Шанаванне перадавікоў жніва, конкурсы снапоў, караваяў, падворкаў, шэсце дэлегацый сельгаспрадпрыемстваў і вялікі канцэрт — праграма раённага свята хлебаробаў Барысаўшчыны, якое прайшло 16 верасня, была вельмі насычанай і запамінальнай. Раздзяліў з землякамі радасць ад сёлетніх поспехаў ва ўборцы ўраджаю і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.
Збожжавы клін Барысаўскага раёна 2022 года склаў звыш 24 тысяч гектараў, з якіх 14 тысяч га — азімыя. Для іх уборкі быў задзейнічаны 81 камбайн. Жніво прайшло ў агратэхнічныя тэрміны і без страт. І як вынік — рэкордныя для Барысаўшчыны сярэдняя ўраджайнасць (перавысіла 44 цэнтнеры з гектара) і намалот (99455 тон). Адзначыць такі небывалы поспех разам на традыцыйным свяце «Дажынкі-20022» у аграгарадок Аздзяцічы з’ехаліся лепшыя хлебаробы Барысаўшчыны.



— Сёння мы ўдзячны кожнаму, хто ўнёс свой значны ўклад у агульны каравай, — адзначыў, вітаючы віноўнікаў урачыстасці, старшыня райвыканкама Мікалай Карповіч. — Самаадданасць працаўнікоў аграрнага комплексу варта захаплення. Паважаныя хлебаробы, дзякую вам за нялёгкую працу, жытні сноп і духмяны каравай, цярпенне і любоў да сваёй прафесіі! Добрасумленна працуючы ў буднія і выхадныя дні, вы дасягнулі высокіх вынікаў. Упэўнены, што і ў далейшым выкананне тэхналогіі, працоўная дысцыпліна, памкненне да высокіх вынікаў дазволяць не спыняцца на дасягнутым і прывядуць да новых вяршынь.



Кіраўнік регіёна ўручыў заслужаныя ўзнагароды працаўнікам галіны. Ганаровай граматай райвыканкама адзначана намеснік старшыні – начальнік райсельгасхарчу Барысаўскага РВК Галіна Давідовіч.



Ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі атрымалі пераможцы раённага спаборніцтва. Сярод гаспадарак першае месца заняло акцыянернае таварыства «Птушкафабрыка Вяляцічы», дзе намалот склаў звыш 9 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 54 ц/га. Сваю прэмію сельгаспрадпрыемства перадало Дому дзіцяці.



Лепшым галоўным аграномам прызнаны Анатоль Касабуцкі з філіяла АЖГ акцыянернага таварыства «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік». Гаспадарка, дарэчы, заняла другое месца ў раённым спаборніцве.

— У мяне агранамічны стаж больш за сорак год, — падзяліўся Анатоль Міхайлавіч. — Сёлета мы пачалі жніво аднымі з апошніх, бо ў нас няма зернесушыльнай гаспадаркі, аднак завяршылі ўборку ў ліку першых. Была добра падрыхтавана збожжаўборачная тэхніка і машыны на адвозцы, надвор’е спрыяла, таму і атрымалі ў сярэднім 50 цэнтнераў з гектара. У філіяле я працую пяць гадоў, такого ўраджаю, на маю памяць, тут не было.

Першае месца сярод экіпажаў камбайнаў заняў старшы камбайнер філіяла «Вялікія Навасёлкі» УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» Дзмітрый Кукалеўскі, а сярод маладых камбайнераў — прадстаўнік гэтай жа гаспадаркі Аляксандр Паўлавец.
— На сваім LEXION я працую ўжо сямнаццаты сезон, — расказаў Дзмітрый Міхайлавіч. — Сёлета намалаціў 2400 тон, аднак гэта не самы высокі мой вынік. Колькі гадоў таму было бадай дзве з паловай тысячы. Калі будуць добрыя ўраджаі, можа, і тры тысячы пераадолею ў будучым.
2129 умоўных тон збожжа перавёз на сваім МАЗе-5550 вадзіцель ТАА «Божадары» Васіль Акуневіч. Ён заняў першае месца ў раённым спаборніцтве. А сярод маладых вадзіцеляў лепшы вынік паказаў прадстаўнік «Вялікіх Навасёлак» Мікалай Лясун. У гэтай гаспадарцы працуе і лепшае звяно аператараў сушыльных установак.
18 хлебаробаў Барысаўшчыны ўзнагароджаны ганаровымі граматамі райвыканкама, і яшчэ амаль чатыром дзясяткам з іх аб’яўлена Удзячнасць старшыні райвыканкама.



Прымалі барысаўскія аграрыі віншаванні ад кіраўніка галіны — міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло. Ён уручыў нагрудныя знакі і ганаровыя граматы.



— Я хачу выказаць вам, дарагія землякі, словы вялікай удзячнасці ад усяго апарата Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, — сказаў Ігар Вячаслававіч. — Барысаўшчына ўнесла значны ўклад у агульнарэспубліканскі каравай — амаль сто тысяч тон намалочана збожжа, а яго ўраджайнасць пераўзышла 44 цэнтнеры з гектара. Даўно мы такога не бачылі. І ў цэлым ураджай будзе рэкордны па краіне.

Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання атрымаў трактарыст-машыніст аддзялення «Кішчына Слабада» акцыянернага таварыства «Міраполле» Валянцін Гілевіч.
— Для мяне такая высокая ўзнагарода была поўнай нечаканасцю, — падзяліўся Валянцін Аляксеевіч. — Я працую ў гаспадарцы 18 год. У нас усё добра: і зарплата высокая, і дырэктар выдатны. На «Амкадоры» выконваю розныя работы: ад пагрузкі зерня да ўгнаення. Сёлетняе жніво было ідэальным. Надвор’е дазволіла ўбраць збожжа ў тэрмін. Так што настрой ва ўсіх прыўзняты.



Павіншавалі барысаўскіх хлебаробаў са святам таксама старшыня Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінаблвыканкама Васіль Сысоеў і старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода, і тут не абыйшлося без узнагароджання.




На свяце, акрамя таго, падведзены вынікі конкурсаў на лепшы каравай, сноп і падвор’е. Адразу два першых месцы ўзяло акцыянернае таварыства «Лошніцкі край» — за сноп і каравай, а лепшае падвор’е — у філіяле «Вялікія Навасёлкі». Ім уручаны спецыяльныя прызы за крэатыўнасць ад старшыні райвыканкама.


Завяршыліся «Дажынкі-2022» святочным канцэртам, у якім выступілі ўзорны ансамбль «Дарунак», народны ансамбль народнай песні і музыкі «Траецкія музыкі», народны ансамбль песні «Отрада», Святлана Лябзяк, Сяргей Іванісаў і іншыя.
Аднак хлебаробам пакуль не да адпачынку, бо належыць яшчэ убраць каралеву палёў — кукурузу, і ідзе сяўба азімых, а значыць, закладваецца аснова пад будучы ўраджай.

— Мы займаем у вобласці восьмае месца па намалоту. Наперадзе ўборка кукурузы, так што плануем дабавіць яшчэ 18 тысяч тон. Гэта толькі пачатак, на будучы год будзе болей. Такі поспех дасягнуты, дзякуючы зладжанай рабоце калектываў на месцах, строгаму выкананню тэхналогіі вырошчвання і, зразумела, надвор’ю. Жніво завяршылася, але нам некалі адпачываць, — пацвердзіў начальнік аддзела раслінаводства райсельгасхарчу Яўген Лапыцько. — На 16 верасня ў раёне пасеяна 42 працэнты плошчаў азімых збожжавых — гэта лепшы паказчык на Міншчыне. Да 1 кастрычніка, мяркую, адолеем ўсе запланаваныя плошчы.
Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара