Кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Хромчанка распавёў рэдакцыі ”А” пра некалькіх барысаўчан — ураджэнцаў і жыхароў нашага горада, якія гераічна праявілі сябе ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе, у мірнай працы, але гісторыя жыцця каторых не вядомая шырокай публіцы. Адзін з іх — Васіль Андрэявіч Самцэвіч, а таксама яго родныя.

Цяжкае дзяцінства

Васіль Самцэвіч нарадзіўся ў 1889 г. у Крупскім раёне і быў старэйшым з дзяцей у шматлікай сялянскай сям’і Андрэя Самцэвіча. Магчыма таму, што ўжо з малых гадоў яму прыходзілася наймацца на працу да больш заможных аднавяскоўцаў, каб дапамагчы бацькам пракарміць сям’ю, у хлапчука выпрацаваліся якасці сапраўднага працаўніка. А іх на вяку Васіля хапала. Ён быў сведкам, а недзе і ўдзельнікам першай сусветнай вайны, рэвалюцыі, грамадзянскай і другой сусветнай войнаў…

З малых гадоў у хлопца была цяга да ведаў. Таму вучоба ў пачатковай школе, якая адкрылася ў вёсцы, была для яго не цяжарам, а задавальненнем. Нягледзячы на беднасць і разруху пачатку ХХ стагоддзя, Васіль здолеў пасля заканчэння школы прадоўжыць вучобу ў народным вучылішчы ў суседняй вёсцы Нача цяперашняга Крупскага раёна, а затым і Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю.

Браты і сёстры

Цяпер ужо юнак асабіста мог дапамагчы сваім братам і сёстрам атрымаць адукацыю. І яны яе не проста атрымалі, а пайшлі па шляху старэйшага брата. Дзве сястры з часам сталі настаўніцамі.

Брат Пётр таксама пасля заканчэння ўжо ў гады Савецкай улады Мінскага педагагічнага інстытута таксама пачаў працаваць выкладчыкам, але праз некалькі месяцаў, у жніўні 1941 года, сышоў з жыцця.

Другі брат, Сямён, прайшоў цяжкімі шляхамі Вялікай Айчыннай вайны, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За баявыя заслугі”, а пасля вайны стаў вядомым вучоным, доктарам навук, прафесарам, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР, спецыялістам у галіне мікрабіялогіі. Ужо да пачатку вайны ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, а асновы сваёй далейшых навуковых даследванняў на практыцы выпрацоўваў ў баявых умовах. Дарэчы, і ўзнагароджаны ён быў не толькі за баявыя заслугі, але і за практычнае прымяненне сваіх ведаў у вобласці мікрабіялогіі. Працуючы ў санэпідэматрадзе 39 арміі ён распрацаваў тэхналогію спецыяльнага раствора з выцяжкі альховых дрэў для лячэння кішэчна-страўнікавых хвароб і падрыхтаваў больш за 1000 літраў гэтага лякарства для арміі. Акрамя таго, ён падрыхтаваў каля 150 літраў правітаміна “А” з мясцовых матэрыялаў, а ў часы жорскіх баёў у палявых умовах вынайшаў, падрыхтаваў і перадаў ў медсанбаты арміі 3 тысячы 500 бутэлек замяняльніка крыві для пераліванняў.

Тры вайны, шмат выпрабаванняў і самаадданасць

Непасрэдна ж Васілю прыйшлося прыняць удзел аж у трох войнах. Пасля заканчэння ў 1912 годзе Віцебскага настаўніцкага  інстытута ён быў накіраваны ў Віленскае ваеннае вучылішча. Атрымаўшы ваенную адукацыю, Самцэвіч ваяваў на румынскім фронце спачатку камандзірам узвода, затым камандзірам роты.

Пасля рэвалюцыі Васіль быў дэмабілізаваны і нейкі час працаваў  супрацоўнікам Народнага камісарыята Заходняй вобласці (так кароткі час пасля рэвалюцыі азначалася Беларусь). кіраваў на Лагойшчыне спачатку вучылішчам, затым павятовым аддзелам народнай адукацыі.

Але калі Польша развязала вайну супраць маладой Савецкай улады, Самцэвіч, як кадравы афіцэр, зноў апынуўся на фронце: камандаваў ротай, а затым і батальёнам. Прыйшлося да таго яшчэ і прымаць удзел у ліквідацыі бандытызма.

Закончылася грамадзянская вайна, і Васіль Андрэявіч зноў вярнуўся да мірнай педагагічнай працы. Выкладаў спачатку ў Лагойскім раёне, кіраваў Лагойскім вучылішчам, затым пераехаў у Барысаў, працаваў загадчыкам гарадскога упраўлення адукацыі. Там яго зноў застала вайна, але ўжо з гітлераўскай Германіяй.

Васілю Андрэявічу ў 1941 годзе споўнілася 52 гады, але ён не мог застацца ў баку ад барацьбы з ворагам. Хаця Самцэвіч і апынуўся ў эвакуацыі, у горадзе Саранску, ён добраахвотна пайшоў працаваць у ваенны шпіталь, каб хоць чымсці дапамагчы Чырвонай Арміі. Дарэчы, яго сын Уладзімір, які разам з маці застаўся на акупіраванай тэрыторыі, таксама актыўна ўключыўся ў барацьбу, стаў разведчыкам партызанскай брыгады “Жалязняк” і загінуў у адным з баёў з акупантамі. За ўдзел ў барацьбе з нацысцкай Германіяй Самцэвіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, медалём “За перамогу над Германіяй”.

Мірная праца

Вярнуўшыся пасля вызвалення Беларусі ў родныя мясціны, Васіль Андрэявіч зноў заняўся сваёй любімай педагагічнай справай. Працуючы загадчыкам раённага аддзела народнай адукацыі, ён не толькі прыкладваў усе намаганні, каб хутчэй аднавіць школы, наладзіць у іх адукацыйны і выхаваўчы працэс, але і актыўна займаўся краязнаўствам, навуковай дзейнасцю. Самцэвіч пісаў падручнікі і дапаможнікі для школ, распрацаваў фактычна новую, больш эфектыўную ў параўнанні з деючай у той час праграму навучання для пачатковых школ, плённа супрацоўнічаў з Акадэміяй навук БССР.

Ужо ў сталым узросце, калі Васіль Андрэявіч працаваў ужо загадчыкам навучальнай часткі, затым дырэктарам барысаўскай школы №6. Ён першым у Беларусі пачаў звязваць класічныя ўрокі ў школе з вытворчым навучаннем. Як вядома, пазней, у 1960-я гады, ўсе школы не толькі Беларусі, але і ўсяго Савецкага Саюза былі пераведзены на навучанне з вытворчым ухілам. Яны так і называліся – палітэхнічныя школы.

Ужо за заслугі ў мірнай педагагічнай працы Васіль Андрэявіч Самцэвіч быў удастоены высокіх узнагарод – ордэна “Знак Пашаны” і звання “Заслужаны настаўнік БССР”.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry