У 1990 годзе Алена Рабкова разам з мужам і двума маленькімі дзецьмі пераехала па чарнобыльскай праграме з Добрушскага раёна ў Барысаўскі. У вёсцы Забалоцце сям’і выдзелілі жыллё. І вось ужо больш за трыццаць год Рабковы працуюць у мясцовай гаспадарцы, прычым не толькі старэйшыя, але і адзін з сыноў.
Больш сталае пакаленне нашых чытачоў, напэўна, памятае вядомую савецкую камедыю «Каралева бензакалонкі», галоўную ролю ў якой выканала Надзея Румянцава. Алена Рабкова нечым нагадвае яе гераіню. Такая ж невысокая, прыемная на выгляд. Як і Людміле Добрывечар, ёй даводзілася шукаць пасля пераезду работу, бо на руках былі маленькія сыны: аднаму — чатыры гады, другому — усяго шэсць месяцаў. Але на вёсцы, у адрозненне ад горада, выбар нешырокі. Пайшла, дзе было месца.
— Я па спецыяльнасці швачка, да пераезду яшчэ вывучылася на прадаўца, — расказвае Алена Сяргееўна. — У Забалоцці ж такой работы не было, таму спачатку прыбірала памяшканні ў канторы калгаса імя Суворава (так раней называлася ААТ «Аграфірма імя Суворава»), а потым прапанавалі пайсці на запраўку. Так з 1992 года тут і працую, загадваю складам ГЗМ. У мае абавязкі ўваходзіць зранку заправіць тэхніку палівам і, калі патрэбна, выдаць масла, каб яна працавала без збояў. Яшчэ за мной замацаваны два склады: малаацэнкі і будаўнічы. Ва ўсім павінен быць парадак, таму вяду строгі ўлік таго, што паступае і выдаецца, адлюстроўваю ў дакументах і складскіх кніжках.
Нафтасклад знаходзіцца на адлегласці ад канторы сельгаспрадпрыемства, дзе мы сустрэліся з Аленай Рабковай. Накіроўваемся на яе рабочае месца. Тыповае памяшканне савецкіх часоў з дзвюма калонкамі ўнутры, на вуліцы вялікія ёмістасці з палівам. Толькі Алена Сяргееўна паспела пераапрануцца, як пад’ехаў бензавоз.
Загадчык нафтасклада ўважліва праглядзела накладныя, што прадставіў вадзіцель, шпарка па лесвіцы бензавоза паднялася наверх, праверыла цэласнасць пломб і ўзровень паліва ў цыстэрне.
— Галоўнымі ў сваёй рабоце лічу адказнасць, пунктуальнасць і акуратнасць, — заўважае Алена Сяргееўна. Штодзённа сутыкаюся з гаручымі рэчывамі, таму асаблівую ўвагу надаю бяспецы працы. На складзе ёсць ўсё неабходнае для пажаратушэння, і спецадзеннем я забяспечана.
Алена Рабкова карыстаецца заслужанай павагай у калектыве, яе цэніць кіраўніцтва.
— Калектыў у нас добры, — дзеліцца жанчына. — Мы прыехалі сюды чужыя, але нас падтрымалі, усё расказалі, паказалі, прапанавалі работу. Засталіся тут, і не пашкадавалі. Жадання куды-небудзь пераехаць ніколі не ўзнікала. З часам прыватызавалі дом, які выдзелілі па чарнобыльскай праграме. Цяпер гэта наша ўласнасць. З намі застаўся старэйшы сын, ён працуе ў гаспадарцы бухгалтарам. Малодшы вывучыўся на агранома ў Горацкай акадэміі, ажаніўся і перабраўся ў горад, працуе ў Зелянгасе.
У Добрушскім раёне сям’я таксама жыла ў вёсцы, таму да сельскага жыцця ім было не прывыкаць. Муж быў вадзіцелем у мясцовай гаспадарцы: вазіў кармы, збожжа. У Забалоцці ж яму прапанавалі перавучыцца на зваршчыка, што ён і зрабіў. Аднак і з аўтамабілем не развітаўся: на ГАЗ-52 абслугоўвае фермы.
На сваім прысядзібным участку сям’я вырошчвае збожжа, бульбу і гародніну, бо трымае яшчэ і жывёлу. Праўда, каровы няма, аднак ёсць свінні, куры, качкі. Так што клопатаў хапае.
— На вёсцы заўсёды ёсць чым заняцца, — гаворыць Алена Сяргееўна. — Калі выпадае вольная хвіліна, люблю пакапацца ў агародзе, вырошчваю на градках разнастайныя культуры, а ў палісадніку — ружы, яны вельмі мужу падабаюцца. Нават не ведаю, колькі іх гатункаў у мяне расце. Калі цвітуць, пах стаіць на ўсю акругу.
Як бачым, Алена Рабкова, як і гераіня Надзеі Румянцавай, не толькі знайшла сябе на новым месцы, але і здолела стварыць вакол сябе цудоўны свет. А Барысаўшчына для жанчыны і яе сям’і стала другой малой радзімай.
Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара