Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Васіля Сысоева сустрэлася з працоўным калектывам УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў «ААТ «Мінскаблхлебапрадукт» у рамках адзінага дня інфармавання.
На гутарку з кіраўнікамі і прадстаўнікамі працоўных калектываў інтэграцыйнай структуры Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў прыехалі таксама члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы — начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Мікалай Башко, генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці» — Юрый Кукашук, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама Ірына Лобах.
На сустрэчы прысутнічалі намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама Вольга Ягорава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Таццяна Чуйкова.

Тэма, якая абмяркоўвалася сёння, — Дзень народнага адзінства: значэнне міру і згоды. Па ёй грунтоўна і цікава вытупіў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк.

Галоўным лейтматывам сустрэчы стаў не толькі гістарычны экскурс у мінулае, але і сучаснасць. Было падкрэслена, што ў нашай краіне робіцца ўсё, каб абараняць суверэнітэт і незалежнасць. Гісторыя нашага народа даказвае, што мы моцныя, калі захоўваем адзінства і агульнасць.
І сапраўды, у значнасці кансалідацыі беларускага грамадства для захавання дзяржаўнасці сёння ўжо не трэба пераконваць нікога. Шматлікія выпрабаванні, якія выпалі на долю беларускага народа, даюць падставы па-асабліваму ставіцца да такога паняцця, як народнае адзінства. Дзяржаўнае свята Дзень народнага адзінства мае асаблівы сэнс: пакуль мы адзіныя, мы непераможныя. Важна захаваць мір і краіну для будучых пакаленняў.

Прыгадаем мудрыя словы нашага Прэзідэнта падчас акцыі «Марафон адзінства» ў «Мінск-Арэне» 24 студзеня 2025 г.: «На гэтым дадзеным нам Богам кавалачку зямлі – наш адзіны дом.
І гэты дом не прадаецца ні за якія грошы. Мы будзем і далей будаваць гарадскія кварталы і вёскі будучыні, дарогі і заводы, станцыі метро і школы.
Будзем мадэрнізаваць сельскую гаспадарку, развіваць навуку, адукацыю, медыцыну. Рабіць усё, каб краіна станавілася яшчэ больш прыгожай і ўтульнай для нас, нашых дзяцей і ўнукаў.
… І, самае галоўнае, мы абавязкова захаваем для нашчадкаў мірнае неба над нашымі дамамі».

— Учора мы адсвяткавалі Дзень народнага адзінства. Гонар напаўняе любога беларуса за тое, што ёсць такі дзень, у які мы можам гаварыць пра тыя здзяйсненні, пра тыя дасягненні, якія на сённяшні дзень ужо Рэспублікай Беларусь атрыманы, — зазначыў Васіль Сысоеў. — Я, як чалавек, які курыруе сельскую гаспадарку, магу сказаць, што мы вельмі нядрэнна спрацавалі на ўборцы ўраджаю. У нас самы высокі ўраджай за ўсю гісторыю Мінскай вобласці — 50 цэнтнераў з гектара. У суботу будуць у Заслаўі «Дажынкі», і мы едзем на іх з вялікай радасцю ў душы, таму што намі праведзена вялікая работа і атрыманы дастойны вынік. Іншасказальна, Міншчына, напэўна, як у мініяцюры, адлюстроўвае гісторыю ўсёй Беларусі. Па ёй практычна праходзіла тады мяжа. І сёння мы ведаем, што гэта была падзаходняя Беларусь, гэта была падусходняя. Але аб’яднанне, якое адбылося, узняло эканамічны патэнцыял Міншчыны, вядома, на сур’ёзныя вышыні. І гэты дзень у 1939 далёкім годзе, сапраўды прынёс радасць для ўсіх, бо адбылося аб’яднанне, аб’яднанне не проста тэрыторыі, аб’яднанне сем’яў, людзей, аб’яднанне пад адзінай мэтай. І, напэўна, гэта яшчэ тады дадало нам лепту ў скарбонку самасвядомасці і гонару за тое, што мы з’яўляемся беларусамі. Таму мы сёння правялі сустрэчу з працоўным калектывам, і дакладчык у нас вельмі эмацыянальны. Думаю, што людзі былі вельмі задаволеныя. Сёння таксама было агучана шмат фактаў, якія раней замоўчваліся па нейкіх прычынах, але ўжо сапраўды прыйшоў час сказаць праўду пра тыя часы, калі краіна стала краінай.

— Сёння з улікам сваёй прафесіі я расказваў пра гістарычнае мінулае нашай краіны, прадгісторыю, як нас падзялілі ў 1921 годзе, расказваў, як змагаўся беларускі народ па той і другі бок мяжы, і чаму Дзень народнага адзінства для нас — адно з самых вялікіх свят, — сказаў Ігар Марзалюк. — Як казаў наш Прэзідэнт, у нас тры вялікія святы — 9 Мая, Дзень Незалежнасці і 17 верасня. Яны аб’яднаны адзінствам беларускага народа і адзінствам беларускай нацыі. Пра гэта і ішла наша гутарка. Калі мы не гаворым з людзьмі, не глядзім ім у вочы і асабліва калі мы самі не верым у тое, што расказваем, або нудна счытваем па паперцы, — мы страчваем людзей, і яны самі пачынаюць шукаць інфармацыю, і бывае так, што яна не самай лепшай якасці. Калі хочаш, каб цябе пачулі, глядзі ў вочы, не бойся пытанняў. Нягледзячы на розны сацыяльны статус, розную адукацыю, нас усіх аб’ядноўвае беларускае сонца, беларускае неба і беларуская зямля і наш агульны сэнс. Для мяне асабіста Дзень народнага адзінства — дзень, без якога б ніколі мой бацька не сустрэўся з маёй маці. А значыць, не было б і мяне. У маім выпадку касаванне мяжы прывяло да таго, што заходнія і ўсходнія беларусы атрымалі магчымасць ствараць супольныя сем’і, радавацца жыццю, а іх дзеці — пазнаваць краіну як цэласнасць. Для мяне адзінства Беларусі — як кісларод. І няма на свеце лепшай зямлі, на якой стаяць Мірскі замак, гарады Гродна і Пінск з аднаго боку, а з другога — мой самы любімы горад Магілеў.
Вольга ЦЫБУЛЬКА, фота аўтара