Фестываль беларускай песні і паэзіі ў горадзе Маладзечна — найбольш значнае і чаканае мерапрыемства ў культурным жыцці не толькі рэгіёна, але і ўсёй Беларусі. Праект імкнецца захаваць і развіць культурныя традыцыі беларусаў, абяднаць творчыя сілы. Тут збіраюцца таленавітыя паэты, выканаўцы, кампазітары, мастакі. На фестывалі запальваюцца новыя зоркі на беларускім творчым небасхіле.

— Гэта вельмі прыемна, што менавіта наш горад сустракае гасцей на такім выдатным фэсце, — расказвае 74-гадовы маладзечанец Барыс, які прыйшоў на плошчу з пяцігадовым унукам Дзянісам. — Гэта цiкава не толькі мне, сталаму чалавеку, але і вельмі пазнавальна для моладзі, дзяцей.

— Мне шаблю вельмі спадабалася трымаць! — дзеліцца Дзяніска.

Дарэчы, яму найбольш прыйшлася даспадобы выстава, якую прадставіла Барысаўская раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева, прысвечаная вайне з Напалеонам.

Каля кошыкаў смалявіцкiх майстроў –– мінчанка Надзея. Яна з цікавасцю размаўляе з прадстаўнікамі раёна.

— На такіх мерапрыемствах адчуваю гонар за сваю краіну, за яе гісторыю, — дзеліцца яна. — Нам ёсць што паказаць, што паглядзець, чаму павучыцца. Фестываль яднае ўсіх!

 — Безумоўна, сонца пячэ сёння крыху занадта, але ці можа гэта перашкодзіць! — падыходзіць на Барысаўскага падворка капыльчанка Наталля. —  Настрой цудоўны! Абавязкова фестываль трэба наведаць ўсім беларусам!

Вольга ЦЫБУЛЬКА, фота аўтара

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry