Старшыня Барысаўскага райвыканкама Мікалай Карповіч пабываў у Аздзяцічах. Сёлета менавіта там пройдзе раённае свята-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. Аднак наперадзе ўборачная кампанія. Мяркуючы па даручэннях, дадзеных Мікалаем Мікалаевічам, гарачая пара чакае не толькі хлебаробаў, але і работнікаў усіх зацікаўленых служб горада і раёна, а таксама кіраўніцтва Мётчанскага сельвыканкама.

ПОМНІКІ. На тэрыторыі адміністратыўнага будынка ААТ “БарысаўСаюз­Агра” ў цені высокіх дрэў хаваюцца помнікі воінам-землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Чаму хаваюцца? Ды таму, што шчыльна абнесены высокім плотам, акружаны з усіх бакоў кустоўем і дрэвамі. Ды яшчэ пафарбаваныя ў чорны колер. Выгляд, мяк­ка кажучы, сумны. На гэта звярнуў увагу і старшыня райвыканкама. Мікалай Мікалаевіч даручыў прадумаць, якім чынам можна добраўпарадкаваць гэта памятнае месца і, урэшце, мадэрнізаваць помнік. Акрамя гэтага, варта прывесці ў парадак агароджу вакол адміністратыўнага будынка сельскагаспадарчага прадпрыемства.

ПРЫПЫНАК, ДЗІЦЯЧАЯ ПЛЯЦОЎКА І РАМОНТ ФАПА. Мікалай Карповіч прайшоўся па цэнтральнай вуліцы аграгарадка і зрабіў адпаведныя вывады. На вочы кінуўся аўтобусны прыпынак. Хоць і трывалая пабудова, аднак ад яе вее даўніной. Сцяна “ўпрыгожана” лаянкавым словам. Старшыня райвыканкама загадаў замяніць непрывабны прыпынак. Дарэчы, парадак варта навесці і на прыпынках у в. Мётча, Малая Ухалода і Ярцаўка.

Вялікая ўвага старшыні райвыканкама ўдзяляецца будаўніцтву дзіцячых пляцовак як у горадзе, так і ў раёне. Аз­дзяцічы – немаленькі населены пункт. У аграгарадку дзейнічае Аздзяціцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа. І рашэнне Мікалая Мікалаевіча пра тое, што тут павінна з’явіцца дзіцячая пляцоўка, больш чым зразумелае. Работы па яе абсталяванні павінны быць выкананы да 1 верасня бягучага года.

Міма мясцовага ФАПа прайсці не здолелі. Няўзброеным вокам бачна, што ён мае патрэбу ў рамонце. Спыніліся на кас­метычным.

На тэрыторыю ВПК таксама зазірнулі. Свята будзе праходзіць паблізу.

ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ НАВАКОЛЛЯ. Шмат нараканняў выклікаў выгляд асобных дарожных знакаў. Яны таксама патрабуюць замены. Работнікаў лясгаса папрасілі прывесці ў парадак лесапаласу ўздоўж дарогі Барысаў-Новая Мётча. Даручэнні тычыліся і аддзела гандлю і паслуг. Добраўпарадкаваць трэба краму ў в. Леванова. Хоць будынак і не эксплуатуецца, аднак знаходзіцца ля дарогі і павінен мець прывабны выгляд.

ДУМКІ ЎСЛЫХ. Калі я пісала матэрыял, у галаве нарадзілася думка: работы па добраўпарадкаванню ніколі не бывае мала. І сапраўды. Узяць хаця б уласны прысядзібны ўчастак: кожны дзень штосьці мыеш, падбіраеш, косіш, поліш, чысціш. Здаецца, і выканаў усё, што было запланавана на дзень, а з раніцы зноў за работу. Добры гаспадар не баіцца цяжкасцей, заўважае недапрацоўкі і імкнецца зрабіць свой куток дасканалым. Тое ж датычыцца і раёна. Маштабы розныя – імкненне да дасканаласці аднолькавае. Моцнае.

Tаццяна САКОВІЧ, фота аўтара

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry