Пад такім дэвізам з 19 па 23 верасня прайшоў Тыдзень беларускай мовы ў гімназіі № 1 г.Барысава, а літара “Ў” стала сімвалам свята.

Пачаўся тыдзень святочным адкрыццём пад назвай “Родная мова – цудоўная мова”, якое падрыхтавала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Сінькевіч. На мерапрыемстве чыталі вершы і спявалі беларускамоўныя песні. Была выпушчана радыёгазета “Мова маёй краіны” пад кіраўніцтвам Юліі Паўлавай. У бібліятэцы была арганізавана тэматычная выстава “Сэрцам роднага слова краніся”. Фае другога паверха ператварылася ў фотазону “Смак беларускай мовы”, там жа разгарнулася выстава беларускага адзення “Будзь у трэндзе” і выстава малюнкаў “Пад небам сінім”, прысвечаная сёлетнім пісьменнікам-юбілярам Янку Купалу і Якубу Коласу.

З нагоды 140-годдзя з дня нараджэння самых знакамітых беларускіх паэтаў быў арганізаваны чэлендж чытальнікаў іх вершаў “Льецца мова”. З вучнямі 5-7 класаў настаўнікамі беларускай мовы былі праведзены завочныя экскурсіі ў літаратурныя музеі Я.Коласа і Я.Купалы, а вучні старэйшых класаў змаглі прыняць удзел у конкурсе буктрэйлераў і прэзентацый па творах Я.Купалы і Я.Коласа.

Падчас акцыі “Размауляй са мной па-беларуску”, якая праводзілася на ўроках і перапынках, вучням было прадстаўлена, як на роднай мове правільна агучыць адрас электроннай пошты, патлумачана значэнне слоў “гатоўка”, “жмінда”, “пакрыёма”, “казурка”, “прышчэпка”, “спакваля”, “звада”, “барукаццца”, “арэлі”, “альтанка” і інш. Адначасова быў арганізаваны марафон выканання беларускіх песень “Мова родная – мова модная”.

Самым масавым стаў адкрыты мікрафон “Вывучы на памяць верш – атрымай дзясятку”, дзе вучні чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў, прысвечаныя роднай беларускай мове, і зараблялі добрыя адзнакі.

На перапынках і падчас класных гадзін вучні гімназіі мелі магчымасць праглядзець спецыяльныя выпускі (відэарэпартажы) “Падарожжы па родных мясцінах”, знятыя гімназістамі. Багаты тыдзень быў на конкурсы віктарыны, акцыі, тэматычныя вечарыны, прысвечаныя роднай мове, роднай краіне пад агульнай назвай “Пазнай Беларусь”.

У межах Тыдня роднай мовы вучні 3 “А” и 3 “Б” класаў наведалі музей беларускай архітэктуры і быта ў Строчыцах. У музеі дзеці пазнаёміліся з прадметамі побыту і прыладамі працы беларусаў, даведаліся, як жылі, пра што марылі, у што верылі нашы продкі. Пабывалі вучні і ў тагачаснай школе, а ў карчме пакаштавалі нацыяльныя стравы.

Завяршыўся тыдзень святочным мерапрыемствам “Як ты дорага мне, мая родная мова!”, якое падрыхтавала Галушка Наталля Міхайлаўна разам са сваімі вучнямі. Тут жа быў дадзены старт творчай акцыі “Чытаем Максіма Танка разам”, бо гэта яшчэ адзін сёлетні пісьменнік-юбіляр.

Тыдзень роднай мовы завяршыўся, а роднае слова працягвае гучаць на перапынках і падчас вучэбных заняткаў. Такія мерапрыемствы дапамагаюць нам захаваць памяць і павагу да сваіх каранёў, да культуры роднай краіны.

Старшыня вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Юлія Сяргееўна Паўлава

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry