У першы дзень арганізатары маштабнага творчага форуму падрыхтавалі выставы, тэатральныя паказы, канцэрты, конкурсы і шмат чаго іншага. Барысаўшчына не засталася ў баку і таксама завіталі на свята.

Фестываль наведала не толькі дэлегацыя нашых землякоў, якія сталі гледачамі канцэртнай святочнай праграмы. Барысаўскія майстры, творцы актыўна паўдзельнічалі  ў рабоце “Горада майстроў”. Яны прыцягвалі ўвагу маладзечанцаў і гасцей горада на працягу дня адкрыцця фестывалю.

Свае вырабы прадставілі майстры Барысаўскага раённага цэнтра народнай творчасці і цэнтра традыцыйнай культуры.

—У нас i кераміка, і нацыянальная лялька, і мастацкая апрацоўка дрэва, і тканыя паясы, і набіванка з маляванкай, — дзеляцца майстрыхі. — Цікавага шмат. Людзей, нягледзячы на тое, што сёння дзень працоўны, шмат. Мы прывезлі ў Маладзечна свой добры настрой і рады падзяліцца ім і сваёй творчасцю з усімі!

Ганна, барысаўскі рамеснік, займаецца мікравышыўкай, вырабляе лялькі, упрыгожанні. Разам з майстрыхай Таiсiяй ствараюць этнічны барысаўскі строй!

— Любоў да вышывання ў мяне са школы, за гэта дзякую настаўніцы працоўнага навучання, — гаворыць яна. —  Свой першы строй зрабіла па фотаздымку даследчыка Міхася Раманюка, цяпер ёсць і здымак, які належыць унучцы Пушкіна. Працуем у тандэме з Таісіяй Раманаўнай. Яна шые, я вышываю. Для нас гонар – прадстаўляць і сябе, і раён на такім выдатным фестывалі!

Майстры кажуць: прыемна чуць добрыя водгукі ў адрас сваіх вырабаў. А калі за іх «галасуюць» рублём — двойчы прыемна!

Шматлюдна каля «ваеннага» падворку Бярэзінскага раёна.  

Тут ёсць самы сапраўдны бліндаж, салдацкі прывал, на якім не сціхаюць песні ў выкананні знакамітага гарманіста Міхаіла Папругі. Таксама тут варта паспрабаваць ваенны хлеб рознага гатунку, нават з пілавання.

На тэматычных выставах можна пабачыць i беларускага пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча за працай, і мастака Фердынанда Рушчыца (Валожынскі падворак), паўдзельнічаць ў раскопках з Канстанцінам і Еўстафіем Тышкевічамi, якія захапляліся археалогіяй (Лагойск), паспрабаваць свае сілы у ткацтве, перапісаць летапic i нават сфатаграфавацца з князямі Вярэйскiмi! 

Літаральна адусюль гучыць родная мова. Сапраўды, Маладзечна ператварыўся сёння у цэнтр гістарычнай спадчыны! Прыемна, што і народнай творчасцю, і гісторыяй цікавяцца маладыя людзі.

Дарэчы, на другі дзень фестывалю тэматычныя пляцоўкі таксама будуць працаваць! А яшчэ гасцей чакаюць паэтычныя чытанні, спектаклі, выставы, канцэрты, фотазоны і іншае.

Як высветлілася, закрые фестываль  гала-канцэрт “Настальгічны дывертысмент” (легенды беларускай эстрады у канцэртнай праграме “Песні вяртаюцца” ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча Беларускай Дзяржаўнай філармоніі)

Вольга ЦЫБУЛЬКА, фота аўтара

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
2