Персанальная выстава “Побач” мастачкі Наталлі Антонавай адбылася ў галерэі «Праменад» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева. Экспазіцыя — аб непаўторнасці і каштоўнасці кожнага моманту нашага жыцця. Лёс зводзіць нас з іншымі людзьмі невыпадкова. І ўсё, што нас акружае, — таксама заканамернасць.

На выставе размешчана 50 жывапісных і графічных твораў. Іх героі — блізкія людзі, птушкі і кветкі, рэчы, якія захоўваюць памяць аб мінулых падзеях, — усё, што блізка душы па-за залежнасці ад часу і адлегласцяў.
— У рамках святкавання 85-годдзя Мінскай вобласці мы дэманструем ужо не першую выставу мастакоў са сталічнага рэгіёна. Так, напрыклад, у галерэі “З’ява” дэманстраваліся працы Наталлі Камінскай са Смалявічаў і яе вучняў, а таксама жодзінца Георгія Міхейчыка, самадзейнага мастака з Крупак Аляксандра Варламава, — паведаміла Анжэла Кудакова, мастацтвазнаўца аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці бібліятэкі.

Наталля Антонава жыве і творча працуе ў горадзе Жодзіне. Але родам яна з Бабруйска, а з 8-гадовага ўзросту жыла і вучылася ў Мінску, дзе скончыла школу і МРТІ (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі). Асноўная прафесійная дзейнасць Наталлі — сфера IT-тэхналогій.
Мастацкай адукацыі яна не мае — мастак-майстар самадзейны. 13 гадоў таму наведала арт-майстэрню, дзе пачала пісаць алеем.
З таго часу Наталля — актыўны ўдзельнік выстаў і пленэраў. З 2020 года яна член Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Еўразійская Мастацкая садружнасць”. Цяперашняя выстава — ужо трэцяя персанальная ў яе мастацкай біяграфіі.
Важнай падзеяй для мастачкі стаў пераезд у 2014 годзе разам з мужам з Мінска ў прыватны дом у Жодзіне.
— Мне вельмі хацелася паказаць гледачу тое, што прыемна і зразумела маёй душы, — расказвае аўтар, паказваючы экспазіцыю. — Я дзялюся патаемным — сваім стаўленнем да блізкіх людзей, тымі месцамі, якія мне асабліва дарагія. Усе прадстаўленыя працы былі напісаны недалёка ад майго дома. На іх — мой сад, дзеці, муж, суседзі і нават любімы коцік. А вось кветкі, якія я сама вырошчваю. Мне карцела сказаць, што, каб атрымаць натхненне, зусім не трэба ехаць кудысьці за трыдзевяць зямель. Яго крыніца заўсёды побач з намі.

У арсенале Наталлі мноства розных тэхнік.
— Больш за ўсё падабаецца працаваць маслам, — прызнаецца мастачка. — Але часам — і прычынай таму настрой — магу ўзяць у рукі і алоўкі, пісаць акрылам, гуашшу або пастэллю, тэмперай або акварэллю.
— Сярод вашых твораў ёсць і пейзажы, і нацюрморты, і партрэты. А да чаго больш ляжыць душа?
— Складана вылучыць нешта адно. Пішу толькі з натуры. Натхніць могуць і вялікія дрэвы, і малюсенькія казуркі. Спадабалася нешта, зачапіла — свае пачуцці пераношу на палатно.
— На выставе прадстаўлены работы, створаныя вамі, пачынаючы з 2014 года і па цяперашні час. Яна носіць рэтраспектыўны характар?
— Экспазіцыю я ўсё ж назвала б тэматычнай. За гэты перыяд было напісана значна больш прац, у тым ліку і па слядах падзей, якія асабліва кранулі мяне, — тлумачыць аўтар.
У планах Наталлі Антонавай — пісаць больш партрэтаў. А яшчэ звярнуцца ў сваёй творчасці да старадаўніх рэчаў. Гледзячы на яе цяперашнія працы, не даводзіцца сумнявацца, што гэта будзе таксама вельмі прыгожа!
Святлана ЧЭКАЛАВА, фота Элы ГАЛЬКО