэеўнай Карабейнікавай , а потым сямейнае падарожжа па Гродзенскай вобласці стварылі ўмовы для напісання верша «Жнівень».

— Раскажыце пра дзейнасць паэтычнай суполкі «Натхненне», у якую Вы ўваходзіце. Як Вы туды трапілі?

— Паэтычная суполка «Натхненне» існуе пры Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Каладзеева. Мяне запрасіла туды кіраўніца «Натхнення» – журналістка, філолаг, педагог Алена Аляксандраўна Брыцкая. У апошнія гады з удзелам «Натхнення» выйшлі наступныя паэтычныя зборнікі: «Мчатся мысли навстречу утру» (2022 г.), «Пока шучу – меня не победить» (2024 г.), «Белорусский дневник» (2023 г.), «Белорусский дневник» (2024 г.), «Белорусский дневник» (2025 г.), «Войны дорог тяжёлых я не знал» (2025 г.).

— Пералічыце, калі ласка, паэтычныя зборнікі, у якія ўвайшлі Вашыя вершы.

— «Недзе там, за аблокамі», «На крылах дзяцінства», «Спяваю табе, родны край», «Святло разалье свежы ранак», «Мне восень дасылае вершы», іншыя.

— Мы ведаем, што ў Вас многа ўзнагарод. Гэта выдатна! Якімі з іх Вы найбольш ганарыцеся?

— Я ганаруся ўсімі сваімі дасягненнямі. Таму што гэта ацэнка тваёй творчай дзейнасці прафесіяналамі высокага ўзроўню. Гэта вынік натхнення і працы:

Дыпламант IV Міжрэгіянальнага літаратурнага конкурсу «Браслаўская абіцель 2023»; фіналіст літаратурнага форуму «Цэнтр Еўропы» з міжнародным удзелам (2024 г.); фіналіст V Міжрэгіянальнага літаратурнага конкурсу «Браслаўская абіцель 2024»; фіналіст XXХVIII адкрытага фестывалю аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў «Віцебскі лістапад»; удзел у рабоце Міжнароднага літаратурнага фестывалю «Славянская ліра-2025», выхад у фінал адкрытага завочнага конкурсу ў дадатковай паэтычнай намінацыі «Гэты Дзень Перамогі порахам прапах!…»

— Які свой самы любімы верш Вы нам сёння прачытаеце?

— Думаю, што кожны паэт лічыць свае вершы сваімі дзецьмі. Яны ўсе любімыя, родныя… Хочацца прачытаць свой апошні верш. Гэта раўнасільна таму, што я хачу пазнаёміць вас са сваім самым малодшым дзіцём.

МАЛАЯ І ВЯЛІКАЯ РАДЗІМА

  Залессе, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць

Зноў крочу ў валошкавай сукенцы 

Насуперак гадам. Нібыта ў сне…

Дзяцінства праз маленькае акенца

Пяшчотна дакранецца да мяне!

Гудзе цягнік, і кліча да сустрэчы

Рачулка з незвычайнай назвай Драй.

З малітвай-песняй шчыраю ўкленчу:

Залессе, Маладзечна, Гудагай!

На ветразях сяброўства і кахання

Імчу ў абшары страчаных дарог!

Шукаю крокі першага спаткання

І развітання першага куток.

Гучыць Залессе вечным паланэзам –

Вяртаюся сюды, як у сям’ю.

Загадкавым, дзіцяча-юным бэзам

Я прарастаю ў гэтую зямлю!

І час, і мроі праплываюць міма…

Віруе мудры лёс на срэбным дне –

Малая і вялікая Радзіма

Сваё натхненне шчодра дорыць мне! 

— Якія парады Вы далі б сучасным падлеткам? Якія чалавечыя якасці, на Вашу думку, заўсёды будуць у пашане?

— Як бы звычайна гэта ні гучала, але… Хочацца пажадаць сучасным падлеткам унутранай гармоніі, душэўнай цеплыні, дабра. Не бойцеся марыць і ісці да сваёй мары! Будзьце здольныя да ўнутраных пошукаў. Не бойцеся прыслухоўвацца да саміх сябе, шукаць саміх сябе! Лічу, што такія чалавечыя якасці, як узаемапавага, уважлівае стаўленне адзін да аднаго, сардэчнасць, працавітасць будуць заўсёды ў пашане ў сучасным жыцці.

— І напрыканцы, калі не сакрэт, якая ў Вас мара?

— Мару максімальна рэалізаваць у сваім жыцці свой творчы патэнцыял, не страціць яго. Мару быць карыснай людзям. Мару жыць цікава, годна.

Алена КАРНЮШКА, фота аўтара

АдзiнстваОбщество«Добрая слава далёка чуваць»: паэзія ў жыцці Віялеты Зiзюлькінай
spot_img