be en ru
Старшыня Мінскага аблвыканкама: «Самае галоўнае багацце — нашы людзі»
3 июля 2020
Общество

Старшыня Мінскага аблвыканкама: «Самае галоўнае багацце — нашы людзі»

Паважаныя жыхары Міншчыны! Сардэчна віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 76-й гадавінай вызвалення нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

У жыцці кожнага народа ёсць даты, якія становяцца кропкай адліку новага этапа гісторыі. Для Беларусі гэта дзень вызвалення ад нямецкага агрэсара, дзень, які ўжо даўно з’яўляецца  сімвалам адзінства нашага грамадства, міру і стабільнасці, мужнасці і гераізму. Сімвалам Незалежнасці!

У гады Вялікай Айчыннай вайны нашы бацькі, дзяды і прадзеды выратавалі родную зямлю ад заняволення, адстаяўшы права на шчаслівае і свабоднае жыццё. Сённяшняе  пакаленне беларусаў паказвае, што з’яўляецца дастойным прадаўжальнікам слаўных традыцый мінулага. За амаль 30 год суверэнітэту і незалежнасці наша краіна дабілася добрых вынікаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, сацыяльнай і навуковай сферах, знешняй  палітыцы. Беларусь стала астраўком бяспекі і міралюбнасці, дзе ў грамадзян ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні, дзе створаны ўмовы для працы і адпачынку, атрымання добрай адукацыі і якаснай медыцынскай дапамогі, нараджэння дзяцей і дастойнай старасці.

Прыемна адзначыць, што важкі ўклад у развіццё і працвітанне нашай краіны ўносіць і Мінская вобласць. Яна славіцца сваімі магутнымі прадпрыемствамі, сучаснымі комплексамі, развітымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, шматграннай сацыяльнай інфраструктурай і, вядома ж, найпрыгажэйшымі куткамі прыроды. Але самае галоўнае багацце — нашы людзі, якія сваімі талентамі, энергічнасцю і працавітасцю выводзяць цэнтральны рэгіён на перадавыя пазіцыі ў рэспубліцы. 

Дарагія сябры! Выказваю кожнаму з вас шчырую ўдзячнасць за любоў да Радзімы, павагу да мінулага, імкненне працаваць дзеля  светлага дня сённяшняга. Пакуль мы ўсведамляем сілу адзінства народа, яго пат-рыятызму, веры ў будучае і разумеем, што суверэнітэт – гэта наша галоўнае дасягненне, над Беларуссю будзе мірнае неба, а ў нашых дамах – шчасце і дабрабыт.  

Моцнага вам здароўя, невычэрпнай энергіі і поспехаў ва ўсіх пачынаннях!

Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта А.Г. ТУРЧЫН

Фото http://www.minsk-region.gov.by/

Короткая ссылка на новость: https://edinstvo.by/~6hB5H

Архив сайта

Перейти