У свеце сёння нарастае напружанасць і супрацьстаянне: свет уступіў у эпоху перамен, і гэта ўсё больш трывожыць людзей на зямлі. Але ў нас ёсць вялікае суцяшэнне і трывалы падмурак нашай надзеі, бо хрысціяне маюць унікальную магчымасць ацэньваць усё тое, што адбываецца, з пункту гледжання вечнасці і ў святле той вялікай Велікоднай перамогі, якую атрымаў Сын Божы і Сын Чалавечы над злом і смерцю. “Вось, Я кладу ў падмурак на Сіёне камень, камень выбрабаваны, краевугольны, каштоўны, добра ўмацаваны: той, хто веруе ў Яго, не будзе пасаромлены” (Іс. 28:16).

У гэтым годзе мы ўрачыста святкуем 1030-годдзе праваслаўя на беларускіх землях. Гэта змушае нас асабліва ўважліва звярнуцца да нашага гістарычнага вопыту. Няпростым быў шлях, прой­дзены праваслаўнай царквой, нямала выпрабаванняў і цяжкасцей давялося перажыць нашым продкам. І менавіта вера ў Бога дапамагла захавацца нашаму народу, выхаваўшы ў ім такія хрысціянскія дабрадзейнасці, як любоў да бліжняга, лагоднасць, цярплівасць і міласэрнасць, уменне зразумець адзін аднаго.

Зносіны з Богам, выкананне Яго запаведзяў — вось пуцяводная зорка ў няпростым сучасным свеце. Кіруючыся ёю, мы захаваем наша сэрца адкрытым для дабрыні, а нашы духоўныя вочы будуць ясна бачыць Промысел Божы і знаходзіць адпаведны яму правільны шлях. Пры гэтым, несумненна, будзем мець цвёрдую надзею на ўсемагутную дапамогу ад Госпада. “А надзея не пасароміць, бо любоў Божая вылілася ў сэр­цы нашы Духам Святым, Які дадзены нам” (Рым. 5:5).

Віншую вас, дарагія, з Вялікаднем! Малітоўна жадаю, каб нашы сэрцы напоўніліся радасцю і яна асвятляла ўсе нашы думкі і ўчынкі. Панясем добрую вестку пра Хрыста Уваскрэслага нашым братам і сёстрам, блізкім і далёкім, асабліва тым, хто знаходзіцца ў смутку і хваробе, каб кожны дакрануўся да той радасці, якую Гасподзь дараваў нам Сваім Уваскрасеннем.

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry