Схованая паміж лясоў, у паўсотні кіламетра ад Барысава знаходзіцца вёска Жортай Маісееўшчынскага сельсавета. Спакойнае і размеранае жыццё яе жыхароў у суботу, 18 чэрвеня, ускалыхула падзея, якой тут не было бадай дваццать гадоў, — ля мясцовага сельскага клуба-бібліятэкі прайшло свята вёскі.
У Жортаі, які вядзе сваю гісторыю з XVIII стагоддзя, сёння жывуць 144 чалавекі. У населеным пункце ёсць магазін, ФАП, лясніцтва, комплексна-прыёмны пункт і ўстанова культуры. Раней у вёсцы размяшчалася сядзіба калгаса «Чырвонапартызанскі», школа, а да рэвалюцыі была яшчэ і царква. У гады ж Вялікай Айчыннай вайны тут дзейнічала маладзёжнае падполле, а партызаны брыгады імя Кірава разграмілі нямецкі абоз. Акупанты спалілі вёску і расстралялі дзевяць яе жыхароў. Пасля вайны населены пункт аднавіўся.

Старонкі яго гісторыі на пачатку свята нагадала кіраўнік клуба Жанна Карэнько. Сённяшні ж летапіс Жортая складаюць яго жыхары, сярод якіх нямала заслужаных і паважаных людзей. Многіх з іх ушанавалі на свяце.



— Мы звярнуліся да прадпрыемства і ўстаноў, у якіх працавалі і зараз працуюць жыхары Жортая, — паведаміў старшыня Маісеяўшчынскага сельвыканкама Аляксандр Паўлавец. — многія адгукнуліся і прадаставілі падарункі і сувеніры сваім ветэранам і работнікам. Хачу ўсіх павіншаваць са святам і пажадаць моцнага здароўя і добрага настрою!


Аляксандр Аляксандравіч уручыў граматы, падзякі і падарункі ветэранам лясной і сельскай гаспадаркі, былым педагогам і дэпутатам сельсавета. Пра кожнага сказаў шмат добрых слоў.

— Дзякуй вялікі за ацэнку нашай працы, — ад імя адзначаных на свяце ветэранаў працы выказалася былы завуч Надзея Мінальд. — Успамінаю той час, калі маладым спецыялістам у далекім 1978-м годзе прыехала ў гэтую мясцовасць. Ніколі не думала, што застануся. І ўжо больш за сорак год я тут.


Ёсць у вёсцы і свае старажылы. Гэта Надзея Аляксеяўна Сыцік, якой 92 гады. Самай жа маленькай жыхарцы Ангеліне Чычынай — крыху больш года. Ім таксама ўручылі падарункі на свяце.
Прыехалі на ўрачыстасць ў Жортай і ганаровыя госці: намеснік старшыні райсавета дэпутатаў Вольга Капыток і старшыня раённага савета ветэранаў Зоя Маханёк.



— Вельмі прыемна нам, гараджанам, прысутнічаць сёння на вашым свяце, — сказала, вітаючы вяскоўцаў, Вольга Вітольдаўна. — Так важна ў Год гістарычнай памяці звярнуцца да сваіх каранёў, наведаць родныя мясціны, сустрэцца з добрымі суседзямі. Хоць вёска ўжо не такая, як была раней, але засталіся тыя ж лес, школьная пляцоўка і дарожкі, па якіх бегалі шмат гадоў таму. І гэта грэя душу. Прыміце шчырыя віншаванні з вашым святам!
Вольга Капыток уручыла памятныя падарункі сацыяльным работнікам, якія дапамагаюць састарэлым людзям, і старшыні сельвыканкама.

Да віншаванняў далучылася і Зоя Маханек, якая выказала падзяку ветэранам за іх шматгадовую самаадданую працу на карысць роднай вёскі і яе жыхароў. Асобных з іх яна таксама ўзнагародзіла.
Не засталіся без увагі на свяце шмадзетныя сем’і і юбіляры. Дарэчы, самая маленькая жыхарка Жортая мае яшчэ сямера брацікаў і сястрычак.


Сям’я ж Бялевічаў Яўгена і Тамары сёлета азначае 45 год сумеснага жыцця. Аднавяскоўцы павіншавалі іх з гэтай нагоды і пракрычалі: «Горка!». Юбіляры не засароміліся і паказалі прыклад моладзі.



А каб урачыстасць была яркай і запамінальнай, на ёй выступілі ансамбль «Братка беларус», салістка вакальнай студыі Алена Сіквет, юная спявачка Марыя Халіп. Пад іх нумары цяжа было ўстаяць на месцы.



Майстар-класы і выставу вырабаў народных майстроў прадставіў клуб «Натхненне» РЦНТ. Асобныя рэчы тут можна было і набыць.


Для юных наведвальнікаў свята працавалі атракцыёны, і быў арганізаваны продаж салодкай ваты і папкорна.


Завяршылася ўрачыстасць па традыцыі розыграшам бяспройгрышнай латарэі. Выйгралі ўсе, бо даўно не збіраліся з добрай нагоды разам і так весела не бавілі час.

Інга Раманоўская, фота аўтара