Семінар для педагагічных работнікаў Мінскай вобласці «Беларускія народныя абрадавыя танцы» адбыўся на базеМётчанскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Яго арганізатарамі выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама і ўпраўленне па адукацыі Барысаўскага райвыканкама.

Удзельнікаў мерапрыемства, якiя з’ехаліся ў вёску Новая Мётча з усёй Міншчыны, шчыра віншавалі дырэктар школы Ягор Мандрык і яго намеснік Алена Крачкоўская. Яны пазнаёмілі прысутных з гісторыяй, здабыткамі школы, а таксама правялі экскурсію па ўстанове адукацыі. Здаецца, звычайны сцэнарый для навучальнага мерапрыемства, але… усё ж такі незвычайны. Справа у тым, што менавіта гэтая невялікая школа стала сапраўдным захавальнікам беларускіх абрадаў, традыцый, танцаў на Міншчыне. А гэтым можа пахваліцца не кожны раён вобласці. Чаго толькі адна мядоцкая (так называюць свой край мясцовыя) “Берагіня” варта!

Дарэчы, яго заснавальнікам і нязменным кіраўніком з’яўляецца Мікола Козенка, вядомы этнахарэограф, арганізатар і натхняльнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Як сапраўдны энтузіяст са сталіцы ён літаральна дабіраецца ў невялікую вёсачку. Барысаўскага раёна, каб перадаць свой вопыт дзецям. На базе школы ён рэалізуе аўтарскую праграму «Традыцыйная культура і дзеці», пра якую можа гаварыць бясконца. Як і пра калектыў.

Але аб усім па парадку.
Гармонік-франтавік і грамата ЮНЕСКА
Першае, чым пазнаёмілі гасцей, — этнагасцёўня. Пакуль не музей, а два кабінеты, прысвечаныя гісторыі стварэння «Берагіні». У іх сабраны рэчы беларускага побыту, музычныя інструменты, кросны, ручнікі, касцюмы, зберагаецца партрэтная галерэя тых, хто дапамагаў калектыву, а таксама перадаваў у спадчыну старажытныя сялянскія прылады, рэчы, музычныя інструменты.

Сярод фотаздымкаў — выява мясцовай жыхаркі Аўгінні Іванаўны Грук, якая перадала ў скарбніцу калектыву шмат песень, абрадаў, паданняў. Яе ўспаміны сталі асновай вучнёўскіх дакладаў і ўвайшліў зборнікі навукова-практычных канферэнцый «Традыцыйная культура і дзеці».

Таксама ў пакойчыку размешчаны падарункі і ўзнагароды, сярод якіх – дыплом ЮНЕСКА “За значны ўклад у захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі”. А мастацкі кіраўнік гурта ўзнагароджаны Дыпломам лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва!
Усё гэта збіралася настаўнікамі, вучнямі і бацькамі на працягу гадоў.

— Задумка гасцёўні была не ў тым, как сабраць як мага больш рэчаў, а ў тым, каб нашы дзеці далучаліся да ўзораў мясцовага мастацтва, вучыліся працаваць інтэлектуальна ў гэтым напрамку, — расказвае музычны кіраўнік “Берагіні” Антаніна Абрамовіч. — І мы ганарымся, што даследуючы мастацкую культуру свайго рэгіёна, “берагінцы” развіваюць сябе і інтэлектуальна: пішуць навуковыя працы, удзельнічаюць з дакладамі ў рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях.
Калектыў “Берагіні” мае і ўласны “Мядоцкі кнігазбор” – пэўную колькасць манаграфій, зборнікаў, падрыхтаваных кіраўнікамі калектыву.

Зберагаюцца ў “этнапакойчыку” і ўнікальныя экспанаты. Да прыкладу, два гармонікі. Адзін ”намолены”, на ім іграў свёкар намесніка дырэктара, яго перадала ў школу сям’я, другі — нямецкага строю, яго падарыла жонка былога франтавіка. Мужчына прайшоў з гэтым музычным інструментам ўсю вайну. На жаль, на ім ужо сыграць немагчыма.

У “Берагіню” бяруць усіх!
Было б толькі жаданне. Не можаш спяваць — будзеш казкі расказваць. Не атрымліваецца танцаваць або іграць на музычных інструментах — будзеш біць у якія-небудь музычныя прылады.
Калектыў пры школе быў заснаваны ў 1996 г., ужо ў 2001 г. яму было нададзена найменне “ўзорны”, а ў 2012 – “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Гэта ганарова, бо ўдзельнікі “Берагіні” — звычайныя вясковыя хлопцы і дзяўчаты, навучэнцы 2-11 класаў.

З першага класа танцуе ў “Берагіні” дзевяцікласнік Аляксей Кавальчук. Юнак расказвае, што з танцаў яму даспадобы полька, а з гульняў — “Разява”.

У кожанага свае захапленні, а мне падабаецца бавіць час тут, з сябрамі, затанцамі, гульнямі, — расказвае ён. — Гэта ўсё наша, роднае. Яно не можа быць нецікавым.

А маленькая, тоненькая, як былінка, пяцікласніца Крысціна Чарнуха бойка дадае:

Я больш люблю танцаваць. Спяваць таксама, але менш. З нашага класа ў калектыве задзейнічаны ўсе, акрамя двух чалавек. Гэта сапраўды вельмі захапляльна!
Выступленні артыстаў нагадваюць цікавую гульню, на працягу якой дзеці танцуюць, спяваюць, іграюць на музычных інструментах, расказваюць казкі і байкі. У рэпертуары — творы розных відаў і жанраў народнага мастацтва: танцавальнага, гульнёвага і музычнага фальклору.

“Берагіня” сваім жыццём пацвердзіла, наколькі важна выхаванне дзяцей на аснове народнай педагогікі. Свае карані трэба ведаць і шанаваць, — расказвае Антаніна Абрамовіч. — Без мінулага няма будучыні. Выхаванцам заўсёды кажам: “Калі вы будзеце ведаць тое, што было, вам будзе лягчэй спасцігаць тое, што прыйдзе да вас”. Дзеці нашы сучасныя і сучаснымі танцамі захапляюцца, у тэлефонах гуляюць. У нас рэалізуеца праект “Фальклорная творчасць — занятак для сапраўдных мужчын”, у якім задзейнічаны вучні майго класа, дзе я з’яўляюся класным кіраўніком. Магу зазначыць, што хлопцы вырастаюць з пачуццём самапавагі і асаблівым стаўленнем да сям’і, сямейных каштоўнасцей. Яны — сапраўдныя “берагінцы”, а гэта ўжо цэлая філасофія, якая даўно выйшла за межы школьнага калектыву.
Выступленне “Берагіні” харэографы, спецыялісты дадатковай адукацыі Міншчыны глядзелі з захапленнем і імкнуліся запісаць як мага больш відэа на мабільныя телефоны.

Навучыць танцаваць… па-беларуску
Усе ўдзельнікі семінара з радасцю танцавалі польку з “берагінцамі”, а затым паўдзельнічалі ў майстар-класе па беларускіх народных танцах, які правёў Мікола Козенка.

Такі майстар-клас у Мінскай вобласці прайшоў упершыню, і ён накіраваны на ўмацаванне фальклорнай творчасці, — зазначыла метадыст Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Ерамінок. — Чаму ён праходзіць у Мётчы? Таму што гэта ўнікальны населены пункт, унікальная школка. Гаворачы пра центральны рэгіён, магу зазначыць, што толькі ў Барысаўскім раёне столькі гадоў так моцна развіваецца фальклорны напрамак, ёсць што паказаць, чым падзяліцца. З кіраўніком “Берагіні” мы пазнаёміліся нядаўна, ён сапраўды ўмее захапіць сваёй ідэяй, а мы імкнёмся ісці насустрач творчым людзям… Гэты семінар стане асновай для конкурсу побытавых танцаў, які пройдзе ў рамках фестывалю «Майскі фэст», — яго плануецца правесці на Барысаўшчыне. Мы запрашаем туды ўсіх удзельнікаў майстар-класа, забяспечым іх неабходнай метадычнай літаратурай і відэазапісамі, якія могуць паслужыць асновай для пастаноўкі нумароў. Спадзяёмся ўбачыць на сцэне і малых, і навучэнскую моладзь!


Пакуль дарослыя рыхтаваліся спасцігаць тонкасці народных танцаў, сваімі думкамі наконт семінара падзяліліся педагогі дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці з Нясвіжу дзве Вікторыі — Зяблава і Маліноўская, маладыя спецыялісты. Лічаць, што ім пашанцавала трапіць на майстар-класс. У іх раёне, на жаль, такіх калектываў няма (дарэчы, як і ў многіх іншых).

Безумоўна, атрыманы досвед будзе ўжыты ў нашай дзейнасці, — расказалі дзяўчаты. — У нас у праграме ёсць раздзел народнай харэаграфіі. Новыя рухі, стыль — ёсць чаму павучыцца, ёсць што ўзяць на ўзбраенне. Калі паказаць іх нашым выхаванцам, думаем, ім спадабаецца. Тым больш, фрагменты народнага танца можна выкарыстоўваць і ў сучасных пастаноўках!

Назіраючы за выступленнем «Берагіні» і тым, як дарослыя настаўнікі з захапленнем вучаць новы танец, разумееш: людзі не проста цікавяцца народнай традыцыйнай культурай, але і здольныя захапіць гэтым усіх навокал.
Вольга ЦЫБУЛЬКА, фото аўтара