Днямі на базе Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Каладзеева адбыўся раённы конкурс чытачоў вершаў Янкі Купалы, прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння паэта. Ініцыятарамі яго правядзення выступілі раённы савет ветэранаў і ўпраўленне па адукацыі райвыканкама.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў конкурсу і іх педагогаў звярнулася старшыня раённага савета ветэранаў Зоя Маханёк, якая пажадала ўсім поспеху.

У якасці старшыні журы выступіла член прэзідыума раённага савета ветэранаў, выкладчык рускай мовы і літаратуры Ларыса Белая. Яна распавяла аб рэгламенце конкурсу.

Мерапрыемства аб’яднала 53 таленавітых вучні ўстаноў адукацыі раёна, якія прадставілі на суд журы і слухачоў выразнае чытанне вершаў Я. Купалы. Хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі глыбокае разуменне абраных вершаў і выдатнае артыстычнае майстэрства.

Па выніках конкурсу кампетэнтнае журы вызначыла 13 лепшых чытачаў. З іх 1-е месца занялі: навучэнцы сярэдняй школы № 2 г. Барысава Соф’я Буяк і Юрый Багадзяж, Дзмітрый Дударэвіч (Зембінскі ВПК), Арцём Сцефановіч (Хаўхоліцкі ВПК) i Вікторыя Ржэўская, якая прадставіла Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна.

Пераможцы і прызёры будуць узнагароджаны падзякамі і падарункамі ад арганізатараў.

Ірына МАЛІНОЎСКАЯ, фота аўтара

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry