Так-так, і ніякай памылкі ў словах: не Масленіцу, а Масленку, і не спявалі, а менавіта піялі.
Наогул, каб даведацца ўсё пра праўдзіва народныя традыцыі і звычаі, мала пабываць на гарадскім свяце. Якім бы шырокім яно ні было, усё роўна сапраўдны каларыт можна сустрэць толькі на сяле. Чым далей ад горада, тым лепш.
Так мы трапілі ў Старую Мётчу Барысаўскага раёна. Гэтая вёска ўнікальная па канцэнтрацыі народнай творчасці на аднаго жыхара. Тут усе — што стары, што малы — беларускую мову ведаюць, песні народныя на ёй выконваюць і да традыцый шматвяковых асабліва трапятліва ставяцца.

Заслуга ў тым, перш за ўсё, калектыву «Мядоцкая талака», якім кіруе Людміла Кажэўка. Колькі канцэртаў было дадзена галасістымі спявачкамі — не злічыць. А колькі пакаленняў дзяцей праз калектыў прайшло! Многія даўно павырасталі, сем’ямі абзавяліся і ўжо сваіх дзетак вучаць беларускаму народнаму мастацтву.
У Старой Мётчы гасцей любяць і заўсёды сустракаюць душэўна і шчодра. Ну, а на такое свята, як Масленіца, — і пагатоў.
Прывітанне пачынаецца песняй ды масленічным вершыкам “У нас сёння Масленка, прыляцела ластаўка».

У сельскім Доме культуры ёсць куток, куды гасцям зазірнуць трэба ну проста абавязкова, — беларуская хатка. У ёй сустрэнуць вас лялькі-Масленіцы, ды і стол з традыцыйнымі для свята стравамі ўжо накрыты: з блінамі і перапечкамі, з масліцам і сырам. Уваходзіш — павінен пакаштаваць, інакш гаспадароў пакрыўдзіш.
Людміла Кажэўка распавяла, што ў Мётчанскім краі паліць пудзіла Масленіцы было не прынята, а вось адзін да аднаго ў госці хадзіць — гэта проста ледзь не закон такі. І, дарэчы, чым больш гасцей у цябе пабывае, тым лепш ты жыць будзеш.
Таму ў СДК мы ненадоўга затрымаліся і разам з “Мядоцкай талакой” адправіліся да хаты гаспадыні.
Але ў хату зайшлі не адразу, а спачатку песні спявалі. Тры, і ўсё — выключна тыя, што згодна з традыцыяй належыць выконваць.
У другой, напрыклад, можна было пачуць хвалебныя словы, адрасаваныя нявестцы гаспадароў.
#нашароднае_адзінства
Святлана ЧЭКАЛАВА, фота і відэаздымка Кацярыны СІМАНОВІЧ (РЦНТ)