Вёска Белае падзелена на дзве часткі. Адна з іх знаходзіцца ў Барысаўскім раёне, другая — у Крупскім. Населены пункт вядомы тым, што тут у 1942 годзе нарадзіўся двойчы Герой Савецкага Саюза лётчык-касманаўт Уладзімір Кавалёнак. А дзесяццю гадамі раней у вёсцы з’явіўся на свет яго зямляк, звычайны аграрый Савелій Ровін. Іх аб’ядноўвае не толькі месца нараджэння, але і адданасць любімай справе. Наш расказ — аб чалавеку, які амаль паўстагоддзя адпрацаваў у сельскай гаспадарцы.
Савелію Андрэевічу ідзе ўжо 92-гі год. Ён жыве адзін у бацькоўскай хаце, дзе нарадзіўся і вырас. Кожныя выхадныя з Барысава прыязджае дачка Ганна, каб дапамагчы бацьку па гаспадарцы, навесці парадак на прысядзібным участку.
— На нашай вуліцы ў вёсцы, акрамя мяне, ёсць жыхары толькі ў двух дамах, у астатніх бываюць наездам, — заўважае мужчына. — Прыязджае раз на тыдзень аўталаўка, я да яе выходжу, купляю, што патрэбна. Пазваніў у сельсавет, каб пакасілі пустазелле на вуліцы, — усё зрабілі. І мясцовая гаспадарка пра мяне не забывае. Толькі балячкі даюць аб сабе знаць: маю інваліднасць першай групы. Але магу яшчэ і за агародам прыглядзець.
Да сялянскай працы нашаму герою не прывыкаць, бо з маленства ведаў, што гэта такое.
— Акрамя мяне, было яшчэ дзве сястры і брат. Адна сястрычка памерла маленькай. Было цяжка жыць, галадалі, — успамінае Савелій Андрэевіч. — Бацька Андрэй Ягоравіч хоць і быў няграматным, але сваю справу ведаў. Пасадзіў сад, завёў пчол. З гэтага і выжывалі. Да вайны я скончыў толькі першы клас.
У вёсцы не было ні электрычнасці, ні радыё. Аб тым, што Германія напала на Савецкі Саюз, даведаліся, толькі калі ўбачылі ў небе самалёты. Два з іх падбілі немцы, але лётчыкі выратаваліся, потым адзін з іх хаваўся ў вёсцы.
— Немцы стаялі ў Зачысці, а ў суседніх вёсках забіралі хатнюю жывёлу і птушку, — расказвае ветэран працы. — Памятаю, распалілі агонь і вараць курэй. Я падышоў паглядзець, дык немец мяне крапівой па голых нагах. Я заплакаў, пабег адтуль і схаваўся ў хляве. Маці потым хадзіла шукаць мяне, баялася, што маглі забіць.
Пасля вайны сямнаццацігадовы юнак прыйшоў працаваць у саўгас імя Сталіна, яго паставілі брыгадзірам паляводаў, бо граматных людзей было мала.
— Тады ўраджайнасць мелі 3-4 ц/га, калгаснікам за працу бадай нічога не плацілі. Сярпом жалі, цэпам малацілі, у скірды складалі, — удакладняе Савелій Андрэевіч. — У 1958 годзе я пасадзіў калгасны сад і скончыў школу пчаляроў. Мяне нават пасылалі працаваць інструктарам па пчалярству на Крупскі і Барысаўскі раёны, але як я родную гаспадарку кіну. Затым калгас стаў саўгасам, пачалі плаціць грошы. Пасля вучобы ў сельскагаспадарчым тэхнікуме, які скончыў у 1963-м годзе, стаў першым брыгадзірам паляводства, а потым і кіраўніком участка. У падначаленні было восем вёсак. У 1968 годзе ўраджайнасць у мяне вырасла ўжо да 48 цэнтнераў. Выязджаў на працу ў 6 гадзін раніцы, а вяртаўся пасля 10 вечара, а то і пазней.
За высокі ўраджай бульбы брыгадзір атрымаў прэмію 700 рублёў. Па савецкіх мерках гэта былі вялікія грошы.
— У Савелія Андрэевіча была ўраджайнасць ячменю і 100 ц/га, — заўважае аграном філіяла «Зачысце Агра» Сяргей Рогаў. — Я з ім дзесяць год працаваў. Помню, як ён кожны дзень з самага ранку на коніку прыязджаў на працу. Вельмі добрасумленны і адказны чалавек.
Мужчына ніколі не курыў, не злоўжываў спіртнымі напоямі. Тое, што стаў старажылам, лічыць, заслуга добрай генетыкі: бацька таксама пражыў каля дзевяноста гадоў. Ён сочыць за сваім ціскам, вынікі вымярэння запісвае ў сшытак. Зіму ж праводзіць у Барысаве, у дачкі. Жонка памерла дванаццаць гадоў назад.
Лёгкіх шляхоў у жыцці Савелій Ровін не шукаў. Цяжкая праца адбілася на здароўі, але сяльчанін не шкадуе, што выбраў такі лёс, гаворыць, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся.
Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара