Працоўны стаж жыхара вёскі Аздзяцічы Леаніда Чуіса ў жывёлагадоўлі  — 36 год. З іх апошняе дзесяцігоддзе ён працуе ў акцыянерным таварыстве «БарысаўСаюзАгра». Мужчына на добрым рахунку як у гаспадарцы, так і ў раёне. Па выніках работы за мінулы год яму аб’яўлена ўдзячнасць старшыні райвыканкама. Знаёмім са спадчынным жывёлаводам.

З сялянскай працай жывёлавод 5 разраду Леанід Чуіс знаёмы з маленства. Ободва бацькі працавалі на Віцебшчыне, дзе ён нарадзіўся, у сельскай гаспадарцы: маці — даяркай, бацька — пастухом і даглядчыкам. Хлопчык дапамагаў ім. Пасля заканчэння школы вывучыўся на трактарыста, але жывёла яго прываблівала больш, чым жалезны конь.

— Маці мая Сафія Арцёмаўна даіла ўручную 22 каровы, гэта было вельмі складана, — успамінае Леанід Барысавіч. — Усё малако трэба было перанесці і пераліць у флягі. Ордэн Леніна проста так не даюць, а яна яго мела. Зараз ужо няма ні маці, ні бацькі…

У Аздзяцічы сям’я Чуіс пераехала дзесяць год таму, атрымала жыллё і працоўнае месца. Дарэчы, у жывёлагадоўлю прыйшла і жонка Ганна Васільеўна, на Віцебшчыне яна была паштальёнам. Іх працай задаволена кіраўніцтва гаспадаркі.

— Бывае, што я нават не заходжу да Леаніда Барысавіча ў хлеў, — заўважае намеснік дырэктара па кіраванню ААТ «БарысаўСаюзАгра» Людміла Пупчык. — Ведаю, што ў яго ўсё добра. Ганна Васільеўна спачатку працавала аператарам машыннага даення, а зараз у яе самая адказная праца — прымае цялят.

Леанід Чуіс жа даглядае 148 першацёлак: корміць, поіць і наводзіць парадак у памяшканні. Ад яго працы ў многім залежыць, ці атрымаецца ў выніку высокапрадукцыйная карова.

— Без пятнаццаці пяць раніцы я ўжо на комплексе, — расказвае жывёлавод. — Прыбіраю рэшткі кармоў, мыю паілкі, чышчу праход, каб трактар праехаў, і г.д. Так працую да двух гадзін, потым іду дамоў і вяртаюся назад у чатыры, зноў наводжу парадак. Самае малако менавіта ў маім памяшканні комплексу, першацёлкі даюць яго звыш 30 л у дзень.

Жывёлы пазнаюць свайго даглядчыка па голасу, бо ён заўсёды з імі размаўляе. Толькі пачуюць, што мужчына зайшоў, і бягуць да выгулу, бо ведаюць, што іх выпусцяць у двор.

Ёсць у жывёлавода і хатняя гаспадарка: свінні, куры і тры каты. Зараз, калі жонка ў бальніцы, мужчына верціцца як вавёрка ў коле, але з усім спраўляецца.

— Чысціня, парадак і распарадак — першая справа для жывёлавода, — упэўнены Леанід Чуіс. — Калі не знаёмы з імі, лепш ідзі дамоў і сядзі там. Абавязкі свае трэба не толькі ведаць, але і бездакорна выконваць, тады табе будзе і павага, і пашана.

Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
1