be en ru
Літаб’яднанне “Актава” сустракала гасцей у Барысаве
23 октября 2020
Культура

Літаб’яднанне “Актава” сустракала гасцей у Барысаве

У Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева прайшла творчая сустрэча пачынаючых аўтараў Барысаўшчыны, якія развіваюць свае таленты ў літаб’яднанні “Актава”, з вядомымі паэтамі і пісьменнікамі Святланай Быкавай, Міколам Адамам, Янкам Лайковым, Таццянай Дашкевіч. Зладзіла свята педагог дадатковай адукацыі, пісьменніца, паэт, бард Марына Лайкова, якая з’яўляецца стваральніцай і кіраўніком літаб’яднання.

Мерапрыемства атрымалася цёплым і прадуктыўным. Удзельнікі сустрэчы выконвалі ўласныя творы, дзяліліся ідэямі і назіраннямі, расказвалі цікавыя гісторыі з жыцця, настальгіравалі. Юныя члены літаб’яднання – Вераніка і Васіль Лайковы, Улада Дарашкевіч, Марыя Піхтоўнікава, Ганна Сяховіч падзяліліся сваімі напрацоўкамі: чыталі вершы ў прозе, апавяданні, спявалі, гралі на музычных інструментах. Прадставілі публіцы дастаткова новую форму у мастацтве – перформанс.

Ансамбль старажытнай музыкі “Вір” пакарыў публіку сваімі спевамі. Наталля Клачко, як сама прызналася, з цікавасцю назірае за дзейнасцю літаб’яднання і, як выдатніца, з радасцю ўзялася выконваць так званае дамашняе заданне, прапанаванае на адным з заняткаў. Трэба было скласці твор з ужываннем асобных слоў. Жанчына прызналася, што на стварэнне гісторыі ў яе пайшло 10 хвілін. Вось як апанавала натхненне.

У рамках мерапрыемства была арганізавана выстава работ мастакоў-ілюстратараў альманаха літаб’яднання: дзевяцікласніц сярэдняй школы №16 Аліны Лумпавай і Веранікі Лайковай, вучаніцы 9 класа Мінскай гімназіі Марыі Шыпілавай, мастака і рамесніка з в. Кішчына Слабада Анастасіі Кірашовай.

Зазірнулі на мерапрыемства і музыканты гурта “СолнцелунА” Алеся Алісіевіч і Алег Русак. Яны выканалі парачку песень, у тым ліку акапэла.

У фінале усе ўдзельнікі атрымалі падарункі і удзячнасці ад арганізатара свята, змаглі набыць асобнікі розных кніг з аўтографамі аўтараў, абмяняцца эмоцыямі. Сустрэча завяршылася гутаркай за кубачкам гарбаты.

Таццяна САКОВІЧ, фота аўтара

Короткая ссылка на новость: https://www.edinstvo.by/~Utxoh

Архив сайта

Перейти