Сёлетні год для раслінаводчай галіны Барысаўшчыны быў неадназначным: пэўныя культуры далі высокі ўраджай, па другіх ён ніжэй мінулагодняга. Так здарылася і ў лідара жніва-2022 — ААТ «Птушкафабрыка Вяляцічы». Тут няблага паказалі сябе збожжавыя, а кукуруза крыху падвяла. Наведалі гаспадарку і даведаліся, чым зараз заняты там працаўнікі палёў.

Так супала, што ў кожны візіт у сельгаспрадпрыемства ідзе дождж. Здавалася б, якія работы ў такое надвор’е могуць весціся на полі, аднак і ў макрату выходзяць трактары на ворыва.

— Будзем працаваць, пакуль зямлю не скуе мароз, — заўважыў галоўны інжынер акцыянернага таварыства Аляксей Скараход. — Плошчы пад ворыва зябліва ў нас вялікія — 1428 га. Тэхніка новая, энерганасычаная: маем па два John Deere, Fendt і МТЗ 3522, астатнія трактары МТЗ ніжэйшага класа. У залежнасці ад прычапных агрэгатаў за дзень адольваюць не менш за 20 га. Для такой тэхнікі патрэбны добрыя механізатарскія кадры, шукаем іх не толькі на вёсцы, але і ў горадзе. Арганізаваны падвоз з Барысава. У нас строгая дысцыпліна, але і заробкі неблагія. Рады ў сябе бачыць адказных трактарыстаў. Іх працуе зараз 16, ёсць яшчэ чатыры вакансіі.

Летась у гаспадарцы пабудаваны новы сучасны зернесушыльны комплекс.

Яго мы таксама наведалі. Пабачылі, як у завальную яму загружалі зерне кукурузы. З тэхналагічным ланцужком дзейнасці комплекса пазнаёміў начальнік ЗСК Сяргей Саўчанка. Тут усё аўтаматызавана, працуюць пазменна па двое: аператар ЗСК і яго памочнік.

— На камп’ютары аператар сочыць за ўсімі працэсамі сушэння зерня, — расказаў Сяргей Міхайлавіч. — Вільготнасць яго даводзім да 13 працэнтаў і загружаем у вялікі бункер. Кукурузы сёлетняга ўраджаю там ужо 120 тон. Сырое зерне зараз плюшчаць на МТК «АФТАБ», а не ў нас. Яго там кладуць у рукавы на корм жывёле.

На ЗСК захоўваецца і ўраджай збожжа, а ён сёлета неблагі. Нездарма ж ААТ «Птушкафабрыка Вяляцічы» перамагло ў раённым спаборніцтве на жніве.

— Надвор’е спрыяла атрыманню высокіх ураджаеў, — падцвердзіў Аляксей Скараход. — Пшаніцы мы намалацілі па 65 ц/га, рапса — 29,8 ц/га. Валавы збор збожжавых склаў 9200 тон, рапса — 1200 тон. Гэтыя высокарэнтабельныя культуры дазволілі палепшыць фінансавае становішча прадпрыемства.

Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry