Барысаў у лёсе Янкі Купалы

Янка Купала пакінуў багатую літаратурную спадчыну. У яго творах знайшлося месца і для Барысава. З гэтым горадам звязаны асобныя моманты жыцця паэта. Я. Купала любіў усю Беларусь. Некаторыя яе куточкі — асабліва. Сярод іх і наша Барысаўшчына. Факты жыцця і творчасці славутага паэта сведчаць аб гэтым: свае першыя дзіцячыя гады ён правёў у вёсцы Юзафова, на беразе Схі (1883 – 1886 гг.). У 30-я гады ў нашым краі жылі са сваімі сем’ямі сёстры Купалы — Марыя Аўлачынская і Леакадзія Раманоўская, якіх ён неаднаразова наведваў.

Прыезд да родзічаў паэт заўсёды спалучаў з творчымі камандзіроўкамі. У 1930, 1932, 1934 гадах Я. Купала прыязджаў з іншымі пісьменнікамі. Яны разам выступалі ў калгасах, на прамысловых прадпрыемствах горада, перад партыйным, камсамольскім, прафсаюзным актывам. Сустрэчы вызначаліся асаблівай цеплынёй і сардэчнасцю. Пад уражаннем сустрэч Янка Купала напісаў некалькі вершаў і паэму “Барысаў”.

Памяць аб Я. Купалу стала клопатам барысаўчан на працягу шматлікіх гадоў. У 1925 годзе імя Я. Купалы было прысвоена 1-й сямігадовай (у той час) школе г. Барысава. Адна з вуліц горада носіць яго імя. На будынку старога Дома культуры была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, прысвечаная Я. Купалу. Наш знакаміты зямляк, скульптар А. Анікейчык і іншыя мастакі і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў вядомых творах увасобілі вобраз народнага паэта.

Апошні жыццёвы шлях Я. Купалы з Беларусі ў эвакуацыю, у сувязі з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, прайшоў таксама праз Барысаў.

У аб’яднаным краязнаўчым музеі створана пастаянная экспазіцыя, прысвечаная Я. Купалу.
Падрабязны матэрыял па гэтай тэматыцы рыхтуецца да публікацыі ў краязнаўчай газеце “Гоман Барысаўшчыны” (№4, 2022 г.).

Колас. Вядомы і невядомы

У 140-ю гадавіну з дня нараджэння народнага паэта Якуба Коласа распавядаем нашым чытачам пра некаторыя факты з біяграфіі творцы. Пра многае, магчыма, вы не чулі.

  1. Яго сапраўднае імя – Канстанцін Міцкевіч, але ён меў больш за 40 псеўданімаў: Якуб Колас, Агарак, К. Адзі­нокі, Андрэй «сацыяліст», К. Беларус, Тамаш Булава, Ганна Груд, Тарас Гушча, Дземяноў Гуз, Пятрусь Дзягель, Дзядзька Карусь, Дубовы Ліст, Ганна Крум, Карусь Лапаць, Левы, Лесавік, Мікалаевец, Наднёманец, Народный учитель, Свой чалавек, Стары шут і інш.
  2. Любіў працаваць на ўласнай ся­дзібе. Фізічная праца прыносіла Якубу Коласу незвычайнае задавальненне. Аднойчы ён пасадзіў чатыры дубы ў гонар сваіх трох сыноў і сябе самога: Даніла, Міхась, Юрка і Якуб. Там жа была паса­джана бярозка як вечная памяць пра жонку Марыю Дзмітрыеўну.
  3. Яго палохала вялікая хваля злачыннасці сярод школьнікаў у 1950-я гады. “…Сярод хуліганаў і злачынцаў ўсё часцей трапляюцца сыны паважаных і забяспечаных бацькоў. /…/ Зло прымае пагрозлівыя памеры: злачынцы здымаюць гадзіннікі на людных вуліцах, распранаюць грамадзян сярод белага дня, уломваюцца ў зберагальныя касы, спусташаюць касы крам. У Мар’інай Горцы, непадалёк ад Мінска, варочала шайка рабаўнікоў, у якую ўваходзілі дзесяцікласнікі… /…/ Вучні сярэдняй школы, дзеці знакамітых у Мінску бацькоў, скралі легкавую машыну, абрабавалі склад”.
  4. Якуб Колас аддаваў перавагу вырыванню зубоў без анестэзіі. Аб гэтым сведчаць яго нататкі. “Учора пайшоў да дантысткі. Сказала, што трэба корань выдаліць. Хацела абязболіць, а я сказаў, што не варта псаваць дзясну – лепш проста вырваць так. Корань вырвала. “Ну, церпялівы народ – беларусы!” – пахваліла дантыстка”.
  5. Аказваў грашовую падтрымку таленавітай моладзі. Якуб Колас праславіўся не толькі сваімі творамі, але і мецэнацтвам. Так, нікому не вядомаму студэнту Заіру Азгуру Я. Колас у свой час плаціў яшчэ і асабістую стыпендыю. З юнака выйшаў сусветна вядомы скульп­тар. Падтрымліваў пісьменнік і сціплую маладую дзяўчынку Ларысу Александроўскую, якая стала потым вядомай опернай спявачкай. На адрас «Мінск. Коласу» штодня прыходзілі дзясяткі лістоў з просьбамі з усяго Савецкага Саюза.
  6. Высмейваў Максіма Лужаніна за апісанне першай сустрэчы Коласа з Янкам Купалам у 1912 годзе. “… Як табе падабаецца такая сустрэча двух паэтаў? Яны першы раз бачацца і адразу ж абдымаюцца і тройчы чаломкаюцца, як “загадвае звычай”, і, не паспеўшы ўцерці губы, хапаюцца за вершы, пачына­юць чытаць, і не абы-як, а выйшаўшы на сярэдзіну хаты і ўпёршы рукі ў бокі. /…/ Адкуль гэта ты ўзяў, што ў нас з Янкам былі “звонкія” галасы? Як гэта мы маглі так вольненька, паляпваючы адзін другога па плячы, перайсці адразу на «ты»? А як ты прымусіў нас размаўляць? Падумай. Вытрымкамі з вершаў”.З нагоды 140-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа ў Барысаве будзе праводзіцца шэраг тэматычных мерапрыемстваў.

З нагоды 140-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа ў Барысаве будзе праводзіцца шэраг тэматычных мерапрыемстваў.

  1. Раённы савет ветэранаў, упраўленне па адукацыі Барысаўскага райвыканкама аб’яўляюць правядзенне ў Барысаве і раёне з 12 па 22 красавіка дэкады, прысвечанай жыццю і творчасці Я. Купалы і яго сувязі з Барысаўшчынай.
  2. 26 і 27 красавіка будзе праве­дзены раённы конкурс чытальнікаў вершаў Я. Купалы, у якім ад кожнай школы (гарадской і сельскай) мо­-
    г­уць прыняць удзел 1 – 2 вучні.
  3. Плануецца правядзенне гарадской выставы малюнкаў да твораў Я. Купалы і Я. Коласа, у якой прымуць удзел навучэнцы мастацкай школы імя А. Анікейчыка, а таксама ўсе жадаючыя. Выстава адбу­дзецца ў лістападзе 2022 года.
  4. Падвядзенне вынікаў года, прысвечанага 140-годдзю Я. Купалы і Я. Коласа, адбудзецца 6 снежня 2022 года. Будуць аб’яўлены вынікі конкурсаў творчых пісьмовых работ, чытальнікаў вершаў, удзельнікаў гарадской выставы малюнкаў. Прагучаць музычныя творы, напісаныя на вершы Я. Купалы беларускімі кампазітарамі, у выкананні навучэнцаў музычнай школы.
  5. На працягу 2022 года па ўзгадненні з адміністрацыямі школ можна праслухаць лекцыі пра агульнае і адрозненне ў творчасці Я. Купалы і Я. Коласа, якія падрыхтаваны І.Ю. Белым — ветэранам педагагічнай працы (тэлефоны: 97-83-47; 8-033-632-41-98 МТС).

Таццяна САКОВІЧ і член прэзідыума раённага савета ветэранаў Ларыса БЕЛАЯ

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry