Сення, 3 снежня, Барысаў вітаў удзельнікаў і гасцей XVIII абласнога фестывалю народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”. Яго гісторыя пачынаецца з 2001 года ў г. Мар’іна Горка Пухавіцкага раёна. Натхнялькам і доўгі час старшыней журы з’яўляўся кампазітар, народны артыст Беларусі і СССР Ігар Лучанок. На пряцягу 20 гадоў фестываль праходзіў на Пухавіцкай зямлі, а ў гэтым годзе было прынята рашэнне пашырыць яго сцэнічныя прасторы і геаграфію, каб паказаць жыхарам іншых рэгіёнаў усю разнастайнасць аматарскай творчасці Міншчыны.

Гэта мерапрыемства недарэмна называюць адной з самых адметных фестывальных старонак вобласці і лічаць знакавай падзеяй у культурным жыцці вобласці. Фестываль папулярны і цікавы ў прафесійным плане як для кіраўнікоў творчых калектываў, так і для артыстаў-аматараў. Яго асноўная ідэя – раскрыць багацце і разнастайнасць аматарскай творчасці ў самабытнай рэгіянальнай афарбоўцы.

Па традыцыі, фестываль сабраў удзельнікаў з усіх 23 рэгіёнаў сталічнай вобласці. Выступы аматарскіх калектываў ацэньвала кампетэнтнае журы, якое ўзначаліў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага аркестра народных інструментаў Республікі Беларусь імя І. Жыновіча, дацэнт кафедры духавой музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кавалер ордэна Францыска Скарыны, прафесар Аляксандр Крамко.

– “Напеў зямлі маёй” – самы галоўны конкурс для ўсіх творчых калектываў Мінскай вобласці. Напэўна таму што да яго рыхтуюцца цэлы год. І галоўны прыз – мікрааўтобус, вельмі важны: дзякуючы яму вашу творчасць убачаць многія, вы зможаце наведваць розныя канцэрты, святы, фестывалі. Сёння мы прыехалі ў Барысаўскі рэгіён, каб пашырыць сцэнічную пляцоўку. Колькасць удзельнікаў фестывалю налічвае больш за 1000 чалавек. Жадаю кожнаму з вас не толькі атрымаць бурныя авацыі, хвіліну славы, але і яшчэ раз паказаць, што творчы патэнцыял Мінскай вобласці знаходзіцца на самым высокім узроўні. Упэўнена, што сённяшні канцэрт будзе напоўнен адкрыццямі, – адзначыла начальнік Галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ала Шахоцька на ўрачыстым адкрыцці фестывалю.

Ну, а пасля пачалося сапраўднае свята – конкурсная праграма “У творчым сузор’і”. Цудоўны настрой і мноства яркіх уражанняў удзельнікі падарылі гледачам і членам журы. Канкурсанты выконвалі на сцэне творчыя нумары, дэманструючы свой талент і прафесіяналізм. Атмасферу, якая панавала ў той момант, проста нельга передаць словамі. Лепш ацаніце яркі каларыт самі, гледзячы на фотаздымкі.

Сапраўднай адметнасцю сёлетняга мерапрыемства стаў выступ барысаўчан, якія закрывалі конкурсную праграму. Наш раён прадставілі аматарскія калектывы мастацкай творчасці розных жанраў: заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народных інструментаў “Каралі”, узорны харэаграфічны ансамбль “Дарунак” Барысаўскай дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў, узорная цыркавая студыя “Летуценнікі”, настаўнікі па класу эстраднага вакалу Старабарысаўскай дзіцячай школы мастацтваў Вікторыя Астапава і Алена Канашэўская, узорны вакальны ансамбль “Сюрпрыз”, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь драматычны тэатр “Відарыс”, народная вакальная студыя Палаца культуры ім. М. Горкага, народны ансамбль народнай песні “Спадчына” Вяляціцкага СДК, народны ансамбль музыкі і песні “Траецкія музыкі” Старабарысаўскага СДК, узорны ансамбль танца “Дзяцінства” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, народны ансамбль народнай музыкі і песні “Братка-Беларус” РЦНТ.

Другую частку мерапрыемства склалі канцэртныя выступленні аматарскіх калектываў мастацкай творчасці Барысаўскага раёна і артыстаў беларускай эстрады.

І вось наступіў самы доўгачаканы момант – падвядзенне вынікаў мерапрыемства і ўзнагароджанне пераможцаў. Гран-пры фестывалю атрымаў Салігорскі раён. Галоўны прыз – мікрааўтобус. Удзельнікі фестывалю акрамя спецыяльных дыпломаў у розных намінацыях атрымалі каштоўныя прызы. Барысаўчане адзначаны дыпломам за творчы ўклад у развiцце беларускай песеннай культуры, дыпломам удзельнiка фестывалю i падарункамi.

Ірына МАЛІНОЎСКАЯ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
71