Першы абласны конкурс беларускіх побытавых танцаў «Крыжачок» прайшоў 23 мая ў Барысаве. Карэспандэнты «А» паглядзелі і ад душы парадаваліся і за дзяцей, і за дарослых.

Для сучаснікаў усе гэтыя назвы — «Мікіта», «Матылёк» ды «Мальвіна» з «Вераб’ём» — у навіну. А для тых, хто займаецца беларускімі народнымі танцамі, — што бальзам на душу: вось яно, родненькае, адраджаецца, не згублена, становіцца ўсё больш папулярным! Танцуюць і зусім маленькія дзеткі, і тыя, каму каля дваццаці пяці. То на сцэне. А ў глядзельнай зале ім падтанцоўваюць усе, тут пра ўзрост і не думаецца — ногі самі адбіваюць рытм.

У конкурсе, які з’яўляецца адным з кампанентаў абласной праграмы «Традыцыйная культура і моладзь Міншчыны», удзельнічалі 15 танцавальных пар i 18 салiстаў з розных куткоў сталічнага рэгіёна.

Экспертную раду ўзначаліла вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў» Алена Тадэвушаўна Каліноўская.

Амаль 30 год таму назад у Мётчанскай школе Барысаўскага раёна распачаўся эксперыментальны праект «Традыцыйная культура і дзеці», які меў мэту далучыць падрастаючае пакаленне да культуры Бацькаўшчыны, свайго роднага мястэчка. Затым ідэя пашырылася, і сёння мы можам назіраць, як з гэтага маленькага зернейка вырас прыгожы вялізны сноп, — рухаецца па нашай краіне нацыянальны фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня».

Сённяшняе свята адбылося пры падтрымцы ўпраулення па адукацыі Мінскага аблвыканкама i стала часткай абласнога фестывалю мастацкай творчасцi «Майскi фэст».

Аўтар праекта «Крыжачок», яго ідэйны натхняльнік — Мікалай Аляксеевіч Козенка. Фестываль «Берагіня», на які только танцавальных пар з усіх абласцей Беларусі збіраецца дзве сотні, — гэта таксама яго дзецішча: на базе сельскай школы ён апрацоўваў мадэлі, рэалізоўваючы свае ідэі, а затым усё гэтае багацце распаўсюджваў на ўсю краіну.

— У тыя часы маю ідэю не падтрымлівалі, — успамінае этнахарэограф, даследчык харэаграфічнай спадчыны беларусаў. — Абгрунтоўвалі так: «Вось тая дзяўчынка — выдатніца, а гэты хлопец — прэтэндэнт на «вылет» са школы. Хіба яму гэта патрэбна? Ці яна будзе з ім танцаваць?» Я і кажу: «А давайце паспрабуем усё ж-такі!». Паклікаў дзяўчынку-выдатніцу і хлапчука-хулігана, злучыў іх ручкі і прапанаваў станцаваць разам. Як жа гарна ў іх атрымалася! Так і пайшло народнае мастацтва ў дзіцячае асяроддзе. Праблема, відавочна, была не ў дзецях, а ў дарослых, якім так не па душы была дадатковая праца…

30 гадоў таму з яго смяяліся за вочы. А зараз на вялікіх пляцоўках Беларусі Мікалаю Козенка, яго праектам і выхвальнікам апладзіруюць стоячы.

— Невярбальная мова беларусаў вельмі ярка праяўляецца менавата ў побытавых танцах, — распавядае Алена Каліноўская. — Яны адрозніваюцца ад сцэнічных, якія ў нашай краіне добра развіты і ўдасканальваюцца, падчас якіх артысты размаўляюць з гледачом. У побытавых танцах таксама ёсць размова, але яна паміж выканаўцамі. Гэта, уласна, як раз той момант, які назірае журы: наколькі гэта прыгожа, эстэтычна, далікатна. У тым і сутнасць побытавага танца — выгадаваць эстэтычную і музычную камунікацыю паміж людзьмі.

Маленькія танцоры з Сенніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы і кіраўнік дзіцячага харэаграфічнага ансамбля «Ладачкі» Марыя Івашка прыкметна хваляваліся: гэта быў іх дэбют на конкурсе такога ўзроўню. А выпрабаванне мелася быць неабыякае: дзве пары дзяцей выступалі ў намінацыі «9-11 гадоў» аж з шасцю танцамі!

Але, дарэчы, і iншыя танцоры, у тым лiку i ўдзельнікі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага фальклорнага гуртка «Берагіня» з Мётчы хоць і пакарылі не адну сцэнічную пляцоўку краіны, таксама перажывалі: нядобра стукнуць у бруд асобай з іх-та вопытам!

Музычны кіраўнік калектыву, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мётчанскага ВПК Антаніна Абрамовіч з непрыхаваным захапленнем распавяла: асаблівая разыначка «Берагіні» — гэта хлопцы, якія займаюцца фальклорам. «Кожны раз, калі яны выступаюць, любуюся іх спрытнасцю, здольнасцями, прыгожымі мужчынскімі якасцямі», — адзначыла педагог.

Конкурсны дзень прайшоў напружана як для ўдзельнікаў, так і для членаў экспертнай рады. Журы адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі, аб чым сведчылі высокія балы, якія заслужылі ўсе танцавальныя пары. Тым не менш, пераможцаў усё ж вызначылі.

(Будзе дапоўнена).

Святлана ЧЭКАЛАВА, фота Юрыя АБРОСЬКІНА

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
1