Так, на жаль, сталася, што валоданне беларускай мовай сёння лічыцца суперздольнасцю. А тыя, хто яе вывучаюць, ці, увогуле, выдатна размаўляюць па-беларуску, – апошнія маманты, выміраючы від. Вучаніцы старэйшых класаў трох барысаўскіх гімназій Паліна Корнева, Любава Юркевіч і Ульяна Прыстаўка – той самы выпадак. Яны свядома выбралі беларускую мову для больш дасканалага вывучэння, прадстаўляюць наш раён на прадметных алімпіядах. Дзяўчаты паказалі выдатныя вынікі на абласным этапе і зараз рыхтуюцца выступаць “на рэспубліцы”. Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы пагутарылі з імі пра тое, як ідзе падрыхтоўка, творы якіх беларускіх пісьменнікаў яны чытаюць і ці размаўляюць па-беларуску ў побыце.

Ульяна Прыстаўка, вучаніца 9 класа гімназіі №3:

— У мяне ніколі не было праблем з беларускай мовай: ні з вымаўленнем, ні з чытаннем. Таму, мабыць, і выбрала гэты прадмет для вывучэння на больш сур’ёзным узроўні. Займаюся з настаўніцай Галінай Мікалаеўнай Бубновай. Удзельнічала ў алімпіядзе ўпершыню, заняла другое месца. Буду ўдасканальваць свае веды і пацвярджаць іх такім чынам і надалей. Для мяне гэта цікавы вопыт.

У вольны час займаюся танцамі і чытаю. З замежнікаў люблю Шарлоту Бронтэ і яе раман “Джэйн Эйр”, а таксама Джэка Лондана і яго твор “Марцін Ідэн”. З беларускіх аўтараў вельмі люблю Максіма Багдановіча.

На беларускай мове размаўляю толькі на занятках і падчас падрыхтоўкі і ўдзелу ў алімпіядах. Лічу, што ў нашай краіне людзі не размаўляць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці, таму што не маюць патрэбнага ўзроўню патрыятызму, які варта прывіваць з дзяцінства. Калі пафантазіраваць, што раптам усе беларусы загавораць на беларускай мове, я б 100 працэнтаў далучылася да гэтага асяроддзя. Увогуле, лічу, што перспектывы ў беларускай мовы ёсць, пакуль ёсць тыя, хто папулярызуе мову, вывучае і размаўляе на ёй.

Любава Юркевіч, вучаніца 10 класа гімназіі №1:

— Беларускую мову я палюбіла яшчэ ў пачатковай школе. Мяне падштурхнула да гэтага мая настаўніца Валянціна Пятроўна Зелянко. У сярэдніх класах мова мяне захапіла, і я свядома занялася яе вывучэннем. Праўда, спачатку пэўны час вагалася паміж рускай і беларускай, але зрабіла выбар на карысць беларускай. Лічу, што наша мова – гэта наш брэнд, і мы павінны падтрымліваць яе ўсімі магчымымі спосабамі.

На маю думку, найбольш складанай з’яўляецца беларуская лексіка: мы не надта часта размаўляем па-беларуску ў паўсядзённым жыцці, і маем невялікі слоўнікавы запас. Па гэтай прычыне многія беларускія словы гучаць нават дзіўна, аднак вельмі цікава даведвацца потым іх значэнне.

У нас у школе традыцыйна праходзяць Тыдні роднай мовы, калі і мове, і літаратуры прысвячаецца ўвесь вольны час, ладзяцца розныя мерапрыемствы. А так размаўляем на беларускай мове, на жаль, не настолькі часта, як хацелася б. Звязваю гэта з рускамоўным асяроддзем, у якім дастаткова складана размаўляць па-беларуску.

Зараз займаюся мовай са сваёй настаўніцай Людмілай Аляксандраўнай Сінькевіч. Сёлетняе выступленне на алімпіядзе – не дэбют для мяне. Летась таксама прадстаўляла наш раён – узяла першы дыплом і на вобласці, і на рэспубліцы. Для мяне вельмі важна, да прыкладу, які тэкст будзе прапанаваны на водгук: калі ён прыйдзецца да душы, то і пісаць яго будзе прасцей.

У цэлым, вельмі люблю беларускую літаратуру. Яна значна адрозніваецца ад рускай. Магу вылучыць раман Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, а з сучаснікаў – Віктара Марціновіча і яго творы “Мова” і “Сфагнум” (яго чытаю зараз).

Паліна Корнева, вучаніца 11 класа беларускамоўнай гімназіі №2:

— У кагосьці ўсё пачынаецца з калыскі, з калыханкі маці, а ў мяне – з настаўніцы, Жанны Паўлаўны Падколзінай. Яна клікала мяне на алімпіяды яшчэ ў пятым класе, але тады я больш размаўляла па-руску і не ўспрымала беларускую мову як родную. Але Жанна Паўлаўна сваім прыкладам змагла пераканаць мяне. За ўвесь час я не чула ад яе ніводнаго рускага слова. Яна і паказала мне, якой можа быць наша мова.

Сярод самых любімых беларускіх слоўцаў магу назваць “прысАк” – попел, які застаўся пасля вогнішча, але яшчэ гарачы. Па руску гэта будзе – “горячий искрящийся уголь”. Таксама я вельмі люблю слова “шкваркі”. Яно адразу мне нагадвае дзяцінства ў бабулі. У яе была вялікая печ. І калі мы прачыналіся рана, каб ісці ў лес ці на балота па журавіны (гэта маё трэцяе любімае слова на мове), яна смажыла там шкваркі і бульбу.

Зараз я ўсё часцей карыстаюся беларускай мовай у паўсядзённым жыцці, пішу вершы на мове. Але, ведаеце, калі чалавек размаўляе з табой па-руску, цяжка адказваць па-беларуску, бо ён можа нават не зразумець цябе. Таму я вымушана пераходзіць на рускую мову. Але магу дакладна сказаць, што па-беларуску мне нашмат лягчэй выказаць свае думкі.

Мы не разумеем, што мы – самавіты народ: мы не рускія, не украінцы. Мы – беларусы. І гэта наша гордасць. І наша культура насамрэч вельмі багатая. Мы проста самі ўсё растрацілі, таму што падуладныя ўплыву іншых краін. І калі чалавек пачне цаніць сваю культуры, калі будзе ведаць некага, акрамя Янкі Купалы і Якуба Коласа, калі ён возьме беларускую кніжку і захоча прачытаць яе на роднай мове, тады, можа, усё і зменіцца. Лічу, што і газет павінна быць больш на беларускай мове, і тэлебачанне. Гэта павага да свайго, да роднага.

У вольны час з задавальненнем чытаю. Сярод любімых аўтараў – Уладзімір Караткевіч і яго “Каласы пад сярпом тваім”. Хачу звязаць сваё жыццё з медыцынай: мару стаць кардыя- або нейрахірургам.

Гутарыла Таццяна САКОВІЧ

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry