Цэнтр традыцыйнай культуры г. Барысава запрашае прыняць удзел у анлайн-фотаконкурсе «Свята Вялічка з чырвоным яечкам…», які пройдзе з 12 па 21 красавіка 2023 года і прысвячаецца святу Вялікдзень. Арганізатары ДУК «Раённы цэнтр народнай творчасці» і Цэнтр традыцыйнай культуры г. Барысава.

Дырэктар цэнтра Алена Янкоўская ў размове з карэспандэнтам “А” растлумачыла, што мэты конкурсу — гэта павышэнне цікавасці да нацыянальнай беларускай культуры, традыцый, перадача ведаў пра свята Вялікдзень — нематэрыяльную культурную спадчыну маладому пакаленню, выхаванне і развіццё ў падрастаючага пакалення духоўна-маральных каштоўнасцяў.

— Вялікдзень — вялікае гадавое веснавое свята, — нагадала Алена Янкоўская. — Ім некалі адкрываўся новы каляндарны год. 3 прыняццем хрысціянства свята атрымала духоўны сэнс i ачышчальную моц, яно з’яўляецца выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысціянскіх святаў. У Чысты Чацвер чысцяць i прыбіраюць хату i двор. У Вялікую Суботу, напапярэдадні Вялікадня, гатуецца, варыцца, смажыцца мноства розных страваў. Пякуцца пірагі, фарбуюцца ў розныя колеры і распісваюцца ўзорамі курыныя яйкі (пісанкі).

У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраныя валачобныя абыходы, падчас якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі валачобныя песні з пажаданнем сялянам плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівае долі, велічалі гаспадароў і руплівую працу.

Сёння абрад жыве ў некаторых барысаўскіх вёсках. Валачобніцтва — гэта таксама паўночная i цэнтральная Беларусь, мясцовасці сумежныя з цэнтральнай: Лепель, Бешанковічы, Вілейка, Маладзечна, Любань, Клічаў — тут ведаюць і словы, і песні, і абрад. Валачобніцтва — нашая спадчына і частка нашага жыцця. На Барысаўшчыне валачобнікі ходзяць у вёсцы Новае Янчына.

У фотаконкурсе можа ўдзельнічаць любы жыхар Барысава і Барысаўскага раёна, узрост удзельнікаў не абмежаваны.

Фотаконкурс складаецца з трох намінацый:

— «Лепшая велікодная кампазіцыя»;

— «Лепшае велікоднае яйка»;

— «Лепшае аздабленне велікоднай булкі».

Каб паўдзельнічаць у намінацыі «Лепшая велікодная кампазіцыя», трэба на электронную пошту Цэнтра традыцыйнай культуры г. Барысава (ctk_borisov@mail.ru) даслаць да 21 красавіка 2023 года адзін фотаздымак. На фотаздымку быць выяўлены стравы (куліч, паска, яйкі і інш.), а дадаткова для фарміравання кампазіцыі можна выкарыстаць атрыбуты на велікодную тэматыку (сучасныя падносы, падстаўкі і інш. i традыцыйныя — ручнік, ільняны абрус і інш.).

Да фотаздымка абавязкова дадаецца заяўка на ўдзел з указаннем усёй неабходнай інфармацыі.

Удзельнікі ў намінацыі «Лепшае велікоднае яйка» таксама павінны прыслаць адзін фотаздымак, на якім выяўлена яйка (крашанае; распісанае ў традыцыйных тэхніках воскам; вышытае; з бісеру; з паперы ці выкананае ў іншых напрамках дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва), зробленае ўласнымі рукамі. Вітаецца, калі на фотаздымку будзе і сам аўтар. Электронная пошта Цэнтра традыцыйнай культуры г. Барысава ctk_borisov@mail.ru, тэрмін — да 21 красавіка 2023 года. На фотаздымку быць чалавек, які трымае падзелку у руках ці знаходзіцца побач з ёй.

Да фотаздымка абавязкова дадаецца заяўка на ўдзел з указаннем усёй неабходнай інфармацыі.

Умовы ўдзелу ў намінацыі «Лепшае аздабленне велікоднай булкі»:

на электронную пошту Цэнтра традыцыйнай культуры г. Барысава ctk_borisov@mail.ru трэба даслаць да 21 красавіка 2023 года адзін фотаздымак. На фотаздымку быць выяўлена велікодная булка (куліч), зробленая ўласнымі рукамі. Вітаецца, калі на фотаздымку будзе і сам аўтар (мама, дачка, бабуля, унучка, тата, сын, дзядуля, унук ці ўся сям’я), які трымае кулінарны выраб ў руках. На фотаздымку таксама можна адлюстраваць момант ўпрыгажэння куліча (вітаецца, калі вы прыкладзеце рэцэпт, па якім гатавалі).

Да фотаздымка абавязкова дадаецца заяўка на ўдзел з указаннем усёй неабходнай інфармацыі.

Лепшыя фотаздымкі атрымліваюць дыпломы па намінацыях і сімвалічныя памятныя падарункі ад Цэнтра традыцыйнай культуры г. Барысава. Дыпламантам 1 ступені (у кожнай з трох намінацый) даецца магчымасць бясплатна разава наведаць індывідуальны ці сямейны майстар-клас па абранаму накірунку дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, — растлумачыла Алена Янкоўская. — Вынікам фотаконкурсу стане анлайн-фотавыстава Цэнтра традыцыйнай культуры, якая будзе размешчана 27 красавіка 2023 года ў суполках Цэнтра на сацыяльных старонках Укантакце (https://vk.com/vkctkvk) i (https://ok.ru/profile/578821327944).

Дадатковая інфармацыя:

Кантакты: г. Барысаў (стары горад), вул. 3-га Інтэрнацыянала, 47; тэлефон: (+375-177)-72-30-75.

Час працы: пн-пт 8:30-17:30 (перапынак 13:00-14:00).

Святлана ЧЭКАЛАВА

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry