Жудасныя ўспаміны аб тым, як карнікі вялі крывавую расправу над мірнымі жыхарамі Барысаўшчыны.

80 гадоў таму, у маі – чэрвені 1943 года, на тэрыторыі Барысаўскага і Лагойскага раёнаў Мінскай вобласці, Докшыцкага і Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці фашыстамі была праведзена карная аперацыя “Котбус”. У ёй удзельнічалі баявыя групы падпалкоўніка Клупша, Дзірлівангера, “Норд”, генерал-маёра Дормагена, палкоўніка Кінцеля, а таксама самалёты 4-й авіяэскадрыллі, 51-й бамбардзіровачнай эскадрыллі, 7-й эскадрыллі асобага прызначэння. У ходзе аперацыі карнікі расстралялі, закатавалі і спалілі 9786 грамадзян, больш за 6 тысяч вывезлі ў Германію. (Даныя ўзяты з кнігі “Памяць. Барысаў. Барысаўскі раён”). Па даных гэтай жа кнігі, у маі – чэрвені 1943 года ў Барысаўскім раёне было спалена 29 вёсак і знішчана 1074 мірных жыхароў. Адной з гэтых вёсак была вёска Іканы, і чорным днём для яе стаў дзень 28 мая.

 Карнікі прыбылі ў вёску яшчэ 27 мая, а 28-га аб’явілі сход. Усіх жыхароў вёскі сагналі на ўскрай вёскі Пустамсціж (тады вёска Іканы складалася з трох вёсачак: Іканы, Горка і Пустамсціж), дзе жыў Язэп Камінскі. Людзей адводзілі туды сем”ямі, каб не было панікі. У хляве Камінскага іх расстрэльвалі. Каб не было чуваць, што там адбываецца, зброю выкарыстоўвалі бязгучную, а побач стаялі аўтамашыны з уключанымі рухавікамі.

 Увесь дзень карнікі вялі крывавую расправу над мірнымі жыхарамі. У гэта пекла трапілі таксама жыхары вёскі Гарэлы Луг, якія вярталіся са Мсціжа ў сваю вёску з работы. За дзень было расстраляна 576 чалавек: жанчыны, дзеці, старыя.

 Каля 15 чалавек юнакоў і дзяўчат былі адабраны для адпраўкі на работы ў Германію. Ім пашанцавала застацца ў жывых і вярнуцца потым у родную вёску. Гэта Юзя Карэнька, Павел Тубалец, Пётр Верхаводка, Зося Тарасевіч, Сцяпан Глушанін, Сцяпан Ікан, Фёдар Ігнатовіч, Антон Ікан, Антаніна Ікан, Антон Верхаводка, Павел Тарасевіч, Ніна Камінская, Уладзімір Скакун.

 Выжыла яшчэ некалькі чалавек, нават з тых, хто пабываў у гэтым пекле. Засталіся жывымі “падводнікі”. Гэта тыя, хто меў свайго каня з падводамі. Іх у той час не было ў сяле, немцы іх адправілі на работы ў другую вёску. Калі іх праводзілі, з імі развітваліся, баяліся, што яны не вернуцца. Аказалася ўсё наадварот. Калі яны вярнуліся, вёскі ўжо не было. Выжылі сёстры Камінскія Ліда і Жэня. Улучыўшы момант, яны пабеглі за гэты хлеў, а далей у кусты цераз поле. Мабыць не паднялася ў кагосьці рука забіць дзяцей.

 Ноччу з-пад забітых выпаўзла і ўцалела параненая Гелена Аляксееўна Глушаніна, маці 4 дзяцей. Засталіся ў жывых і яе муж Пётр і ўсе дзеці (толькі аднаго вывезлі ў Германію).

 Цудам уратавалася і сям”я Кучак. Толькі аднаго сыночка з шасці дзяцей не ўратавала маці, схаваўшыся ў склепе чужой хаты. Застаўся ў жывых і муж.

 Пашанцавала ўратавацца і Праскоўі Цімафееўне Юшкевіч з вёскі Гарэлы Луг. Яна выпаўзла з таго хлява з немаўляткам на руках.

 Усю ноч і наступны дзень карнікі рабавалі вёску, выносілі з хат усё і піравалі. Напэўна спраўлялі памінкі па забітых і святкавалі перамогу над безабароннымі жанчынамі, дзецьмі, старымі.

 А ў нядзелю, 30 мая, вёску спалілі, усю дашчэнту, не засталося ніводнай хаты і таго хлява, у якім былі забітыя, таксама. Перад хлявом была яшчэ груда цел, якія не змясціліся ў хляве.

 Калі сюды прыйшлі людзі, відовішча было жудасным. Не кожны мог яго вытрымаць. Дамінік Карэнька і Нікіфар Валчанін (з “падводнікаў”), у якіх загінулі жонкі і па двое дзетак, не вытрымалі і, не дайшоўшы да гэтага месца, памерлі ад разрыву сэрцаў.

 Аб тым, каб перазахаваць ахвяр у магілу, нельга было і думаць. Закопвалі ноччу, днём баяліся немцаў. Павел Мікалаевіч Дубко расказваў, як ён з аднавяскоўцамі Косцем Дубоўскім, Паўлам Арынічам, Пятром Глушаніным, Раманам Іканам, Андрэем Зарэмба, Міхаілам Кучаком і іншымі выжыўшымі хавалі сваіх родных і блізкіх. З поля знеслі каменне і абклалі па перыметру магілу, а зверху зрабілі насып. Магіла мае форму літары “Т”. Казалі, што на ёй парасла чорная трава.

 З той пары там пачалі хаваць памерлых, і зараз там могілкі, а на брацкай магіле ўстаноўлена мемарыяльная пліта.

 28 мая гэтага года спаўняецца 80 год Іканскай трагедыі.

А вось што адбывалася ў маёй роднай вёсцы Усохі, што знаходзіцца ў трох кіламетрах ад вёскі Іканы. Аб гэтым напісаў у 1971 годзе ў былы Іканскі музей Жэсцік (на канверце толькі прозвішча) з Масквы. Калі пачалася вайна яму было толькі 9 гадоў. Жыў ён у вёсцы Ганцавічы Лагойскага раёна. Вось яго споведзь.

 “У маі 1943-га я ўпершыню пачуў слова “блакада”. Што яно азначала, я не ведаў, але казалі, што немцы ідуць шарэнгай цераз поле, лес, балота і ўсё жывое знішчаюць на сваім шляху.

 І пацягнуліся абозы з людзьмі і скарбам у бок возера Палік. Мая сям”я, якая складалася з маці, бацькі, мяне і пяцігадовай сястрычкі, таксама пагрузіла на калёсы ўсё, што можна было забраць з сабою, і разам з аднавяскоўцамі рушыла ў дарогу. Мы ехалі праз вёскі Гарэлы Луг, Іканы, Смаляры на Усохі. Там мы пераначавалі, а раніцай усім абозам рушылі ў балота. Ехалі пакуль маглі ісці коні. Потым спыніліся, разбілі лагер і пачалі жыць у болоце. Прайшло некалькі дзён.

 28 мая людзі ўсталі, як заўсёды рана, каб прыгатаваць снеданне. Распалілі кастры… І тут пачалася страляніна. Людзі пачалі разбягацца, пакідаўшы коней, кароў, павозкі, нават ежу. Беглі туды, дзе не было чуваць выстралаў. Выбеглі недалёка ад вёскі Усохі. Тут былі мужчыны, жанчыны, дзеці, усіх каля 130 чалавек.

 Страляніна сціхла, у вёсцы таксама было ціха, і людзі вырашылі ісці туды. Але, калі яны ўвайшлі ў вёску, аказалася, што там былі немцы. Фашысты акружылі натоўп людзей і пратрымалі ў вёсцы да поўдня. Жанчыны прасілі адпусціць іх, але дарэмна.

 У поўдзень двое немцаў паехалі на кані ў бок Смаляроў і вярнуліся адтуль недзе праз гадзіну. Адразу пачалі выводзіць з натоўпу мужчын і, паставіўшы іх па двое, пад канвоем павялі. Апошнім у калону стаў мой бацька, развітаўшыся з маці, са мной і сястрычкай.

 Мужчын загналі ў калгасны хлеў, што стаяў недалёка ад рэчкі, і неўзабаве адтуль пачуліся стрэлы, а потым паваліў чорны дым…

 Калі стрэлы сціхлі, тыя ж самыя канваіры (усяго 5 – 6) вярнуліся да жанчын з дзецьмі. Нас таксама пастроілі ў калону і пагналі праз сяло ў другі хлеў, што стаяў бліжэй да сяла. Маці мне ўвесь час казала: “Бяжы сынок!”. Але побач з намі ішоў канваір, і мне ніяк не ўдавалася збегчы ў чый-небудзь двор. І толькі, калі мы ўжо падыходзілі да хлява, і першыя з калоны ўжо пачалі ў яго заходзіць, я ўбачыў, што Ніна Майсюк з братам Толікам, якія ішлі спераду, не пайшлі да варот, а звярнулі і пабеглі ўздоўж хлява. Я пабег за імі. Як толькі скончыўся хлеў, Ніна ўпала, скошаная кулей, а мы з Толікам пабеглі далей. Мы беглі цераз бульбу, потым цераз жыта да рэчкі. На хаду мы паскідвалі вопратку, каб было лягчэй бегчы. Над намі свісцелі кулі, але нам пашанцавала ўцячы.

 Мы прабеглі прыблізна кіламетр, падняліся на пагорак і толькі тады спыніліся і паглядзелі назад… Там, дзе быў хлеў, стаяў чорны дым. Мы зразумелі, што ў нас больш няма ні маці, ні бацькоў, ні сясцёр.

 Далей мы дзе ішлі, дзе беглі полем, лесам у напрамку да роднай вёскі. К вечару прыйшлі да вёскі Кайтанава. Нам сказалі, што немцаў там няма, і мы зайшлі ў вёску, папрасілі, каб нам далі апрануцца. Потым праз Завіднае мы пайшлі на Ганцавічы, і да наступлення ночы прыйшлі ў роднае сяло.

 Калі я зайшоў у сваю хату, мне стала страшна, таму што і хата, і двор былі пустымі… Мяне ўбачыла суседка праз вуліцу і паклікала да сябе. Сабраліся людзі, мяне распытвалі аб тым, што здарылася. Я ім расказаў, але мне ніхто не хацеў верыць. І толькі на наступны дзень, калі немцы спалілі Усохі і з”ехалі адтуль, чутка аб зверскай расправе над жыхарамі вёскі Ганцавічы абляцела наваколле.”

 Ахвяры гэтай трагедыі захаронены ў сваёй роднай вёсцы Ганцавічы. Іх аднавяскоўцы, якія засталіся ў жывых, прыехалі на падводах на Усохі і перавезлі сваіх родных і блізкіх у сваю вёску.

 У маі – чэрвені 1943 года былі таксама спалены вёскі Бажадары (цяпер Беразоўшчына), Смаляры, Новае Сяло, якія знаходзіліся паблізу.

 80 год прайшло з той пары, а чытаць і пісаць, гаварыць аб гэтым са спакойнай душой не магчыма. Сэрца абліваецца кроўю. Колькі ні ў чым не павінных людзей было знішчана; колькі засталося без жылля, ежы. Як яны выжылі? За што на іх долю выпалі такія пакуты?

 Па новых даных у Барысаўскім раёне за гады акупацыі было спалена 130 вёсак. У нашым музеі Народнай славы з”явілася карта спаленых вёсак Барысаўскага раёна. Па ёй відаць, што найбольш было спалена вёсак у паўночнай частцы раёна, асабліва ў раёне возера Палік.

 Г.І. ІГНАТОВІЧ, загадчыца музея Народнай славы а/г Зембін.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry