Суббота, 23 ноября, 2024

“Фальклорная талака” ў Барысаве. Чым здзіўляе фестываль народнай творчасці?

Популярное

Фестываль фальклорнага мастацтва “Фальклорная талака” сёмы раз праводзіцца на Міншчыне, трэці раз на Барысаўшчыне і ўпершыню — у статусе рэгіянальнага. 

Сення на яго прыехалі больш за 20 аматарскіх фальклорных дзіцячых і дарослых калектываў, выканаўцаў народнай песні, танцораў і музыкантаў з разнастайнымі каляндарна-абрадавымі, песеннымі і побытавымі танцавальнымі праграмамі з розных куточкаў Міншчыны.

Фальклорныя калектывы падрыхтавалі на фестываль мастацкія праграмы з аўтэнтычный музыкі, песень і танцаў, народных святаў і абрадаў на аснове мясцовых традыцый.

Яны будуць спаборнічаць у розных намінацыях — “Традыцыйныя святы і абрады”, “Песенны фальклор”, “Танцавальны фальклор”.

Ацэньваць іх выступленнi будуць кампетэнтныя і вопытныя эксперты: Ірына Хомутава, выкладчык кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў; Ірына Мазюк, дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза музычных дзеячаў; Марыя Прыгоцкая, выкладчык харэаграфіі Барысаўскай дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў.

Віталі на фестывалі і членаў аргкамітэта: намесніка старшыні Барысаўскага райвыканкама Ягора Мандрыка, начальніка аддзела культуры Барысаўскага райвыканкама Наталію Скакун, дырэктара раённага цэнтра народнай творчасці Юлію Закудоўскую, дырэктара Палаца культуры культуры імя М. Горкага Ганну Жарыкаву.

— Мы рады вітаць вас на гасціннай Барысаўскай зямлі, – звярнулася да ўдзельнікаў фестывалю Наталія Скакун. — Папулярызацыя беларускай народнай культуры, захаванне нацыянальных традыцый, перадача нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашаму маладому пакаленню — тыя задачы, якія мы вырашаем дзякуючы вашай працы.

У рамках фестывалю ў фае Палаца культуры імя М. Горкага праходзіць традыцыйнае рэгіянальнае свята-конкурс вышыўкі “Чароўныя пяльцы” з удзелам вышывальшчыц, якія прывезлі на конкурс свае хатнія калекцыі вырабаў: ручнікі і сурвэткі, лялек і сувеніры і многае іншае. 

Каля пяцідзесяці ўдзельнікаў свята-конкурсу з розных куточкаў рэгіену за тры гадзіны павінны выканаць конкурсную работу, якую будзе ацэнваць аўтарытэтнае журы. У яго склад увайшлі Яўген Сахута, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; старшыня секцыі вышыўкі Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці Галіна Рудніцкая, загадчык аддзялення дэкаратыўна-прыкладной творчасці Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Зыранава.

Ад імя журы вітаў удзельнікаў Яўген Сахута.

Пакуль на сцене паказвалі сваё майстэрства артысты самадзейнасці, у фае Палаца культуры свае ўменні дэманстравалі вышывальшчыцы.

Вера Нікалаевіч і Таццяна Волкава прыехалі з Капыльскага раёна.

— У весцы Семежава ў нас ёсць такая ўнікальная ўстанова культуры, як раённы цэнтр ткацтва. Тым не менш захоўваем мы не толькі ткацкія традыцыі, але і вышывальныя. Наша зямля знакамітая тэхнікай вышывання насцілам, або процягам. Яна існавала на Капыльшчыне, а таксама ў частцы Клецкага, Слуцкага і Салігорскага раёнаў, — распавяла Таццяна Мікалаеўна.

Абедзве жанчыны — народныя майстры Беларусі. 

Сярод удзельнікаў з аграгарадка Забашавічы Барысаўскага раёна — Вольга Пазняк з сынам Іванам. Ён другакласнік, і таксама, як і маці, захапляецца вышыўкай. Ужо ўласнаруч вышыў абярэг для мамы.

У фае вышлі прыгожыя дзяўчаты і юнакі з гурту “Валошкі” (Новінскага сельскага Дома культуры Бярэзінскага раёна), які ў гэтым годзе адзначыў 25-годдзе творчай дзейнасці, з іх – 10 гадоў носіць статус “узорны”. Яны ўжо выступілі і выйшлі паглядзець работы майстрых.

— У нас займаюцца дзеці ад пяці да сямнаццаці год, — распавяла Святлана Клімовіч. — Беларускія народныя песні, танцы і наш фальклор вельмі падабаецца ім. У нашым калектыве нават займаюцца дзеці з Мінска і Беразіно.

Дарэчы, узрост удзельнікаў фестываля розны: у фальклорным гурце «Вяргіня», што існуе ў Карсакавіцкім сельскім Доме культуры, самай старэйшай выканаўцы песень і прыпевак – Аляксандры Васільеўне Герасімовіч у гэтым годзе споўніцца 90 гадоў. З яе напарнікам па спевах Паўлам Паўлавічам Забалоцкім яны ездзяць на рэпетыціі з вескі Лісіно. Ён трохі маладзейшы за яе – 79 гадоў.

— Мы з вескі Забалоцце Барысаўскага раёна, — расказваюць нашы зямлячкі- вышывальшчыцы Людміла Карпоўская і Святлана Даўгушына. 

Святлана доўгі час жыла ў Барысаве, працавалане па спецыяльнасці, хаця скончыла інстытут культуры. Апошнія два гады жыве ў Забалоцці — творчасць паклікала, і яна змяніла і гарадское жыццё на вёску, і прафесію.

— Гэтая вышыўка — 1956 года, я з гэтым абрусам замуж ішла, — распавяла 84-гадовая Ніна Парфенаўна Дубень з в. Прудзішчы Барысаўскага раёна. — Я сама з Бярэзінскага раёна, у нас там у модзе было — вышываць. Уся хатка ў мяне была ў вышыўцы. Узоры і сама малявала, і на паштоўках, малюнках дзе падгледжу. 26 рушнікоў людзям павышывала-раздала. І дзецям, і ўнукам. Вельмі люблю вышываць, толькі вось зрок стаў падводзіць. 

У жанчыны цудоўнае пачуцце гумару. А ў маладосці яна яшчэ ўдзельнічала ў самадзейнасці і нават складала прыпеўкі! Ведае шмат фальклорных песень — да яе нават прыязджалі з Акадэміі музыкі запісваць песні, здымаць.

Вольга Шалагіна ў мінулым — удзельніца самадзейнасці. Вышывала яе мама — і цяпер і яна стала захапляцца вышыўкай.

Як бачым, у журы — нялегкая задача абраць лепшых з лепшых. А мы будзем чакаць вынікаў фестывалю.

Вольга ЦЫБУЛЬКА, фото аўтара

- Advertisement -spot_img

Последние новости