Два гады таму права кіравання ААТ «БарысаўСаюзАгра» было перададзена УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» ААТ «Мінскаблхлебапрадукт», і змены да лепшага не заставілі доўга чакаць. Сёлета гаспадарка пры аднолькавым пагалоўі кароў дасягнула росту вытворчасці малака 202 працэнты. Даведаліся аб складаемых поспеху.

Штодзённа ў акцыянерным таварыстве «БарысаўСаюзАгра» надойваюць 24,5 тоны малака. Усё яно ідзе класам экстра і тлустасцю 4,0%, таму таварнасць складае 92 працэнты. Такія паказчыкі адбіваюцца і на заработнай плаце калектыву: сярэдняя па гаспадарцы за 9 месяцаў — 1265 рублёў, у жніўні была аж 1600 рублёў. Няма праблемы з кадрамі, існуе нават чарга, каб працаваць тут.

— Умовы ў нас добрыя, заробкі высокія, таму людзі і ідуць, — пацвярджае намеснік дырэктара па кіраванню ААТ «БарысаўСаюз­Агра» Людміла Пупчык. — Тры гады назад не было каму кароў даіць, а зараз выхадныя, святы — ніякіх праблем. Усе трымаюцца за месца.

Людміла Мікалаеўна лічыць, што складаемыя поспеху — здаровая жывёла, выкананне тэхналогіі і забяспечанасць кармамі.

Першае, з чаго пачалі ў гаспадарцы, — заняліся статкам. Выбракавалі хворых кароў (за год 765), на змену ім увялі высокапрадукцыйных першацёлак. Пасля аднаўлення статка звярнулі ўвагу на тэхналогію.

— Асноўныя яе фактары — людскі патэнцыял, якасныя і збалансаваныя кармы, генетыка каровы і ўмовы ўтрымання, — тлумачыць Людміла Мікалаеўна. — Сіласам і сенажом забяспечаны на 150 працэнтаў, канцэнтратамі — пад поўную патрэбнасць. Цесна працуем з камбінатам хлебапрадуктаў. Штотыднёва праводзім маніторынг надояў, эфектыўнасці выкарыстання і якасці кармоў. З аналізу бачым, якіх рэчываў жывёле не хапае, і рэгулюем іх з дапамогай спецыяльна вырабленага камбікорму.

Асобая ўвага ў сельгаспрадпрыемстве надаецца ўмовам утрымання пагалоўя. А яно тут налічвае 1385 галоў толькі дойнага статка, які размешчаны ў МТК «Аздзяцічы» і на ферме «Лаўніца». Комплекс пабудаваны ў 2015 годзе. Было два хлявы і даільная зала, зараз жа да іх прыбавіліся яшчэ тры памяшканні. Апошняе, трохрадовае, пабудаванае гаспадарчым спосабам, уведзена ў строй у лістападзе. Людміла Мікалаеўна з гордасцю праводзіць экскурсію па комплексе. Тут замест саломы на падсцілку жывёле ў асобных хлявах выкарыстоўва­юць лузгу ад зерня. Ва ўсіх новых хлявах вокны закрыты мешкавінай, каб туды трапляла свежае паветра.

— У нас праведзены капітальны рамонт усяго малочнага абсталявання. У кожнага даільнага апарата індывідуальная прамыўка, — распавядае кіраўнік гаспадаркі. — У дойцы падлога з падагрэвам. Акрамя трох хлявоў, пабудавалі яшчэ дзве сіласна-сянажныя траншэі. Усе кармы сканцэнтраваны на комплексе. Там паставілі 4 бункеры, куды засыпаем камбікорм. Набылі два кормараздатчыкі. На тэрыторыі комплексу ідзе змешванне кармоў, потым іх развозяць па фермах. Цяпер жывёлаводам не трэба цягаць мяшкі з камбікормам.

У гаспадарцы яшчэ ёсць цялятнікі: у Аздзяцічах, Лаўніцы і Клыпенцы. Кожны выконвае сваю функцыю. У першым цёлкі знаходзяцца, пакуль не набяруць 380 кг, у двух другіх — ідуць пад асемяненне. У Лаўніцы плануецца зрабіць племянную ферму. Сярэднесутачныя прыбаўленні ў вазе БРЖ тут таксама нядрэнныя — 1096 г. Звялі да мінімуму і падзеж маладняку.

— Зразумела, без падтрымкі камбіната хлебапрадуктаў і асабіста яго кіраўніка Уладзіміра Мірановіча мы б не справіліся, — дадае Людміла Пупчык. — Уладзімір Уладзіміравіч часта бывае на комплексе, ведае кожнага жывёлавода і аператара машыннага даення. Акрамя таго, перад раённымі «Дажынкамі», якія праводзіліся ў Аздзяцічах, пры дапамозе прадпрыемства быў устаноўлены новы помнік землякам, што загінулі ў гады вайны, і прыведзен у парадак сквер побач з ім. Адрамантавалі дарогі, пад’езды да нашых аб’ектаў. Хочацца сказаць за ўсё гэта вялікае дзякуй.

Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК калектыў акцыянернага таварыства «БарысаўСаюзАгра» сустракае ў добрым настроі і з выдатнымі вынікамі года. Ёсць планы на перспектыву і магчымасці іх рэалізаваць.

Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry