Пірамідальныя, рамбавідныя, шарападобныя, з саломы і сучасных матэрыялаў, упрыгожаныя стужкамі, паперай ці пацеркамі — такімі прадсталі перад журы вырабы ўдзельнікаў ІІІ раённага свята-конкурсу майстроў саломапляцення «Саламяны павук». Паветраныя і непаўторныя рэчы, безумоўна, цудоўна будуць выглядаць у інтэр’еры. На свае вочы ўбачылі, як ствараецца прыгажосць.

Раней у кожнай беларускай хаце вісела ажурная канструкцыя, створаная з мноства саламяных трубачак. Нашы продкі верылі, што ў ёй заблытваюцца, як муха ў павуцінні, усе няшчасці і хваробы. Саламяных павукоў падвешвалі над калыскамі, над маладымі пад час вяселля, над столлю ў чырвоным куце хаты. Нажаль, зараз такі прыгожы талісман рэдка сустрэнеш у сучаснай кватэры.

Шэсць гадоў таму на Барысаўшчыне вырашылі аднавіць гэты від народнага рамяства. Раённы цэнтр народнай творчасці арганізаваў свята-конкурс майстроў саломапляцення «Кожнай хаце – сваё сонейка». У ім прынялі ўдзел 17 майстроў. Конкурс стаў традыцыйным, праводзіцца раз у тры гады. Работы, створаныя под час яго, удзельнікі перадалі ў Цэнтр традыцыйнай культуры.

— Сучасныя даследванні падцвярджаюць здагадку аб сімвалічным значэнні саламяных павукоў як мадэлі ідэальнага свету, здольнага ўносіць гармонію ў навакольную прастору — паведаміла, адкрываючы свята, яго вядучая, дырэктар Вяляціцкага СДК Наталля Цішкавец. — Таму, напэўна, «павучкі» і сёння павінны быць у кожнай хаце.

Удзельнікаў конкурсу прывіталі дырэктар РЦНТ Галіна Марцінчык і член журы, метадыст установы Аксана Кокшына. Яны пажадалі канкурсантам творчых поспехаў і натхнення. Святочны ж настрой дапамаглі сваім выступленнем стварыць народны ансамбль эстраднай песні «Павер’е» і вакальнае трыа «Арыя».

— Мы разумеем важнасць захавання культурнай спадчыны, — адзначыла Галіна Мікалаеўна. — Бо, як вядома, без мінулага няма будучага. З года у год стараемся развіваць гэты від народных рамёстваў, шукаем новыя ідэі канструкцый саламянага павука. Наша калекцыя павялічваецца, таму думаем аб стварэнні выставачнай залы, дзе яна будзе прадстаўлена. Сярод удзельнікаў конкурсу шмат прадстаўнікоў сельскіх устаноў культуры, спадзяёмся, што яны ўнясуць свой уклад у распаўсюджанне традыцыі на месцах.

— Нам бы хацелася, каб пляценне саламяных павукоў на Барысаўшчыне развівалася больш, — дадала Аксана Міхайлаўна. — У Быхаве, напрыклад, павуку ўжо прысвоена званне гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таму нам ёсць да чаго імкнуцца. Сёлета ў конкурсе няма з намі Любові Іваноўны Махровай, выдатнага майстра з Забалоцця. Не стала Раісы Паўлаўны Анікеевай, носьбіткі народных традыцый. Аднак прыходзіць моладзь, сярод удзельнікаў конкурсу яе нямала. І гэта радуе. Мы ўдзячны ўсім ім (пачынаючым і вопытным майстрам) за тое, што падтрымліваюць і развіваюць гэтую традыцыю.

На конкурс яго ўдзельнікі прыйшлі ўжо з загатоўкамі сваіх саламяных канструкцый. Бо за тры гадзіны, што на яго адводзіцца, немагчыма зрабіць павука з нуля.

У Ганны Дзеравяшка і двух удзельніц гуртка «Майстрыца» Вяляціцкага СДК, якім яна кіруе, работа кіпела адразу над двума саламянымі канструкцыямі: пірамідальнай і арыгінальнай формаў.

— Саламянымі павукамі я займаюся ўжо не першы год, — расказала Ганна Яўгенаўна. — Удзельнічала ў мінулым свяце-конкурсу, была адной з пераможцаў. С той пары і пляцём павукоў, прычым, рознай формы: пірамідальныя, рамбічныя, зоркі і іншыя. Яны ў нас вісяць у Доме культуры. Матэрыял рыхтуем перад жнівом. Саломку чысцім і сушым, а потым захоўваем ў цёмным месцы. Перад пляценнем наразаем яе на кольцы, ашпарваем. Працуем з сырой, так лягчэй.

Гараджанам жа цяжый з сыравінай для павукоў. Аднак у Печынскім ДК знайшлі выйсце — выкарыстоўваюць пласцікавую саломку для кактэйляў.

— Мы з рабятамі займаемся рознымі самаробкамі, — падзялілася кіраўнік гуртка «Скарбніца» Ала Машкетава. — Узялі гэтыя трубачкі, бо яны нагадваюць саломку. Павукі ў нас атрымліваюцца рознакаляровыя, вясёлыя. Можна сказаць, павукі добрага настрою. Сама я ўдзельнічала ў мінулым конкурсе, а зараз — разам са сваімі вучнямі. Яны ў мяне малайцы, акрамя таго, ткуць, робяць лялек.

Рабятам падабаецца гэты занятак. У асобных, напрыклад, у Каці Марціновіч, павук ужо «пасяліўся» на кухні.

Журы аб’ектыўна ацаніла ўсе работы саломапляцельшчыкаў. Іх аўтары атрымалі дыпломы розных ступеняў, а калекцыя саламяных павукоў Цэнтра традыцыйнай культуры, дзякуючы конкурсу, папоўнілася новымі экспанатамі.

Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара і РЦНТ

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry