19 каманд паспрачаюцца за званне мацнейшай на летняй спартакіядзе работнікаў аграпрамысловага комплексу Міншчыны. Лепшыя спартсмены ўвойдуць у склад абласной зборнай каманды. Дарэчы, летась яна ўзяла срэбра на рэспубліцы. Спаборніцтвы праходзяць 12 і 13 мая па 8 відах спорту як непасрэдна на базе комплексу, так і з выездам на спартыўныя аб’екты Барысава.


Сёння ў «Крутым яры» адбылося ўрачыстае адкрыццё спартакіяды, арганізатарамі якой выступілі Мінскі абкам прафсаюза работнікаў АПК і аддзел спорту і турызму Барысаўскага райвыканкама. Удзельнікаў спаборніцтваў прывіталі старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода і першы намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама Мікалай Швайбовіч.
— Абласны і раённыя камітэты, пярвічкі нашага прафсаюза робяць усё магчымае для развіцця фізічнай культуры і спорту сярод членаў арганізацыі, — адзначыў Міхаіл Тарасавіч. — І поспехі нашай зборнай каманды сведчаць аб гэтым. Летась, акрамя таго, што яна заняла другое месца на рэспубліканскай прафсаюзнай спартакіядзе, такі ж вынік паказала і ў спаборніцтве 15 галіновых прафсаюзаў Міншчыны. Сёлета мы ставім дзве мэты: прапаганда здаровага ладу жыцця, развіццё фізкультуры і спорту на вёсцы, а таксама адбор лепшых на рэспубліканскую спартакіяду, якая пройдзе з 24 па 26 мая. Жадаю ўсім поспехаў і паказаць найлепшы вынік!


Аграрыяў-спартсменаў з усіх куткоў Міншчыны прывітаў на Барысаўшчыне першы намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама Мікалай Швайбовіч.
— Ваш удзел у спартыўных спаборніцтвах — заяўка аб сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыі, фарміраванні здаровага ладу жыцця, жаданні рухацца наперад і дасягаць мэтаў, што паставілі перад сабой, — сказаў Мікалай Мікалаевіч. — У дні спартакіяды вы будзеце спаборнічаць па валейболу, міні-футболу, настольнаму тэнісу, лёгкай атлетыцы, плаванню, гіраваму спорту, стральбе і дартсу. Упэўнены, што спартакіяда пройдзе на высокім арганізацыйным узроўні, запомніцца цікавымі захапляльнымі момантамі.


Пачатак спартакіяды ў асобных яе ўдзельнікаў супаў з днём нараджэння, таму яны прымалі віншаванні і падарункі ад старшыні абкама прафсаюза работнікаў АПК. Святочную ж атмасферу на цырымоніі адкрыцця сваімі выступленнямі стварылі яшчэ і юныя артысты ўзорнага ансамбля «Шарм».


Пасля невялікага перапынку пачаліся спаборніцтвы. У першы дзень яны праходзяць па ўсіх заяўленых відах спорту, прычым па міні-футболу і лёгкай атлетыцы — у Барысаве, астатнія — на базе САК «Круты яр». У суботу высвятляць, хто лепшы, прадоўжаць валейбалісты і тэнісісты.

Гонар Барысаўшчыны на спартакіядзе абараняюць члены працоўных калектываў ААТ «Міраполле», УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» і філіяла «Здравушка-мілк». Бадай палова каманды — работнікі камбіната хлебапрадуктаў.
— Настрой у нас баявы, — падзялілася старшы майстар прадпрыемства Крысціна Колбун. — Добра сябе адчуваем у тэнісе, лёгкай атлетыцы і міні-футболе. Будзем змагацца да канца.
Аператар Уладзіслаў Віторскі ў спаборніцтвах прымае ўдзел не ўпершыню, разлічвае добра выступіць і сёлета.
— Мой канёк — плаванне, неаднойчы быў пераможцам раённых спаборніцтваў, — расказаў ён. — Каманда ў нас дружная, родныя сцены, спадзяюся, дапамогуць дастойна выступіць.

Спаборніцтвы праходзяць у камандным і індывідуальным заліках. Пераможцаў і прызёраў чакаюць кубкі і медалі.
Больше фотографий с открытия областной спартакиады работников АПК в Крутом Яре смотрите в нашей группе ВКонтакте
Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА