Пятница, 27 декабря, 2024

На Барысаўшчыне адсвяткавалі «Зажынкі». Рэпартаж са свята першага снапа

Популярное

Сёння ў календары барысаўскіх земляробаў важная падзея: аграрыі рэгіёна адзначаюць свята першага снапа – «Зажынкі». Мерапрыемства сёлета праходзіла на землях філіяла аграрна-жывёлагадоўчай гаспадаркі ААТ «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік».

На свяце прысутнічала кіраўніцтва раёна на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама Мікалаем Швайбовічам, старшыня Барысаўскага райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Антаніна Котава, дырэктар ААТ «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік» Дзмітрый Цітавец, кіраўнік філіяла АЖГ завода Вячаслаў Чарнуха і іншыя кіраўнікі гаспадарак раёна, кіраўніцтва Прыгараднагасельвыканкама, духавенства.

Ганаровае права падняць сцяг жніва-2024 было прадастаўлена лепшаму камбайнеру гаспадаркі Сяргею Вяршку. Прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

– Таварышы, воіны, якія пачынаюць бітву за ўраджай, – ад імя Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта звярнуўся да галоўных герояў уборачнай кампаніі камбайнераў Мікалай Швайбовіч, адзначыўшы, што добры ўраджай – гэта наша харчовая і нацыянальная бяспека. – Мы павінны памятаць, што нашы продкі не толькі асвятлялі першы сноп і прасілі благаславення, але і  казалі «Божа, памажы, а сам не ляжы», «І да Божай дапамогі патрэбна снароўка чалавека», і галоўнае «Хто рана ўстае, таму Бог дае».

Мікалай Дзмітрыевіч падкрэсліў, што традыцыйны беларускі абрад «Зажынкі» – не проста абрад. Гэта адпраўная кропка ва ўборцы ўраджаю.

– Нам трэба якасна і зладжана працаваць, задзейнічаўшы ўсе рэсурсы: арганізацыйныя, тэхналагічныя, ідэалагічныя і маральна-псіхалагічныя. І, як патрабуе кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, галоўнае ў працэсе работы – не крыўдзіць людзей. 

Клірык жаночага манастыра Ксеніі Пецярбуржскай Аляксандр Агеенка правёў малебен, чын асвячення зерня і тэхнікі.

Жнейкі па традыцыі зжалі першы сноп. 

Народны ансамбль народнай музыкі і песні «Братка беларус» падтрымаў святочны настрой удзельнікаў свята, выканаўшы некалькі песень. 

«Па машынах!» – скамандаваў Вячаслаў Чарнуха. Камбайнеры занялі месцы ў стэпавых караблях. Жніво пачалося. 

Ацаніў магчымасці сучаснай зернеўборачнай тэхнікі і першы намеснік старшыні райвыканкама, праехаўшыся ў адным з камбайнаў.

– У свой час мы з бацькам удзельнічалі ва ўборачнай кампаніі. Праўда камбайны былі не такія, як зараз. Наша сучасная беларуская тэхніка мае ўсё для камфорта механізатараў, ёсць кандыцыянер, – сказаў Мікалай Дзмітрыевіч. 
Пагутарыўшы ў кабіне з механізатарам, ён адзначыў, што настрой у працаўніка баявы, ды і вопыту не займаць. А гэта значыць, што перамога ў бітве за ўраджай павінна быць на баку камбайнераў. 

Як паведаміў кіраўнік філіяла АЖГ Барысаўскага завода «Аўтагідраўзмацняльнік» Вячаслаў Чарнуха, убраць сёлета трэба 570 га зерневых, 260 га кукурузы на зялёную масу. Ва ўборцы будуць задзейнічаны два камбайны, на адвозцы зерня – чатыры машыны. У гаспадарцы закуплены новы прэс-падборшчык, што стане добрай дапамогай на палях. 

Таццяна САКОВІЧ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА

- Advertisement -spot_img

Последние новости