13 студзеня ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы адбылася цырымонія закрыцця 3-га этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, які праходзіў у нашым горадзе. За званне мацнейшага тут спрачалася звыш за 60 лепшых юных мовазнаўцаў з розных куткоў Міншчыны. Каманда Барысаўскага раёна атрымала два дыпломы першай ступені і адзін — другой. Віншуем!

У алімпіядзе ўдзельнічалі вучні 9-11 классаў. На працягу двух дзён яны дэманстравалі свае творчыя здольнасці і веды па роднай мове. Хто стаў пераможцам і прызёрам гэтага выпрабаваня захоўвалася ў сакрэце, таму ў зале, дзе праходзіла цырымонія закрыцця адчувалася пэўнае хваляванне. Гэта пацвердзілі і асобныя «алімпійцы», калі вядучыя цікавіліся іх настроем і уражаннямі ад знаходжання ў Барысаве.

І вось настаў урачысты момант, якога ўсе з нецярпеннем чакалі. Прадстаўнікі аргкамітэта павіншавалі ўдзельнікаў з заканчэннем алімпіяды і ўручылі дыпломы. Сёлета іх атрымалі каля трох дзясяткаў вучняў: па пяць ў кожнай паралелі ІІІ ступені, па тры — ІІ ступені і па два — першай.

— Алімпіяда прайшла арганізавана, удзельнікі максімальна выклаліся, — заўважыла упаўнаважаны прадстаўнік аргкамітэта трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды Святлана Казакевіч. — Яны, як маглі, прадэманстравалі свае веды, падрыхтоўку, уменне самаарганізавацца і спрацаваць на вынік. Уладальнікі дыпломаў першай і другой ступені ўвойдуць у каманду Мінскай вобласці на заключным этапе алімпіяды. Хочацца пажадаць усім поспехаў, ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх.

А каб алімпіяда надоўга запомнілася, і ва ўсіх яе ўдзельнікаў, нягледзячы на вынік, быў святочны настрой, сваім талентам з імі падзяліліся вучні СШ №2 і навучэнцы БДК.

Удзел у алімпіядзе быў паспяховым для трох членаў барысаўскай каманды. Дыпломы І ступені атрымалі адзінаццацікласніца Беларускамоўнай гімназіі №2 Паліна Корнева і дзесяцікласніца гімназіі №1 Любава Юркевіч, а дыплом ІІІ ступені — дзевяцікласніца гімназіі №3 Ульяна Прыстаўка.

Паліна і Любава — вопытныя «алімпійцы», а Ульяна абараняла гонар раёна на «вобласці» ўпершыню, да дыплома І ступені ёй не хапіла ўсяго 4 балаў. Дзяўчыны любяць родную мову, добра ёй валодаюць, а Паліна Корнева нават піша на ёй вершы.

— Я планую пайсці ў медыцыну, — падзялілася планамі адзінаццацікласніца Беларускамоўнай гімназіі №2. — Але беларуская мова заўсёды будзе ў маім сэрцы. Поспех у алімпіядзе для мяне быў нечаканы, хаця я добра рыхтавалася. Карыстаючыся магчымасцю, хачу падзякаваць маёй настаўніцы Жанне Паўлаўне Падколзінай за дапамогу і падтрымку.

Любава Юркевіч удзельнічае ў алімпіядах з пятага класа. Летась ужо была на трэцім этапе, аднак вопыт не пазбавіў хвалявання сёлета. Вырасціла пераможцу настаўніца першай гімназіі Людміла Аляксандраўна Сінькевіч.

Наперадзе ў дзяўчат заключны этап рэспубліканскай алімпіяды. Пажадаем ім поспехаў і веры ў свае сілы.

                     Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry