Цэнтр традыцыйнай культуры г. Барысава запрашае прыняць удзел у III рэгіянальным анлайн-конкурсе «Дзяды і нашчадкі», які пройдзе з 17 кастрычніка 2022 года па 11 лістапада 2022 года і прысвячаецца народнаму святу Дзяды. Навошта ён патрэбен, якiя ўмовы для ўдзельнiкаў, карэспандэнт «А» даведалася ў дырэктара ЦТК Алены ЯНКОЎСКАЙ.

— Алена Вячаславаўна, хто выступае арганізатарам конкурсу, акрамя ЦТК?

— ДУК «Раённы цэнтр народнай творчасці», гэта наш сумесны праект.

Якiя вашы мэты?

— Па-першае, гэта падтрымка культуры сямейнай памяці. Бо свята Дзяды, вядомае ва ўсіх кутках Беларусі, як раз i прысвечана ўшанаванню сваіх продкаў. Гэта народнае свята адзначаецца некалькі разоў на год: увосень у лістападзе – Асяніны або Змітраўскія Дзяды, зімою ў лютым – Масленічныя Дзяды, вясною – Радуніца, улетку ў чэрвені – Траецкія Дзяды. У некаторых вёсках і сем’ях ведаюць Пятроўскія Дзяды ў ліпені, Міхайлаўскія ў канцы лістапада. Але ў кожнай вёсцы цi мясцовасці могуць быць свае падобныя святы.

Па-другое, мы хочам папулярызаваць практыкаванне народнага святкавання Дзядоў. А яшчэ — гэта магчымасць перадаць веды аб iм маладому пакаленню.

I, канечне ж, падчас конкурсу мы будзем збіраць звесткі і праводзіць даследванне рэгіянальных асаблівасцяў гэтага свята на Барысаўшчыне.

Конкурс толькі для жыхароў нашага раёна?

 Не, мы будзем рады ўдзельніцтву і нашчадкаў барысаўчан, і нашых суседзяў — жыхароў Лагойскага, Докшыцкага, Крупскага, Бярэзінскага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў.

Узрост удзельнікаў?

— Ён не абмежаваны. Вітаецца і сямейны ўдзел — прадстаўнікоў розных пакаленняў: бацькоў і дзяцей, дзядоў і ўнукаў. Але пры ацэнцы журы будзе размяркоўваць работы па розных узроставых катэгорыях — дзеля аб’ектыўнасці. Таксама асобна ацэньваюцца работнікі сістэмы адукацыі і культуры, якія паспрыялі ўдзелу ў конкурсе сваіх вучняў, выхаванцаў, удзельнікаў клубных фарміраванняў. Яны, дарэчы, і самі вольны прадстаўляць запісаныя гутаркі, успаміны пра народнае свята Дзяды, фатаграфіі, сабраныя падчас даследчай ці экспедыцыйнай дзейнасці.

Якія намінацыі прадугледжаны ўмовамі конкурсу?

— Іх чатыры: «Партрэты дзядоў. Эпоха», «Сустрэча дзядоў», «Свята. Абрад. Памяць», «Абрадавыя стравы». Удзельнічаць можна адразу ў некалькіх намінацыях, не дублючы змест работы.

— Калі ласка, крыху падрабязнее аб кожнай намінацыі.

— Намінацыя «Партрэты Дзядоў. Эпоха» — гэта адзін фотаздымак (або некалькі — да 12) свайго продка або крэўнага чалавека, які ўжо пакінуў наш свет, але памяць пра якога вы лічыце асабліва каштоўнай для свайго рода. А да іх — эсэ ці асабовыя звесткі пра вашага продка, якімі валодаеце.

Намінацыя «Сустрэча Дзядоў» прадугледжвае фотаздымак або некалькі аднаго з момантаў свята Дзяды (наведанне могілак, падрыхтоўка абрадавых страваў, запальванне свячы і інш.). Да фотаздымкаў прыкладаецца анкета з асабовымі звесткамі і напісаны ў вольнай форме аповед пра фатаграфію і той момант, які на ёй выяўлены.

Для ўдзелу ў намінацыі «Свята. Абрад. Памяць» трэба даслаць эсэ пра традыцыю адзначэння восеньскіх Дзядоў у вашым родзе: калі адбываецца свята восеньскіх Дзядоў і як яго дакладна называюць у вашай мясцовасці, калі і як пачынаюць рыхтавацца да свята і г.д.

Намінацыя «Абрадавыя стравы» — гэта эсэ пра традыцыю гатаваць абрадавыя стравы на восеньскія Дзяды ў сваім родзе, а таксама рэцэпты гэтых страваў.

— Куды і да якой даты дасылаць работы?

— На адрас электроннай пошты Цэнтра традыцыйнай культуры г. Барысава: ctk_borisov@mail.ru да 11 лістапада 2022 года.

Усе падрабязнасці мы гатовы дадаткова расказаць па тэлефоне! Нумар: (+375-177)-72-30-75, працуем: пн-пт 8:30-17:30 (перапынак 13:00-14:00).

— Якія плануюцца узнагароды?

— Аўтары лепшых работ атрымаюць дыпломы па намінацыях і сімвалічныя памятныя падарункі ад ЦТК, астатнія ўдзельнікі — пасведчанні аб удзеле ў электронным варыянце.

Акрамя таго, вынікам конкурсу стане анлайн-фотавыстава Цэнтра традыцыйнай культуры. Яна будзе размешчана ў суполках Цэнтра на сацыяльных старонках УКантакце і Аднакласнікі, пачынаючы з 21 лістапада. Таксама мы падрыхтуем памятную друкаваную публікацыю, у якую ўвойдуць дасланыя ўдзельнікамі работы.

— Дзякуй за расказ і поспеху будучым канкурсантам!

Святлана ЧЭКАЛАВА, фото з архіву ЦТК г. Барысава

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry