Вялікае свята пад назвай «Люблю свой край» прайшло ў апошнюю суботу лета ў вёсцы Іканы. Для яго ўдзельнікаў была падрыхтавана насычаная праграма з атракцыёнамі, конкурсамі, спаборніцтвамі, салдацкай кашай, шанаваннем аднавяскоўцаў і шмат іншым. Тут можна было на людзей паглядзець і сябе паказаць.
Вёска Іканы знаходзіцца ў 43-х кіламетрах ад Барысава, мае багатую гісторыю і традыцыі. У цэнтры яе размесціўся парк Герояў, прысвечаны землякам, якія загінулі ў барацьбе з акупантамі. Побач з ім раней быў музей, на жаль, ён згарэў. Але ў населеным пункце помняць і шануюць сваё мінулае, старонкі якога на свяце нагадала дырэктар Ганцавіцкага ВПК «Дзіцячы сад-сярэдняя школа імя П.Р. Лапаціна» Наталля Зарэмба.

Сёняшні летапіс вёскі складаюць яе жыхары, сярод якіх нямала паважаных людзей. Многіх з іх шанавалі на ўрачыстасці.
— Людзі — наша галоўнае багацце, — адзначыла, вітаючы землякоў, старшыня Іканскага сельвыканкама Ганна Картасава. — Дзень вёскі — гэта свята ўсіх яе жыхароў, хто захоўвае традыцыі і шануе гісторыю. Маючы слаўнае мінулае, вёска Іканы ўпэўнена глядзіць ў будучыню і працягвае жыць.

Павіншавалі вяскоўцаў са святам таксама намеснік старшыні Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Вольга Капыток і пробашч парафіі храма святога праведнага Іаана Крандштацкага іерэй Аляксандр Лук’яновіч.

Словы падзякі і шчырыя пажаданні першымі прымалі старэйшыя жыхары вёскі, сярод якіх нямала тых, хто пераадолеў дзевяностагадовую мяжу, як, напрыклад, Елізавета Фёдараўна Ікан, Алена Фёдараўна Ігнатовіч і Васіль Сямёнавіч Тарасевіч. Ушанавалі на свяце і юбіляраў: Тарасевічы Уладзімір і Валянціна ўжо 45 гадоў крочаць па жыцці разам.
Не засталіся без падарункаў і самыя маленькія жыхары Іканаў — Паліна Наркевіч і Кірыл Жосан, бо, пакуль нараджаюцца дзеці, у вёсцы ёсць будучае. Дарэчы, двое юных жыхароў сёлета ідуць у першы класс. Ім таксама выказаны шчырыя пажаданні з гэтай нагоды.
24 шматдзетныя сям’і пражываюць на тэрыторыі Іканскага сельсавета, тры з якіх — у самой вёсцы, і яны не засталіся без увагі і падарункаў.
Шмат цёплых слоў было сказана ў адрас ветэранаў працы і тых, хто сёння бездакорна выконвае свае абавязкі на рабочым месцы: працаўнікоў сельскай і лясной гаспадаркі, педагогаў, медыкаў, дарожнікаў, паштальёнаў і іншых.

Кожнае віншаванне суправаджалася выступленнямі самадзейных артыстаў Барысаўшчыны, якія стваралі настрой і радавалі сваёй творчасцю гледачоў.

Акрамя ўрачыстай часткі з шанаваннем вяскоўцаў, на свяце было яшчэ шмат цікавага. Тут працавалі атракцыёны, якія з задавальненнем наведвала дзетвара. З творамі народных майстроў можна было пазнаёміцца на выставе, якую прадставіў клуб «Натхненне» РЦНТ. Працаваў выязны гандаль, а вось салдацкай кашай можна было пачаставацца бясплатна.

Свой спрыт, сілу і кемлівасць кожны жадаючы мог праявіць у конкурсах і спартыўных спаборніцтвах, а ўдачу — у бяспройгрышнай латарэі.
Свята прайшло на славу і пакінула шмат станоўчых эмоцый у яго наведвальнікаў.

Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота Марыны ДЗЯРУГА

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
1