2 лістапада раптоўна памёр славуты барысаўчанін, вядомы эсэіст, выдатнік адукацыі Беларусі, аўтар шматлікіх краязнаўчых кніг, кіраўнік музея «Літаратурны космас Мётчы» Уладзімір Піліпавіч Лайкоў.

Ураджэнец вёскі Астроўкі, што на Крупшчыне, Уладзімір Піліпавіч сваю працоўную дзейнасць ажыццяўляў на Барысаўшчыне, з’яўляючыся дырэктарам і настаўнікам Мётчанскай сярэдняй школы.

Менавіта ён даў пачатак шматлікім творчым праектам, якія дзейнічаюць і цяпер. Гэта ансамбль «Берагіня», лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, захавальнік беларускіх нацыянальных музычных і танцавальных традыцый. Гэта літаратурна-музычны фестываль «Мядоцкі край і яго таленты», у межах якога Мётчанскую зямлю наведвалі такія вядомыя творцы, як Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Алег Лойка, Ніл Гілевіч, Алесь Пісьмянкоў, Навум Гальпяровіч і многія іншыя.

У сцянах Мётчанскай школы Уладзімір Піліпавіч стварыў унікальны музей «Літаратурны космас Мётчы», у якім захоўваецца некалькі соцен кніг з аўтографамі класікаў беларускай літаратуры.

Уладзімір Піліпавіч з’яўляўся дэпутатам мясцовых кіраўнічых органаў і шмат зрабіў для паляпшэння жыццёвых умоваў  насельніцтва. Ён наладзіў кантакты с органамі адукацыі Італіі з мэтай аздараўлення беларускіх дзяцей у італьянскіх семьях.

Немагчыма пераацаніць уклад Уладзіміра Піліпавіча ў сацыяльнае і культурнае жыццё Барысаўшчыны. А яшчэ ён быў чалавекам вялікай шчырай душы.

Развітанне з Уладзімірам Піліпавічам Лайковым адбудзецца 4 лістапада з 10.00 да 12.00 у г. Барысаве па адрасе: вул. Лапацiна, д. 10.

А з 12.30 до 13.30  развiтанне працягнецца ў яго доме ў вёсцы Н.-Мётча, вул. Школьная, д. 9.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
32