Зрэшты, нічога дзіўнага ў тым не было: дзень-то асаблівы — напярэдадні Раства. Але калі, праўда, улічыць, што пасля абеду Мароз пачаў мацнець і слупок тэрмометра апусціўся ніжэй за адзнаку -15… “А нам не холадна, мы ж весялімся!” — гэта дарослыя і дзеці — ў адзін голас. Спявалі, танцавалі, абсыпалі мінакоў збожжам і жадалі шчасця.

Карэспандэнт “А “ прайсці міма не магла і да весялосці таксама з задавальненнем далучылася, з калядоўшчыкамі пазнаёмілася, пра народнае свята даведалася. А яшчэ абрадавых песень наслухалася, дакладней — імі заслухалася.

— Традыцыйна Каляды беларусы звязвалі з днём зімовага сонцастаяння, а сімвалізавалі яны пачатак новага года — і звычайнага, і сельскагаспадарчага. Але калі на нашы землі прыйшло хрысціянства, свята набыло новыя рысы: пачаткам Каляд стала Раство, а канцом — Вадохрышча. Таму цяпер праваслаўныя вернікі адзначаюць іх у перыяд з 6 па 19 студзеня, — распавяла дырэктар Печынскага гарадскога Дома культуры Ірына Кудраўцава.

Пра гэта дзяўчаты, якія ходзяць у розныя гурткі і студыі пры ДК, таксама ведаюць. Таму да святкавання падрыхтаваліся грунтоўна: і касцюмы спецыяльныя пашылі, і атрыбуты з сабой прыхапілі. Самы галоўны з іх — Калядная зорка.

Асабліва парадавала, што там былі не толькі мясцовыя дзеці, але і з іншых мікрараёнаў Барысава прыехалі, бо займаюцца ў Печах вучні розных школ — №№17, 18, 20, гімназіі №3 і іншых устаноў адукацыі. А з сабой яшчэ малодшых сястрычак прыхапілі. Ну, і бацькоў таксама. Тым жа ў радасць — з дзеткамі правесці разам час і свята па-народнаму сустрэць.

А ўжо як запальвала ў марозны дзень любімая “Асалода”! Так-так, той самы знакаміты народны ансамбль народнай музыкі Печынскага ГДК пад кіраўніцтвам Ірыны Саўкінай. Мінуса за вакном не пабаяліся — калядоўшчыкам падыгрывалі.

А потым абрадавыя песні пад дахам ДК разліваліся.

Разам з імі, дарэчы, разліваўся і водар калядных страў: удзельнікі калектыву — знаўцы не толькі ў музыцы, песнях і скоках, але і ў беларускай народнай кухні і нашых родных звычаях. Знятую прыгажосць мы абавязкова пакажам на сваім Ютуб-канале і ў сацыяльных сетках.

Ну, а пакуль вечар напярэдадні Раства не скончыўся, добра б успомніць аб вялікай сутнасці надыходзячага свята. Сабрацца за сямейным сталом, сагрэць адзін аднаго клопатам. Запрасіць тых, каму па розных прычынах не хапае ўвагі, і падзяліцца з імі пачастункамі і цеплынёй душы. І абавязкова падзякаваць за ўсё добрае, што ёсць у жыцці. А яго, гэтага добрага, нямала!

Святлана ЧЭКАЛАВА, фота аўтара

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
6