be en ru
Увага! Анлайн-конкурс «Дзяды і нашчадкі»!
11 октября 2021
Культура

Увага! Анлайн-конкурс «Дзяды і нашчадкі»!

Цэнтр традыцыйнай культуры г. Барысава запрашае вас прыняць удзел у анлайн-конкурсе «ДЗЯДЫ І НАШЧАДКІ», які пройдзе з 8 кастрычніка па 5 лістапада 2021 года і прысвячаецца народнаму святу Дзяды.

Вынікам конкурсу стане анлайн-фотавыстава Цэнтра традыцыйнай культуры, яна пройдзе з 6 па 12 лістапада, а таксама падрыхтоўка памятнай друкаванай публікацыі, у якую ўвойдуць дасланыя ўдзельнікамі работы.

Свята Дзяды, прысвечанае памяці, ушанаванню сваіх продкаў, вядомае ва ўсіх кутках Беларусі. Гэта народнае свята адзначаецца некалькі разоў на год: увосень у лістападзе – Асяніны або Змітраўскія Дзяды, зімою ў лютым – Масленічныя Дзяды, вясною – Радуніца, улетку ў чэрвені – Траецкія Дзяды. У некаторых вёсках і сем’ях ведаюць Пятроўскія Дзяды ў ліпені, Міхайлаўскія ў канцы лістапада. У кожнай вёсцы, мясцовасці могуць быць свае Дзяды.

Асяніны, восеньскія Дзяды вядомыя большасці людзей у Беларусі. Менавіта ім і прысвечаны конкурс «Дзяды і нашчадкі». Пачынаем яго ў перадсвяточную пару. Сёлетні конкурс вырас з анлайн-выставы «Дзяды і нашчадкі», якую праводзіў Цэнтр традыцыйнай культуры ў 2020 годзе.

Мэта конкурсу — падтрымка культуры сямейнай памяці.

У конкурсе можа ўдзельнічаць любы жыхар Барысава і Барысаўскага раёна, а таксама нашчадкі барысаўчан і жыхары суседніх з Барысаўскім раёнаў (Лагойскага, Докшыцкага, Крупскага, Бярэзінскага, Смалявіцкага, Чэрвеньскага).

Узрост удзельнікаў не абмежаваны. Вітаецца сямейны ўдзел: прадстаўнікоў розных пакаленняў – бацькоў і дзяцей, дзядоў і ўнукаў.

Пры ацэнцы конкурсу журы будзе размяркоўваць работы па розных узроставых катэгорыях.

Асобна ацэньваюцца работнікі сістэмы адукацыі або культуры, якія паспрыялі ўдзелу ў конкурсе сваіх вучняў, выхаванцаў, удзельнікаў клубных фарміраванняў або самі прадставілі запісаныя гутаркі, успаміны пра народнае свята Дзяды, фатаграфіі, сабраныя падчас даследчай, экспедыцыйнай дзейнасці.

Конкурс складаецца з чатырох намінацый – «Партрэты дзядоў. Эпоха», «Сустрэча дзядоў», «Свята. Абрад. Памяць», «Абрадавыя стравы». Удзельнічаць можна адразу ў некалькіх намінацыях, не дубліруючы змест работы.

Намінацыя «Партрэты Дзядоў. Эпоха»

На электронную пошту Цэнтра традыцыйнай культуры г. Барысава ctk_borisov@mail.ru трэба даслаць да 5 лістапада 2021 года адзін фотаздымак або некалькі свайго продка або крэўнага чалавека (які ўжо пакінуў наш свет), памяць пра якога лічыце асабліва каштоўнай для свайго роду. Азін удзельнік можа падаць на выставу да 12 фотаздымкаў.

* Фотаздымкі можна таксама прынесці ў Цэнтр традыцыйнай культуры па адрасе г. Барысаў (стары горад), вул. ІІІ Інтэрнацыянала, 47 (час работы: панядзелак – пятніца з 8.30 да 17.30), супрацоўнікі змогуць адсканіраваць і вярнуць адразу здымкі.

Да фотаздымкаў прыкладаецца анкета з асабовымі звесткамі і эсэ – напісаны ў вольнай форме аповед пра продка або крэўнага і яго жыццё.

Намінацыя «Сустрэча Дзядоў»

На электронную пошту Цэнтра традыцыйнай культуры г. Барысава ctk_borisov@mail.ru трэба даслаць да 5 лістапада 2021 года фотаздымак або некалькі аднаго з момантаў свята Дзяды, такіх як:

  • наведанне могілак або іншых, значных для ўдзельніка мясцін памяці;
  • падрыхтоўка абрадавых страў;
  • запальванне свечкі;  
  • закліканне, праводзіны Дзядоў;
  • святочнае застолле;
  • іншых момантаў свята, характэрных для вашай мясцовасці.

Да фотаздымкаў прыкладаецца анкета з асабовымі звесткамі і эсэ – напісаны ў вольнай форме аповед пра фатаграфію і той момант, які на ёй выяўлены.

Намінацыя «Свята. Абрад. Памяць»

На электронную пошту Цэнтра традыцыйнай культуры г. Барысава ctk_borisov@mail.ru трэба даслаць да 5 лістапада 2021 года эсэ пра традыцыю адзначэння восеньскіх Дзядоў у сваім родзе. У iм можна засяродзіцца на раскрыцці такіх момантах свята:

  • калі адбываецца свята восеньскіх Дзядоў і як яго дакладна называюць у вашай мясцовасці;
  • калі і як пачынаюць рыхтавацца да свята;
  • ці наведваюць могілкі на восеньскія Дзяды;
  • у які час пачынаюць святочны стол, ці запальваюць свечку;
  • колькі робяць абрадавых страў;
  • якія абрадавыя святы робяць, у якой паслядоўнасці іх ядуць;
  • хто кліча дзядоў і якія словы прамаўляе;
  • ці адкладваецца дзядам асобна ежа і дзе яе кладуць;
  • якія размовы вядуцца за сталом, як доўга цягнецца свята;
  • ці пакідаюць стравы пасля свята на стале да раніцы;
  • ад каго ў родзе ваша сям'я ўзяла традыцыю адзначаць Дзяды.

Удзельнікі гэтай намінацыі могуць праілюстраваць эсэ арыгінальным фота з маляўнічым прыродным краявідам родных мясцін, які быў вядомы і вашым продкам.

Намінацыя «Абрадавыя стравы»

На электронную пошту Цэнтра традыцыйнай культуры г. Барысава ctk_borisov@mail.ru трэба даслаць да 5 лістапада 2021 года эсэ пра традыцыю гатаваць абрадавыя стравы на восеньскія Дзяды ў сваім родзе, а таксама рэцэпты гэтых страў. У iм можна засяродзіцца на раскрыцці такіх момантаў:

  • як называюцца абрадавыя стравы, якія гатуюць на восеньскія Дзяды;
  • хто ў сям’і звычайна адказны за абрадавыя стравы;
  • колькі гатуецца абрадавых страў;
  • у якой паслядоўнасці ядуцца звычайна абрадавыя стравы;
  • ці адкладваюць стравы дзядам і куды;
  • ці прыбіраюць святочны стол на Дзяды на ноч;
  • хто перадаў у вашым родзе рэцэпты абрадавых страў.

* Вітаецца, калі ўдзельнікі дададуць фатаграфіі некаторых страў.

Лепшыя работы атрымліваюць дыпломы, пасведчанні аб удзеле, сімвалічныя памятныя падарункі ад Цэнтра традыцыйнай культуры г. Барысава.

Кантакты: г. Барысаў (стары горад), вул. ІІІ Інтэрнацыянала, 47; тэлефоны: (+375-177)-72-30-75, (+375-29)-619-80-53.

Час работы: пн-пт 8.30 – 17.30 (перапынак 13.00 – 14.00).

Короткая ссылка на новость: https://www.edinstvo.by/~PwwH5

Архив сайта

Перейти