У маім дзяцінстве, без інтэрнэту і гаджэтаў, бясконцых відэаролікаў у сацыяльных сетках, мы запоем чыталі кнігі і проста заміралі перад тэлевізарам, калі паказвалі дзіцячае кіно ці тыяж мульцікі. Лічу, што ў гэтым была вялікая карысць: мы больш размаўлялі, спілкаваліся, фантазіравалі, прыдумлялі гульні і знаходзілі розныя заняткі на свежым паветры… Мы пераказвалі адзін аднаму літаратурныя творы, раілі цікавыя кнігі і пісалі лісты на паперы, а не ў тэлефоне. І ўсё гэта, пагадзіцеся, ішло на карысць! Я не кажу, што на карысць не ідзе сучасны інтэрнет, — там таксама можна знайсці многа важнай і патрэбнай інфармацыі. Але, на мой погляд, карыстанне такімі дабротамі цывілізацыі, якія значна спрашчаюць жыццё, некалькі расхаладжвае, не робіць розум больш гнуткім.

ПраЧытаць
Чытаць я палюбіла з той пары, як у школе навучылася складаць литары ў склады а склады — у словы.
Дзіцячая бібліятэка ў маім невялікім горадзе размяшчалася ў звычайнай вясковай хаце — бібліятэкары насілі брыкеты і тапілі печ, і ў халодную пару года там заўсёды пахла пратопленым катлом і крышку — тарфяным дымком.
Мажліва, таму і асацыяцыі замацаваліся з самага дзяцінства адпаведныя: утульнае цяпло, старое парэпанае крэсла сярод стэлажоў з кнігамі — пажаўцеўшымі ад часу і новымі, але якія прыемна, вельмі прыемна пахлі паперай і друкарскай фарбай. І ў гэтым крэсле так утульна сядзець і, разгарнуўшы чарговую кнігу, далучыцца да прыгод героя чарговага апавядання.
А яшчэ бібліятэка была месцам строгіх правілаў — не давядзі божа затрымаць якую кніжку дома: галоўнае, не патрапіць на адзіную з усіх строгую работніцу ўстановы. Адчыхвосціць па першае чысло!
Фонд бібліятэкі быў не занадта вялікі, і мяне, як самую актыўную чытальніцу, перапісалі “датэрмінова” ў дарослы храм літаратуры, дзе крыху разгубленыя бібліятэкаркі спрабавалі падабраць мне кніжкі па ўзросце.
А потым — філфак і аграменістыя спісы мастацкай літаратуры, якія, здаецца, ніколі не заканчваліся, і бясконцае чытанне, нават у электрычцы па штодзённай дарозе дадому і ва ўніверсітэт. Мне здавалася, атрымаю дыплом — і ніколі кніжку ў рукі больш не вазьму.
Але і тое, што па вучобе даводзіла многа чытаць, не адбіла ахвоту да друкаванага слова. Хаця цяпер гэта рабіць зручней у тэлефоннай “чыталцы”. Ну, прынамсі, менавіта мне.
На мой погляд, нягледзячы на даступнасть многіх твораў у інтэрнэце, сучасныя дзеці чытаюць не так многа, як мы. Асабліва гэта датычыцца твораў беларускай літаратуры. Напрыклад, мой сын, калі быў маленькі, вельмі любіў, калі яму чыталі ўслых. І нават многія творы, асабліва вершаваныя, павывучваў на памяць. А вось калі пайшоў у школу, даводзілася і аўтарытэтам націснуць — чытаць самому яму не дужа хацелася. Аднак цяпер — каб маці не турбавалася, што вырасце невуч, — знайшоў выйсце: аўдыёкнігі.

ПраГаварыць
Лічу, што менавіта друкаванае слова дае штуршок для больш дасканалага валодання мовай, пашырэння слоўнікавага запасу, больш глыбокага асэнсавання прачытанага і, безумоўна, мыслення.
Даволі часта даводзіцца чуць ад мам, што дзеці не зусім разумеюць беларускую мову, што ў школе яна даецца цяжэй за рускую (гэта, на мой погляд, наогул дзіўна — тых жа правілаў напісання ў рускай мове значна больш). А як яна можа давацца дзіцяці лёгка, гэтая родная мова, калі ў лепшым выпадку яно чула яе ў дзіцячым садку ці ў школе — на ўроках мовы? Прыгадайце, ці прачыталі вы ў дзяцінстве хоць адну дзіцячую кніжку сыну ці дачцэ на мове? А ці хоць раз гаварылі на ёй дома?..
І ўсё ж, як зазначае дырэктар Барысаўскай цэнтральнай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева Алена Капыток, нягледзячы на эпоху цыфравізацыі, чытанне папяровых кніг па-ранейшаму актуальнае. І чытацкія абанементы сведчаць аб тым, што бібліятэкі і сёння папулярныя сярод дзяцей, моладзі, людзей старэйшага ўзросту. Прыемна, што і да беларускай літаратуры цікавасць не падае.
— Нягледзячы на рост папулярнасці электронных кніг і аўдыёкніжак, многія людзі працягваюць аддаваць перавагу папяровым выданням па многіх прычынах, — расказвае Алена Сяргееўна. — Гэта і тактыльныя адчуванні, бо гартанне старонак і пах паперы ствараюць адмысловую атмасферу. Гэта і канцэнтрацыя ўвагі на самім працэсе чытання, бо чалавек не пераключаецца на правгляд апавяшчэнняў ці іншыя функцыі на смартфоне або планшэце. Да таго ж папяровыя кнігі не патрабуюць, у адрозненне ад электронных, зарадкі і могуць быць прачытаны ў любым месцы, незалежна ад наяўнасці электрычнасці ці інтэрнэту. Чытанне друкаваных кніг і сёння застаецца важнай і актуальнай практыкай для многіх людзей, і іх папулярнасць не згасае. І вельмі прыемна, што бібліятэка па-ранейшаму з’яўляецца месцам, куды многія людзі ідуць з ахвотай.
Пагадзіцеся — калі чалавек чытае, то і гаварыць яму становіцца значна лягчэй. І моўны запас — шырэйшы, і кругагляд больш аб’ёмны. І да таго ж “нагледжанасць” на друкаванае слова, на мой погляд, і ёсць тая знакамітая “прыроджаная пісьменнасць” — ну, калі і правілы быццам ведаеш не ўсе, а пішаш граматна. А не так, што без болю і не паглядзіш.

РазДрукаваць
Задумайцеся: якім быў бы наш свет без друкаваных кніг і пісьменства? Магчыма, развіццё тэхналогій і сродкаў камунікацыі пайшло б па іншым шляху. Яны зрабілі веды даступнымі шырокай аўдыторыі, працягваюць адыгрываць ключавую ролю ў распаўсюджванні ідэй, навуковых адкрыццяў і культурных дасягненняў, з’яўляюцца важным спосабам захавання інфармацыі на доўгія гады, садзейнічаюць фарміраванню грамадскай думкі і крытычнага мыслення. Свет без друкаваных кніг быў бы менш інфармаваным, менш разнастайным і менш культурна багатым.
Таму з такім піетэтам мы ў першую нядзелю верасня больш 30 гадоў запар адзначаем Дзень беларускага пісьменства.
Гэта — яшчэ адзін сродак захавання і развіцця культурнай спадчыны краіны, папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры.
Тым больш нам ёсць чым ганарыцца. Сярод найбольш яркіх і значных прадстаўнікоў беларускай культуры вылучаецца асоба Францыска Скарыны. Ён увайшоў у нашу гісторыю як першадрукар, вучоны, асветнік і гуманіст. Чалавек выключна шырокай эрудыцыі, сэнс сваёй дзейнасці Францыск Скарына бачыў у служэнні народу. Ён імкнуўся наблізіць суайчыннікаў да здабыткаў агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі. Манумент яму размешчаны ў Мінску, каля будынка Нацыянальнай бібліятэкі.
А першую на Русі датаваную друкаваную кнігу «Апостал» выдалі маскоўскія першадрукары — Івана Фёдараў і Пётр Мсціславец. Яны — выхадцы з беларускіх земляў.
Сталіцай Дня беларускага пісьменства станавіліся розныя гарады, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. У 2025 годзе гэты статус набудзе Ліда.
Святкаванне адбудзецца 6 і 7 верасня, і кожны можа завітаць у Ліду. Гасцей чакаюць разнастайныя падзеі: тэматычныя пляцоўкі, выставы, інтэрактыўныя зоны для дзяцей і дарослых, а таксама прэзентацыі новых літаратурных выданняў. Адмысловая ўвага будзе нададзена папулярызацыі беларускай мовы, традыцый і нацыянальнай кніжнай спадчыны.

***
Безумоўна, на Дзень беларускага пісьменства ў Ліду патрапяць не ўсе. Аднак, лічу, можна ўнесці свой ўклад у яго святкаванне і не выязджаючы за межы горада. Напрыклад, прачытаць дзецям або ўнукам кніжку на беларускай мове. Або самому ўзяць з палічкі томік беларускіх класікаў. Або проста хоць гадзіну паспрабаваць гаварыць на беларускай мове. Або — яшчэ зусім не позна — далучыцца да рэспубліканскай акцыі “Чытаем па-беларуску”.
Вольга ЦЫБУЛЬКА, фото з адкрытых інтэрнэт-крыніц