З надыходам вясны аграрыі раёна не спяць у шапку, а рупліва рыхтуюцца да пасяўной кампаніі. Больш падрабязна пра гэта нам паведаміў начальнік аддзела раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Барысаўскага райвыканкама Яўген Лапыцько.
– Якім чынам зімовае надвор’е аказала ўплыў на тактыку вясенне-палявых работ?
– Надвор’е 2022 года абумовіла неабходнасць пэўнай карэкціроўкі тэрмінаў правядзення сельскагаспадарчых работ. Гэта датычыцца і своечасовага закрыцця вільгаці на лёгкіх па грануламетрычнаму складу глебах, і дробнай падкормкі азотнымі ўгнаеннямі азімых культур.
– Якімі тэмпамі ідзе падрыхтоўка?
– Зараз гаспадаркі раёна займаюцца назапашваннем мінеральных угнаенняў, прапрацоўваюць механізмы закупкі запчастак, паліўна-змазачных матэрыялаў. Тэхніка выстаўляецца на лінейку гатоўнасці. Надвор’е паўплывала на тое, што сяўба яравых зерневых культур можа пачацца раней, чым звычайна, – прыкладна 28 сакавіка. Сёлета на палі выйдзе дадатковая тэхніка: восем новых энерганасычаных трактароў “Беларус-3522” і дзве машыны тыпу “РАСА” для своечасовай падкормкі зерневых культур.
– Ці закуплялася замежнае насенне, рэчывы для апрацоўкі, неабходныя пры правядзенні пасяўных работ прыстасаванні? Або перавага аддаецца айчынным вытворцам?
– У бягучым годзе ўзнікла асцярога наконт набыцця гібрыдаў кукурузы з улікам таго, што ў асноўным аб’ёме імпартная селекцыя займае ў нас 80%. Зараз гэта пытанне фактычна вырашана дзякуючы своечасовай рабоце спецыялістаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Барысаўшчыны. Недахоп аб’ёмаў з лёгкасцю перакрываецца айчыннымі вытворцамі. Зараз гаспадаркі праводзяць працэдуру закупкі сродкаў аховы. Як паказвае практыка, у гэтым накірунку праблем не ўзнікае.
– Ці ёсць у планах сяўба новых культур?
– Так. Экалагічная сельскагаспадарчая кампанія “Ганьсу-Бел” уключыла ў структуру сяўбы сою і сланечнік. Цалкам у раёне акцэнт будзе накіраваны на вырошчванне кукурузы на зерне. Сёлета пад дадзеную культуру адведзена 10900 га, або 47% ад агульнай плошчы яравой сяўбы.
– У які тэрмін плануецца завяршыць пасяўную?
– Згодна з рабочым планам сяўба ранніх яравых зерневых і зернебабовых культур будзе праводзіцца на працягу 10 дзён.
Гутарыла Таццяна САКОВІЧ
