Кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Хромчанка звярнуўся ў рэдакцыю «Адзінства» з некалькімі нарысамі аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны — заслужаных настаўніках, ураджэнцах Барысаўшчыны і працаваўшых ў нашым рэгіёне. Мы цалкам падзяляем меркаванне Дзмітрыя Мікалаевіча аб тым, што ўклад у Вялікую Перамогу людзей самай мірнай прафесіі заслугоўвае таго, каб пра яго даведаліся чытачы нашай газеты, і прапануем вашай увазе аповед пра барысаўскую настаўніцу-гераіню Зінаіду Альхімовіч.

Зінаіда Ігнатаўна Альхімовіч

Малая Радзіма. У гэтым словазлучэнні заключаны глыбокі сэнс. Гэта і месца, дзе нарадзіўся чалавек, але гэта і адлюстраванне яго светапогляду, яго адносін як да таго месца, к якому чалавек, гаворачы словамі асветніка Ф. Скарыны “вялікую ласку імаці”, і не толькі да пэўнай мясцовасці, але і да Вялікай Радзімы. Апошняе вызначаецца словам “патрыятызм”. Патрыятызм праяўляецца не толькі ў гады выпрабаванняў, напрыклад, у ваенны час, ён праяўляецца і ў адносінах да ўсяго, што адбываецца на працягу жыцця чалавека, ў яго паводзінах, адносінах да сваёй працы, да людзей.

Асабліва гэта выразна праяўляецца ў дзейнасці настаўнікаў, людзей, якія не толькі выкладаюць той ці іншы прадмет, але перш за ўсё вучаць дзяцей ўсяму добраму, вучаць не толькі словамі, але і сваім прыкладам.

Адным з такіх прадстаўнікоў гэтай гуманнай прафессіі была Зінаіда Ігнатаўна Альхімовіч, уражэнка горада Барысава. Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны настаўнік БССР, кавалер урадавых узнагарод – вось далёка не поўны пералік яе заслуг.

Юнацтва Зінаіды прыйшлося на перадваенные годы. Пасля заканчэння Мінскага педагагічнага вучылішча яна была накіравана працаваць настаўніцай у адну з пачатковых школ Чэрвеньскага раёна. Там яе і застала вайна.

Пакаленне даваеннай моладзі… Якімі яны былі, аб чым марылі, як успрыймалі наваколле, цяпер нам —пасля таго, як мінула столькі гадоў — даволі цяжка ўявіць. Калі судзіць па газетам таго часу, то можна зрабіць выснову, што юнакі і дзяўчаты былі поўныя аптымізму, дарэчы, як і моладзь іншых гадоў, але аптымізм іх яднаўся з патрыятызмам.

Не выпадкова, што калі пачалася нямецкая акупацыя, маладая настаўніца не засталася ў баку ад барацьбы з ворагам. Ужо з пачатку 1942 года Зінаіда была сувязной у партызан. З рызыкай для жыцця яна выконвала заданні камандавання атрада імя Варашылава, які з цягам часу стаў са стаўной часткай партызанскай брыгады імя героя грамадзянскай вайны Будзённага. Яна распаўсюджвала лістоўкі, даставала і перадавала партызанам медыкаменты, выконвала іншыя даручэнні.

Трэба адзначыць, што ва ўмовах акупацыі такая небяспечная дзейнасць не магла выконвацца па прымусу, па мабілізацыі. Людзі ішлі на гэта добраахвотна, свядома разумеючы, што іх чакае ў выпадку правалу.

Пагроза правалу не мінула і Зінаіду. Таму яна у пачатку 1943 года пакінула вёску і стала партызанкай таго атрада, з якім раней падтрымлівала сувязь. Як і ўсе, удзельнічала ў баявых аперацыях, пераносіла цяжар партызанскага жыцця, хаця ёй, маладой дзяўчыне, было значна цяжэй, чым партызанам мужчынам. Ды і ўспрыйманне рэчаіснасці ў яе было больш абвостраным, чым у іншых.

Можна зразумець пачуцці і ўзрушанасць Зінаіды, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла дзецям, калі яна стала сведкам вельмі трагічнага эпізода з яе партызанскага жыцця. Вясной 1944 года атрад імя Варашылава партызанскай брыгады імя Будзённага, у складзе якога была і партызанка Альхімовіч, вёў жорскія баі з карнікамі, апынуўшыся ў акружэнні падчас блакады ў пінскіх балотах. З імі ў акружэнні аказаліся і мірныя людзі з цывільнага лагера. На працягу некалькіх месяцаў, з лютага па май, партызаны імкнуліся прарваць кальцо акружэння. Заканчваліся боепрыпасы. Многія былі знясілены ад голада. Асабліва пакутвалі дзеці. Да і іх бацькам было не лягчэй. Да сваіх пакут дабаўлялася і горыч з таго, што яны нічым не маглі дапамагчы малым. Даведзены да адчаю, знясілены сямігадовы хлопчык пачаў прасіць бацьку-партызана, каб той застрэлі ўяго, паколькі ён ужо не мог цярпець пакуты. Гэта вельмі ўразіла Зінаіду і запомнілася на ўсё жыццё. Пасля вайны яна не аднойчы расказвала аб гэтым сваім выхаванцам.

Пасля вызвалення Зінаіда Ігнатаўна зной вярнулася да сваёй любімай прафесіі, да дзяцей.

З цягам часу яна пакінула школу і як адзін з лепшых педагогаў горада ўзначаліла калектыў дзіцячага сада ў Барысаве. Новае месца працы прынесла і новыя турботы. Маладому кіраўніку цяпер прыходзілася працаваць не толькі і не столькі з дзецьмі, колькі з дарослымі: з нянямі, выхавацелямі. Але ўдумлівы, ўзважаны падыход да працы, памяркоўныя, паважныя і ў той жа час патрабавальныя адносіны да калег па працы прыносілі свой вынік. Хутка дзіцячая ўстанова, якую ўзначальвала Альхімовіч, стала адной з лепшых і была прадстаўлена да ўдзелу ва Ўсесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Бронзавы медаль ВДНГ стаў сведчаннем крапатлівай, самаадданай працы работнікаў дзіцячага сада і асабіста кіраўніка гэтай установы.

Зінаіду Ігнатаўну неаднаразова выбіралі дэпутатам Барысаўскага гарадскога Савета, а сведчаннем прызнання педагагічнага таленту з’явілася яе праца грамадскім метадыстам пры Мінскім абласным аддзеле народнай асветы.

Яе працоўныя заслугі былі высока ацэнены і тым, што Зінаіда Ігнатаўна была ўдастоена высокага звання “Заслужаны настаўнік БССР”. Баявое ж мінулае адзначана ўрадавымі узнагародамі: ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, медалямі.

Такі вось жыццёвы шлях Настаўніка, патрыёта сваёй малай і вялікай Радзімы Альхімовіч Зінаіды Ігнатаўны, шлях, аб якім павінны ведаць яе землякі. І не толькі яны…

Фотография З.И. Альхимович предоставлена автором письма, вторая — из открытых источников интернета (носит иллюстративный характер)

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
1