Спякота вяртаецца ў раён. Прыйшоў час збіраць ураджай. Спелае калоссе так і просіць, каб хутчэй знялі з яго цяжар – наліўное зерне. Па традыцыі пачынаецца ўборачная па-святочнаму. Сёлета барысаўскія аграрыі сустракаюць свята першага снапа на землях ПСГ “Чарневічы”.

Павіншаваць галоўных герояў жніва, камбайнераў, прыехала кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй Барысаўскага райвыканкама Мікалаем Карповічам.

– Кожны год пачынаецца з апрацоўкі глебы, закладання зерня, вырошчвання яго. Урэшце мы атрымліваем тыя палі, якія зараз бачым. Надыходзіць адказны момант: неабходна сабраць усё да апошняга зернейка, – сказаў Мікалай Мікалаевіч. – Віншую ўсіх з гэтым святам. Жадаю, каб сёлета мы мелі лепшыя вынікі жніва, чым раней. Каб кожны стаў пераможцам штогадовых спаборніцтваў. Хай засекі нашай Радзімы будуць заўсёды поўныя!

Протаіерэй, клірык храма Ражства Хрыстова Яўген Шваб таксама вітаў усіх прысутных. Ён адзначыў, што са Святога Пісання вядома: Гасподзь наказваў чалавеку харчавацца ад справы рук сваіх. І вельмі цудоўна, што ў Беларусі склалася такая добрая традыцыя ўборку новага ўраджаю пачынаць з малітвы. Яна і прагучала з вуснаў протаіерэя.

Ганаровае права ўзняць сцяг жніва было прадастаўлена лепшаму механізатару ПСГ “Чарневічы” Аляксандру Шышлу.

Дарэчы, летась, на “Зажынках” у Лошніцы, гэта справа была даверана Івану Шышлу. Цікава, ці гэта прозвішча шчаслівае, ці проста людзі працавітыя? Аддаю перавагу другому варыянту.

Позіркі прысутных засяродзіліся на жнейках.

З добрым настроем і песнямі яны пачалі жаць першы сноп “на тысячу коп, на тысячу мерак”.

Невялікія снапочкі – сімвалы будучага ўраджаю – гаспадыні падарылі кіраўніцтву раёна, кіраўнікам гаспадарак, гасцям свята і механізатарам.

Настрой публіцы ўзнялі мясцовыя артысты. А з добрым настроем і працуецца весялей!

– Па машынах! – звярнуўся да работнікаў гаспадаркі ўпраўляючы ПСГ “Чарневічы” Уладзімір Пулькач. Камбайнеры, іх памочнікі і кіроўцы заспяшаліся да машын.

У размове з журналістам “А” Уладзімір Пулькач падзяліўся планамі ўборачнай кампаніі:

– Мы маем 2950 га сельгасугоддзяў, з іх 2450 га раллі. Зерневы клін з гэтых плошчаў займае 1020 га. Для ўборкі зерневых маем тры камбайны. Нагрузка на адзінку тэхнікі, канечне, вялікая, але мы не першы год працуем у такім складзе. Прыцягваць на дапамогу тэхніку з іншых гаспадарак і з-за межаў раёна не плануем. Пры станоўчых умовах надвор’я завяршым уборку за 20 дзён.

Па словах Уладзіміра Іванавіча, акрамя трох камбайнаў ва ўборачнай кампаніі задзейнічаюць і іншую тэхніку. Перавозіць зерне будуць чатыры машыны (на нязначных адлегласцях спраўляецца адна адзінка, на дальніх палях да работы прыцягваецца чацвертая машына). Ёсць у гаспарадцы два прэсы для ўборкі саломы, пагрузчык, тэхніка на звозку саломы і энерганасычаныя трактары. Іх задача – узворванне пад сеў азімых зенревых культур ураджаю 2023 года.

На усіх відах работ будзе задзейнічана шэсць камбайнераў з памочнікамі, чатыры кіроўцы, шэсць механізатараў будуць занятыя на прэсаванні саломы і ўзворванні пад азімы клін.

– Ахове здароўя падчас правядзення работ мы ўдзяляем вялікую ўвагу, – працягнуў Уладзімір Пулькач. – Заўсёды падкрэсліваем, што ўборку ў пэўным выпадку можна працягнуць на пару дзён. А вось спяшацца кудысці, не выконваючы тэхніку бяспекі, недапушчальна. Самае галоўнае для нас, каб падчас барацьбы за ўраджай усе засталіся здаровымі. Мы заўсёды робім усё для гэтага.

Таццяна САКОВІЧ, фото Юрыя АБРОСЬКІНА

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry