Танцы, песні, гульні і забавы для дзяцей і дарослых, а таксама магчымасць пагутарыць і правесці час разам: у Кіміі адзначылі Дзень вёскі.

Традыцыйна свята пачалося з выступленняў самадзейных артыстаў і калектываў мастацкай самадзейнасці Барысаўскага раёна. Жыхароў вёскі радавалі народны ансамбль народнай песні “Братка беларус”, народны ансамбль эстраднай песні “Павер’е”, вакальны ансамбль “Рабінушка”, паэтка Людміла Валасевіч, салісты Зембінскага Дома культуры, а таксама прадстаўнікі раённага цэнтра народнай творчасцi.

З цікавасцю прысутныя паслухалі гісторыю ўзнікнення вёскі і асабліва яе назвы. Так-так, не ўсе ведалі гэту інфармацыю. Дык вось, адным з першых пасяленцаў мястэчка быў нейкі Кім. Людзі часта гаварылі: “Кім і я былі там-сям, Кім і я зрабілі тое-сёе”. Вось так і ўзнікла назва Кімія. Дарэчы ў гэтым годзе вёска адзначае 455-годдзе. У пісьмовых крыніцах Кімія ўпершыню згадваецца ў 16-м стагоддзі.

Са святам вёскі прысутных павіншавала старшыня Зембінскага сельсавета Людміла Гараднічук.

— Сёння мне прыемна сказаць дзякуй усім за тое, што вы любіце сваю зямлю, прымаеце ўдзел у яе добраўпарадкаванні. На свяце побач з намі — паважаныя жыхары вёскі, ветэраны працы, якія не пакладаючы рук праслаўлялі нашу зямлю, іх дзеці, унукі і праўнукі,  — адзначыла Людміла Якаўлеўна.

Яны і сталі галоўнымі героямі свята. Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас самых сталых жыхароў Кіміі. Сярод якіх Зінаіда Флораўна Хацкевіч і Яўген Якаўлевіч Хмель.

Нізкі паклон і ўдзячныя апладысменты адрасавалі малалетняму вязню Валянціне Іосіфаўне Трус, якая маленькай дзяўчынкай разам з маці апынулася ў фашысцкім канцлагеры.

Не засталіся без увагі і тыя, хто ўзнагароджаны ордэнамі Маці і выхавалі 5 і болей дзяцей. Гэта Наталля Пятроўна Трус. 

Сардэчныя віншаванні прымалі залатыя юбіляры – сем’і, дзе муж з жонкай пражылі 50 гадоў і больш, — Марыя і Мікалай Савіцкія і Мікалай і Ніна Хмель. 

Дарэчы, апошнія прыйшлі на свята вялікай сям’ёй — разам з дзецьмі, унукамі і праўнукамі. 

Не забыліся і пра самых маленькіх жыхароў вёскі — Вікторыю Адамейка, Станіслава Савіцкага і Паўла Зямчонка.

Пасля канцэртнай часткі

прысутныя прымалі ўдзел у гульнях, разглядалі выставу майстраў народнай творчасці народнага клуба “Натхненне” і сярэдняй школы №3.

— Для мяне Кімія — самая лепшая, бо тут прайшло ўсё маё жыццё. Вёска двойчы змагла адрадзіцца пасля вайны, нямецкія захопнікі поўнасцю палілі яе два разы. Колькі дамоў было, людзей. І школа свая, і калгас. А цяпер… І ўсё ж прыемна было ўбачыць сваіх аднавяскоўцаў, паразмаўляць з імі, паслухаць артыстаў. Мы ўсе любім свой край, марым, каб Кімія станавілася яшчэ больш прыгожай, – адзначыла адна з самых сталых жыхарак Зінаіда Хацкевіч.

Ларыса Хацкевіч таксама нарадзілася ў гэтай вёсцы, зараз прыязджае сюды на дачу. Жанчына прызналася, што такога свята ў іх яшчэ не было.

— Горка ўсведамляць, што колькасць насельніцтва гэтых вёсак з кожным годам скарачаецца, становіцца больш пустых хат. І толькі сапраўды ажываюць вёскі менавіта у дні правядзення такіх свят. 

Падчас мерапрыемства рэдакцыя «А» правяла ў вёсцы дзень падпісчыкаў. Алена Рагель — сярод тых, хто далучыўся да нас і атрымаў падарункі. Жанчына падзякавала артыстам, прадстаўнікам сельсавета і ўсім, хто ствараў для яе аднавяскоўцаў настрой.  

— Свята аб’яднала людзей усіх узростаў: на ўрачыстасць сабраліся жыхары вёскі, іх сваякі, аднакласнікі, сябры, суседзі. Бо Кімія – наш дом, наша малая Радзіма, месца, дзе прайшло дзяцінства, дзе птушкі спяваюць прыгажэй за ўсё, дзе вада ў калодзежы самая смачная, дзе сцежка, якую ніколі не забудзеш, — сказала яна.– Нягледзячы на надвор’е, Дзень вёскі атрымаўся душэўным і цёплым. Мы ўсе любім свой край, марым, каб Кімія станавілася яшчэ больш прыгожай.

Маленькая вёсачка, а мае такую моцную энергетыку, такую добрую атмасферу, такіх працавітых і цудоўных людзей.

Дзякуй усім тым, хто неабыякавы да лёсу такіх населеных пунктаў, хто ў іх жыве і гадуе дзяцей.

Ганна МЕРКУШЭВІЧ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
12