be en ru
«Чорнае золата» аграрыяў. На Барысаўшчыне сёлета рапс парадаваў хлебаробаў добрым ураджаем
26 июля 2024
Сельское хозяйство

«Чорнае золата» аграрыяў. На Барысаўшчыне сёлета рапс парадаваў хлебаробаў добрым ураджаем

Адна с найбольш рэнтабельных маслінавых культур — рапс у Барысаўскім раёне апошнія некалькі год дае нядрэнныя ўраджаі. Летась яго сярэдні намалот склаў 23,5 ц/га. Сёлета будзе значна больш. Палеткі расліны ў рэгіёне складаюць амаль 2800 га. Яе вырошчваюць дзевяць гаспадарак. Наш рэпартаж з адной з іх — ААТ «Экалагічная сельскагаспадарчая кампанія Ганьсу-Бел».

20240716-IMG_0185.jpg

20240716-IMG_0142.jpg

20240716-IMG_0126.jpg

Сельгаспрадпрыемства, якое пад сваё крыло ўзялі кітайскія інвестары, знаходзіцца недалёка ад Барысава — на тэрыторыі Глівінскага сельсавета. Тут упор зроблены на развіццё малочна-мясной вытворчасці і вырошчванне прадукцыі раслінаводства.

20240716-IMG_0148.jpg

Сёлета ў гаспадарцы пасеяна 150 га рапсу і 911 га збожжавых культур.

20240716-IMG_0151.jpg

— Першым убралі ячмень, яго ў нас усяго 44 га. Намалацілі 136.4 т. Ураджайнасць склала 31 ц/га, — паведаміў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Дзяніс Гармаза. — З сярэдзіны ліпеня прыступілі да ўборкі рапсу. Яго ўраджайнасць – 28 ц/га. На ўборцы заняты два камбайны «Палессе GS12A1», абсталяваныя рапсавымі сталамі, два грузавыя аўтамабілі МАЗ на адвозцы, бочка прыкрыцця. Услед за камбайнамі ідзе энерганасычаны трактар МТЗ-3522 з АДУ-6, праводзіць лушчэнне ржышча. Намалот прапускаем праз зернесушыльны комплекс. Ён магутнасцю 20 т за змену, таму да ўборкі не прыцягваем больш камбайнаў, каб ЗСК спраўляўся з аб’ёмам. Працуе кругласутачна. З поля рапс ідзе вільготнасцю 12-14%, а на завод неабходна рэалізоўваць не больш за 8%, у сувязі з чым дасушваем.

20240716-IMG_0193.jpg

Ураджай маслінавай культуры сёлета ў разы больш за леташні. Гэтаму паспрыяла бездакорнае выкананне тэхналогіі: пасеялі ў аптымальныя тэрміны, двойчы правялі хімпраполку і падкармілі, тройчы апрацавалі ад шкоднікаў і адзін раз ад хвароб. Азімыя своечасова атрымалі рэгулятары росту, таму добра выйшлі з зімы, амаль без страт.

На рапсавым полі ля вёскі Казлоўка працавалі два камбайны. Расліны сёлята падняліся бадай у паўтара метра ў вышыню, а дзесьці і больш.

20240716-IMG_0207.jpg

Экіпажы абодвух камбайнаў склаліся нядаўна, але ўжо паспелі спрацавацца. Для старшага камбайнера Канстанціна Палонніка гэта ўжо пятнаццатае жніво. Дапамагае яму Аляксандр Булка.

20240716-IMG_0233.jpg

— За ўвесь час, што працую ў гаспадарцы, такі добры рапс бачу ўпершыню, — заўважыў Канстанцін Міхайлавіч. — З пачатку жніва намалаціў разам з ячменем ужо каля 300 тон. Спадзяюся выйсці не толькі ў тысячнікі, але і двухтысячнікі.

20240716-IMG_0287.jpg

Другі камбайнавы экіпаж у складзе камбайнераў Віталя Рыжага і Генадзія Ігнатовіча толькі прыступіў да ўборачнай кампаніі, таму вялікіх намалотаў пакуль няма. Аднак разлічваюць дагнаць калег.

20240716-IMG_0277.jpg

— У гаспадарцы гэта першае маё жніво, хоць вадзіцельскі стаж маю звыш чвэрці стагоддзя. Раней працаваў у «Райаграпрамтэхніцы», — падзяліўся Віталь Іосіфавіч. — У маладосці працаваў у калгасе «Максімаўка», на «Ніве» малаціў збожжа. Яе з «Палессе GS12A1» нават параўнаць нельга. Прадукцыйнасць і камфорт радуюць. Я сам барысаўчанін, але на лета прыязджаў да бабулі ў Капачэўку. Там і далучыўся да сялянскай працы, вывучыўся на трактарыста, пазней атрымаў вадзіцельскія правы і перасеў на фуру. Аднак усё роўна цягнула на вёску, таму і прыйшоў працаваць сюды.

20240716-IMG_0244.jpg

Яшчэ адзін вопытны вадзіцель — Павел Бусел заняты сёлета на адвозцы зерня ад камбайнаў.

20240716-IMG_0163.jpg

— З пачатку ўборачнай кампаніі я перавёз увесь ячмень і ўжо 100 тон рапсу, — удакладніў мужчына. — Працую другі год тут на МАЗе, а за рулём — трыццаць год. Сам родам з Глівіна. Пачынаў свой працоўны шлях у сельскай гаспадарцы, думаю, і закончу яго тут. На жніво мы ўсім забяспечаны, ніякіх пытанняў няма.

Штодзень перад выездам у поле ўсе вадзіцелі і механізатары праходзяць абавязковы медыцынскі агляд. Абодва прыборы прайшлі паверку. Працаўнікі забяспечаны спецадзеннем, а тэхніка — сродкамі пажаратушэння. У спякотнае надвор’е абавязкова выдаецца ў неабходнай колькасці мінеральная вада. Сваёй сталоўкі ў гаспадарцы няма, таму абеды заказваюць на адным з прадпрыемстваў Барысава і дастаўляюць у поле. Па заканчэнні працоўнага дня ёсць магчымасць памыцца: у майстэрнях працуе душ з гарачай вадой.

20240716-IMG_0199.jpg

Такім чынам, у гаспадарцы зроблена ўсё, каб атрымаць добры ўраджай, і забяспечаны належныя ўмовы працы.

Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА


Короткая ссылка на новость: https://edinstvo.by/~sOVVv

Архив сайта

Перейти