be en ru
Як захаваць нематэрыяльную культурную спадчыну краіны, абмеркавалі на канферэнцыі ў Барысаве
23 ноября 2021
Общество

Як захаваць нематэрыяльную культурную спадчыну краіны, абмеркавалі на канферэнцыі ў Барысаве

Навукова-практычная канферэнцыя "Нематэрыяльная спадчына - здабытак краіны" сабрала ў культурнай сталіцы года — Барысаве   практыкаў, вучоных, рамеснікаў і ўсіх, каму неабыякава гістарычнае мінулае роднага краю з усёй краіны.  Ва ўтульнай атмасферы Палаца культуры імя М. Горкага разам з прадстаўнікамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама яны абмеркавалі гэтую тэму, падзяліліся ўражаннямі, расказалі пра традыцыі сваёй малой радзімы.

З прывітальным словам выступіў кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Генадзь Ходар.

— Мне вельмі хочацца, каб сённяшняя канферэнцыя была плённай, каб кожны атрымаў  тыя веды і вопыт, якія спатрэбяцца ў працы, — адзначыў ён. — Наша культурная спадчына — гэта наш стратэгічны патэнцыял. Гэта наша нацыянальная ідэнтычнасць. Як і матэрыяльныя, так і духоўныя каштоўнасці з'яўляюцца фактарам нацыянальнай бяспекі любой дзяржавы.

Як вядома, у кастрычніку 1988 г. Беларусь далучылася да Канвенцыі па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, прынятай ЮНЕСКА ў 1972 г. І сёння ўжо 4 аб'екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта Нацыянальны парк "Белавежская пушча", замкавы комплекс "Мір", архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы" і пункты геадэзічнай Дугі Струвэ.

Акрамя таго, Беларусь была адной з першых краін, якія далучыліся да Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў 2005 годзе. У Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі ўключаны тры беларускія элементы: абрад "Калядныя каралі", вясновы абрад "Георгіеўскі карагод" і ўшанаванне Будслаўскай іконы Божай Маці (Будслаўскі фестываль). Генадзь Мікалаевіч падрабязна спыніўся на пытаннях аховы нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, расказаў аб асноўных задачах, якія рэалізуюцца ў гэтым напрамку, і тых, якія трэба рэалізаваць.

— Шэраг аб'ектаў знаходзіцца ў папярэднім спісе і шырока абмяркоўваецца грамадскасцю, — адзначыў Генадзь Ходар. — Гэта беларускае пляценне з саломы, мастацтва выцінанкі і іншыя. Нам ёсць што паказаць свету, і мы не спыняем работу ў гэтым напрамку.

Ён таксама зазначыў,  што ў верасні 2022 года ў Менску плануецца правядзенне міжнароднага семінара па захаванні нематэрыяльных каштоўнасцей.

 Вялікую цікавасць выклікала ў прысутных выступленне Таццяны Валодзінай, доктара філалагічных навук, дацэнта, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яна ўзняла тэму сакральнай геаграфіі і яе месцы ў нематэрыяльнай культурнай спадчыне.

Аднак Т. Валодзіна не проста расказала аб праведзенай рабоце, уласным вопыце, але і закранула праблемы, якія выклікае ўнясенне ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны некаторых аб'ектаў, такіх як крыніцы, камяні, прошчы і іншае. Залішняя цікавасць, спробы добраўпарадкаваць памятныя месцы часта наносяць ім непапраўную шкоду.

У культуры кожнага народа ёсць звычаі ці абрады, якія надзейна захоўваюць вельмі важныя для гэтай культуры сакральныя сэнсы. Да ліку такіх адносіцца ўнікальны абрад «свечкі». Навукоўцамі выказваецца меркаванне, што свечкі, якія знаходзяцца пры абразах, з'яўляюцца рэліктам культу радавога агню.

Таму не абышлі ўвагай на мерапрыемстве і Барысаўскі раён. — абрад "Міхайлаўская свечка", які праходзіць у аграгарадку Вяляцічы, з'яўляецца элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Як расказала малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтра традыцыйнай культуры Ала Сідаровіч, штогод на Міхайлаў дзень у населеным пункце з аднаго дома ў іншы пераносяць абраз святога Архангела Міхаіла. Падрыхтоўка пачынаецца загадзя: гаспадары дома, дзе знаходзіцца абраз, робяць 3 свечкі з пчалінага воску (для сябе, для царквы і для таго, хто прымае ікону), складаюць спіс за здароўе, які адносіцца ў храм. 21 лістапада пакоі святочна ўпрыгожваюць, накрываецца стол, дзе абавязкова прысутнічаюць тры абрадавыя стравы — юшка, крупеня і каша. Бацюшка праводзіць службу.

Пасля  працэсія накіроўваецца ў хату, дзе абраз будзе захоўвацца ўвесь наступны год, гаспадыні абменьваюцца жменямі жыта і хлебам. Завяршаецца абрад застоллем у доме новага гаспадара.

Дарэчы, падобны абрад праводзіцца яшчэ і ў вёсцы Навіны Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

 Сваім вопытам у ходзе канферэнцыі падзяліліся і іншыя работнікі сферы культуры і мастацтва.

Вольга ЦЫБУЛЬКА,
фота Юрыя АБРОСЬКІНА

Короткая ссылка на новость: https://edinstvo.by/~LTdOr

Архив сайта

Перейти